UR.ANUS
Родныя дзеці
вернуться

Гилевич Нил Семёнович

Шрифт:

Іскрынка

Калі аслабла ўжо цікавасць І да пітва і да яды, І, каб зусім не ўпасці ў млявасць, На двор курнуць пайшлі дзяды, - Тады і даў каманду хтосьці: – Дзяўчаты! Бабы! Песні дзе? Ці нас пазвала свята ў госці - Ці мы сабраліся ў бядзе? – Альжбета Францаўна! Сябрына Не запяе без вас, дальбог! – У гонар маці - песню сына!
–
Напомніў важна Крутарог.
– «Дуброву», Францаўна, «Дуброву»! – І мы паможам - пачынай! Было відно, што спанарову Тут песня ўсім. Пявучы край! Сцяпан зірнуў усхвалявана: Няўжо Альжбета будзе пець Яго «Дуброву»? Нечувана! Як гэткі дар і зразумець?.. – Цішэйце, бабы! Волька! Зіна! Ішлі б кудахтаць за парог!.. – У гонар маці - песня сына!
–
Гукнуў яшчэ раз Крутарог.
Застолле сцішылася, змоўкла, Альжбета знак жанкам дала, І вось - суладна, чыста, звонка У вокны песня паплыла. «Чарней, чарней, сястра-дуброва, Чарнець з табой нам удваіх: Ты па сваім лісці, дуброва, А я - па лецейках сваіх. Тваё лісцё, сястра-дуброва, Зноў забуяе па вясне, А мае лецейкі, дуброва, Ужо не вернуцца ка мне...» Запляскаў першы дзядзька Лёкса: – А хай вам шчасцем бог аддасць! От гэта песня! Нават слёзка На вока выбегла ў адказ! Сцяпан устаў і да спявачак Руку з кілішкам працягнуў: – За талент ваш!.. За сэрца ваша!
–
І так расчулена ўздыхнуў -
Аж заўсміхаліся міжволі І з разуменнем госці ўсе. А ён дадаў: - Здароўя школе, Дзе моладзь з песнямі расце!.. Альжбета, мабыць, не чакала Такой высокай пахвалы. – За вас!..
– разгублена сказала.
–
Мы ні пры чым тут... Гэта - вы...
Было ёй цяжка прынародна Сваю збянтэжанасць схаваць, І, каб пачуцца больш свабодна, Гукнула: «Айда ўсе спяваць!» І пачала. Бясконца - шчыра. Суздром аддаўшыся журбе. О, колькі можа нам жанчына Сказаць у песні - аб сабе!.. «Закладайце, запрагайце Коні вараныя: Я паеду даганяці Леты маладыя. Як дагнала свае леты Ў калінавым мосце: – Вярніцеся, мае леты, Хоць да мяне ў госці! – Не вернемся, не вернемся Мы да цябе ў госці: Было табе шанаваць нас Яшчэ з маладосці!..» *** Як толькі змоўкнуў хор - у сенцах Ураз завыў магнітафон, І моладзь - дзе тут ёй уседзець!
–
З застолля кінулася вон.
Артур Мікітаў за партнёршу Мар'яну вывеў твіставаць. Танцорам ён сябе не з горшых Лічыў - па ўсім было відаць. Віхляў спіной, круціў клубамі, Пучыў жывот, плячыма трос І апантана тоўк нагамі Дашчаны вымыты памост. Задраўшы нос (усіх касую!), Ён горда выгукнуў з сянец: – Айцец! Ты глянь, как я танцую! Па-саўраменнаму, айцец!.. – А ўжо ж!
– зазначыў дзядзька Лёкса,
З Вячоркам стоячы ў дзвярах. – Чым больш свайго сцураўся-зрокся, Тым больш сучасны, вертапрах!
Танцуеш толькі для прыліку - Катлеты выйшаў утрасаць! Шкада: не клікнулі музыку Што-небудзь наскае сыграць, А то б, дальбог, назло балбесам, Не паглядзеў бы на гады - І ўшпарыў польку з «падкіндэсам». Каб аж разявілі раты! Сцяпан, скажы ты мне, старому: А нашы танцы ў свет пайшлі? Ну «Крыжачок» ці, скажам, «Ойру» Дзе-небудзь скачуць на зямлі? Ці нас Еўропа абдурыла, Ці самі мы... А крыўдна нейк, Што скрозь - ад Буга да Курылаў - Усе мы скачам твіст і шэйк!.. Сцяпану ў Лёксавай асобе Быў люб народны педагог. – Спыталі б, дзядзька, тымчасове Пра што лягчэйшае, дальбог! Не чуў, не бачыў, каб у модзе Наш «Крыжачок» быў між людзей. Пайду дыхну на прахалодзе!
–
Міргнуў ён Лёксу весялей.
* * * Сцяпан стаяў каля штыкету, Дзе шыкаваўся куст вяргінь, І думаў... Не, не пра Альжбету І не аб даўнім-дарагім. Ён рады быў, што не чапала Яна той лёсу прыгавор. А думаў ён... І нечакана Мар'яна выбегла на двор. Сцяпан знячэўку аж падаўся Насустрач ёй - на нейкі крок. – Натанцаваліся?
– спытаўся
Бадзёра, гучна назнарок.
– Ён выпіў шмат і скача брыдка, Ды і наогул... пустапляс!
–
Сур'ёзна, проста і адкрыта Мар'яна мовіла ў адказ.
Вячорку ўразіла, як строга Яна гатова зло судзіць. – А я тут... згледзеў кветак многа, Якія спрэс паспеў забыць. Вы не паможаце, Мар'яна, Мне іх імёны прыгадаць? – Не знаю... можа, я таксама Усіх не здолею назваць. Вось гэту помніце? Вяргіня! – Вяргіня? Часам не з княгінь? А як па-бацьку?
– Жарт дзяўчыне
Дапаў - падаўся неблагім.
– Па-бацьку будзе Тамашоўна - Тамаш Якубавіч садзіў!
–
І засмяяліся раптоўна Абое - хораша наўздзіў.
Іх шчыры смех пачула Анця, Альжбету выманіла ў двор, Шапнула: - Францаўна, пагляньце: Па-мойму, пара - на падбор! Ну чым не зяць? А нам - нявестка!.. Альжбета смыкнула губой І абарвала Анцю рэзка: – Ён у бацькі гадзіцца ёй! А на душы ў самой заскрэбла. «Яму на выгляд - трыццаць пяць, І нават менш... Жаніх - што трэба! Дык і папраўдзе: чым не зяць? Сабраны, стройны, маладжавы, Яшчэ зусім без сівізны І ўжо - вядомы, паважаны... Аб чым так гутараць яны? Што разглядаюць за штыкетам? Напэўна, кветкі... Мілы госць, Ты пагарджаеш этыкетам: Вы - не адны: тут людзі ёсць! Дай повад ім - не абярэшся Пасля ад плётак і размоў. Дый я таксама ёсць, нарэшце... І я скажу дачцэ: дамоў! Я ж, можа, маці? Ці, па-твойму, Ужо ніхто я? Здань? Мара?..» І - не сказала... а раптоўна - Сама цішком пайшла з двара. Пайшла, прыдушаная крыўдай, Ад болю сцяўшыся, пайшла. Ніхто не чуў, як немым крыкам Крычала ўся яе душа. Паспакайнела нечакана Ужо ля дому, ля варот. «А ён... ці знае, што Мар'яна - Мая дачка? Мой горкі плод?.. Ды не, напэўна!.. Бо каб ведаў... Як і Мар'яна... Знаць бы ёй!.. Ад усяго ўтаіла свету І ад яе... Дачкі сваёй...» Хвілін праз колькі пісьманосец Гукнуў Мар'яне як грамчэй: – Эгэй, паненка! Маці просіць, Каб ты дамоў ішла хутчэй!.. «Паненка» ўраз пачырванела: Ах, гэты мамін недавер! І што за прыхамаць-манера Гукаць дамоў... якраз цяпер!.. – Прабачце мне... Да пабачэння! – Да пабачэння!
– адказаў
Вячорка не без засмучэння. Глядзеў услед ёй і маўчаў.
Ужо выходзячы за брамку, Мар'яна ў пальцах трапяткіх Прызатрымала трохі клямку І - азірнулася на міг. Ды хоць і быў зусім кароткі Той міг, той скрадзены пагляд, - Іскрынкі ўбачыў ён усё-ткі У двух карычневых вуглях! А можа, так яму здалося, Што сам адчуў, як смутак-жаль Па тым, што колісь не збылося, Іскрыць, каб выклікаць пажар? Што сэрца думкай пранізала: «Няўжо, аблытаўшы калісь, Жыццё навек цябе звязала І ты не ўскрыліш зноў увысь? А гэта шчасце, на якое Ты маеш права, як і ўсе - Неспадзявана маладое, У весняй квецені-красе? А гэты позірк - ясны, чысты, Не замутнёны анічым - Як ранак сонечна-іскрысты У росных россыпах лагчын? Хіба не гэткаю дзівоснай Ты бачыў мару кожны раз? Ці не яе пазнаў ты проста - У рэшце рэшт, у добры час?..» Сцяпан хацеў пабыць сам-насам, Ды выйшаў з хаты дзядзька ў двор: – Прабач: курцы, відаць, калгасам Твой раздымілі «Беламор»? – Яшчэ не ўвесь: узяў з разлікам, Каб і курцам было і мне. – Тады цягні, няхай ён ліхам, Усё ж чужы прыемней тхне! Пусцілі дым.
– Пайду-тка ў пуню
Ды паляжу крыху, плямеш. Як ні храбруся, ні жартую - А сілы ў целе - менш і менш.
Змарыўся, Сцёпачка, змарыўся, Выдаткаваўся да асноў. І толькі з крыўдай не змірыўся, Што гады плодзяцца ізноў. – Вы пра каго?
– Ды пра фашыстаў!
Ізноў гадзючы іх клубок Засыкаў і заварушыўся, Зусім забыўшыся на ўрок.
Каб хто сказаў тады, на Эльбе, Што так павернецца ў жыцці - Дальбог, бабахнуў бы са стрэльбы І - «божа, грэх мой адпусці!» Падумаць толькі: гад не верыць, Што ў свеце міру я хачу! А як у мір уклад мой змераць І чым яшчэ я заплачу? Бацькоў, братоў і жонку з дзецьмі - Усіх паклала ў дол вайна. І нейкі гіцаль лічыць дзесьці, Што гэта міру - не цана? Ах, крывасмокі-людажэрцы! Калі ўжо нас не зразумець - Дык што ж тады заместа сэрца Між чорных рэбраў трэба мець? – А крывасмокі добра знаюць, Што мы вайны не распачнём. Але яны на мэце маюць - Спаліць нас атамным агнём. Паколькі свет сацыялізма - Наш свет!
– маяк для цёмных мас, -
Іх марай стала найвялізнай: Пакончыць з намі, знішчыць нас!
Тут - падаплёка іх паводзін, Іх агрэсіўнасці выток... Сцяпан не скончыў: з ганка Лёдзя Гукнула голасна: - Браток! Перапрашаю, што гаворку Нявінна мушу перарваць: Цябе заве к сабе ў каморку Матуля - хоча штось спытаць.

Купальскія васількі

Як хутка ўсё наўкол заціхла: Дзявочы смех, дзіцячы крык, Агідны вуркат матацыкла, Ля нейчай студні корбы скрып... А быў жа час: купальскай ноччу Не спалі ў вёсцы да зары - Ганялі ведзьму-патарочу, Агні палілі на гары, Спявалі песні і скакалі, Вянкі пускалі на ваду І кветку-папараць шукалі - З жыццём і доляй не ў ладу... Нічога з колішняга свята Не засталося ўжо - няма. «А раз няма - праблема знята. Зняла гісторыя сама!» Цытата гэтая ў Сцяпана Сядзела ў чэрапе, як косць. «Праблема знята для васпана, А для мяне - праблема ёсць! Вось - не палілі вогнішч хлопцы, Вянкоў дзяўчаты не вілі - Дзень цэлы дзюбалі па стопцы І, ачмурэўшы, спаць ляглі...» Вячорка, седзячы на лаўцы, Курыў так прагна, бы ў запас, І ўжо хацеў было падацца На вышкі ў пуню - самы раз!
–
Калі пачуў, што нехта вулкай Ідзе ад школы ў гэты бок: Абцасы тахкаюць нягулка І часта - лёгкі, шпаркі крок. Вячорка ўраз насцеражыўся, Ператварыўся ўвесь у слых, Разгледзеў постаць, падхапіўся І зноў замёр, стаіўшы дых. Яго заўважылі таксама - І замарудзілі хаду. «Няўжо яна? Няўжо Мар'яна? На шчасце мне ці на бяду?» А постаць круць!
– і шыбкім крокам
Назад - у морак-цішыню. – Пастойце!
– выгукнуў Вячорка.
–
Я ўсё адно вас даганю!..
Нібы дзяцюк, рвануўся з месца Ступой сажнёвай наўздагон. Яна - стаяла. Дзе ж ёй дзецца, Калі пазваў не хтось, а ён! – Вы што пусціліся наўцёкі, Як бы я звер, што з'есць ураз? І ён пачуў уздых глыбокі: – Я не чакала ўбачыць вас... Я толькі думала: прайдуся, Бо спаць не хочацца зусім... Балючай марай светла-русай Яна стаяла перад ім. Той сон пакутлівы, што сніўся І вабіў цягам доўгіх год - Яму здалося: раптам збыўся, Зрабіўся явай для яго. – А што - вас мама адпускае Адну так позна са двара? – Не, я сама... Яна не знае, Яна б дазволу не дала... – Дык вось якая вы, Мар'яна!
–
Ён адабрэння не ўтаіў.
–
Што ж, раз абоім спаць нам рана, Дык мо і пройдземся ўдваіх?
Як, згода?
– Згода.
– Малайчына!
Які ж маршрут мы абяром? Яна паціснула плячыма: – Не знаю... Хораша кругом!..
– За вёску, можа, у жытное, Дзе ціша долы спавіла? – Ага, за вёску. Так даўно я У полі ноччу не была!.. Вячорка глянуў на кафтанік: – А не прастудзіцеся - так? – Ды што вы! Я - з загартаваных. Мне гэткі холад ані ў знак! – Будзь блаславёна тая сіла, Што вас прымусіла ўцячы! Айда шукацьма, дзе згубіла Зара вячэрняя ключы! А раптам знойдзем? Вы не супраць, Каб мы знайшлі іх дзесьці тут - На вашу мілую прысутнасць Я запісаў бы гэты цуд! – Ключы у возеры ўтанулі, Іх месяц знойдзе давідна... А што б вы імі адамкнулі?
–
Цяпер спыталася яна.
– Я адамкнуў бы імі дзверцы Той студні ў вотчынным двары, Адкуль сабе натхненне ў сэрца Бяруць музыкі й песняры. Я ўжо даўно адтуль не чэрпаў, Не даставаў жывой вады... – А без ключоў зары вячэрняй Вы не дасягнеце туды? – Не, нават нечага і марыць. Ключы патрэбны мне, ключы!.. Яна задумалася, мабыць, - Маўчала, побач ідучы. Маўчала ноч. Маўчала неба. Свяціўся месяца цаўкруг. Калматай коўдрай бела-срэбнай Засланы быў прырэчны луг. З лагчыны ўезджаным прасёлкам Да ўзгорка крочылі яны, І вось у твар дыхнула цёплым, Адвечным духам збажыны. І перапёлка ў прывітанне Ім пракрычала: «Жаць пара!» Жаданай тайны прадчуванне Было ім за павадыра. – Скажыце мне, а што павінна Лічыцца шчасцем у жыцці? – Па мне - з найлепшаю жанчынай Вось гэтак поручкі ісці. І знаць: яна цябе кахае, Як ты яе - усёй душой, І што за лёс вас ні чакае - Табе не зробіцца чужой... – І ўсё?
– спынілася Мар'яна.
– І ўсё!..
– А творчасць? А тварыць?
– Тварыць - штодзённа, апантана - Для чалавека значыць - жыць...
– А ці не шчасце - поспех, слава, Прызнанне публікі?
– О, не!
Усё, што слава - нецікава. Ва ўсякім разе - для мяне.
– Але яна ў вас ёсць, аднак жа, І без яе ўжо вы - не вы. – За гэта час, відаць, адкажа - Маёй нямнога тут віны... Мар'яна, гладзячы рукою Па шорсткай грыве каласоў, Крутнула русай галавою: – Не, вы віноўнік перш за ўсё. Адной той песні, што ў застоллі Сягоння спелі дзеля вас, - Адной яе было б даволі, Каб не ўскладаць віну на час... Прабачце мне, што я, магчыма, Бяру занадта смелы тон: Я вам удзячна, шчыра-шчыра, За светлы талент ваш і плён! Я вашу музыку звычайна Па першых гуках пазнаю, Што нейкай сілай ачышчальнай Душу ў палон бяруць маю. Пачую раптам, выпадкова - І ўся, да клетачкі адной, Замру ад нечага такога, Што лучыць з вечнасцю самой. І родны кут адразу ўбачу - У светлых днях жыцця свайго. Знямею, слухаю і плачу - Сама не ведаю чаго. Ад шчасця, можа? Ці ад болю? Ад крыўды той за нас саміх, Што краю роднаму з любоўю Не аддаём свой кожны міг?.. Мар'яна ўся ажно трымцела, Уся пылала перад ім. Не гаварыла - песню пела, Найсветлы ў свеце пела гімн!.. Сцяпан глядзеў зачаравана У малады прыгожы твар.
–
Дык вось якая вы, Мар'яна! Які вам выпаў божы дар!
А я не знаў, што вы такая. Што вы наогул... недзе ёсць... Што ў роднай вёсцы напаткае Мяне нанова... маладосць! Я скалясіў не раз, не двойчы Удоўж і ўпоперак наш край: Як часта радасць біла ў вочы - Глядзі, любуйся, выбірай! І я глядзеў, і любаваўся Жыцця найпекнаю красой, А выбіраць - не парываўся: Зайздросны лёс, але - не мой!.. Сцяпан адчуў: сусвету веліч І міг - зліваюцца ў адно. Ён быў зусім гатоў паверыць, Што вось і шчасце, вось яно! – Дазвольце, я вас пацалую, - Сказаў даверліва, як мог... Жагнай, жагнай напрапалую, Калі ты ёсць, купальскі бог! Цямніся, ноч! Світай, світанне! Ярыся, сонца! Днейся, дзень! Любві і згоды панаванне Яднае з веку свет людзей. А розум ставіць спасцярожна Непераступнае «ледзь-ледзь»... – Сцяпан Якубавіч... ці можна Адну вам песню вашу спець? Я - на паўголаса, нягучна... – Ды калі ласка! Буду рад! – Даўно са мною неадлучна Яе высокі, чысты лад... Мар'яна стала строга, сціпла Перад маўклівай збажыной - Як перад залай чуйна сціхлай У ззянні зорнасці начной. «Прыйдзі - як снег на квецень маю, Прыйдзі - як бура на зямлю, - Не страшна мне, бо я - кахаю, Не скрушна мне, бо я - люблю. Я ўсё сцярплю, я ўсё стрываю І ўсё навек благаслаўлю - Адно адчуй, як я кахаю, Адно спазнай, як я люблю. Ці зладжу я з сабой - не знаю, І аб адным цябе малю: Не папракай, што я кахаю, Не праклінай, што я люблю...» Чым шчаслівей Мар'яна пела (Так - раз пяецца на вяку!) - Тым больш расла ў яго, мацнела Трывога: што гэта? адкуль? Яшчэ ў студэнцкім інтэрнаце Ён напісаў яе... Пазней - У іншым, новым варыянце - Пусціў на волю, да людзей. Яе не часта людзі пелі. Не дзіва: песень - мірыяд! Цяпер ён слухаў ва ўтрапенні Забыты першы варыянт! Адна душа на ўсю планету Калісьці ведала яго!.. Спытаў ледзь чутна: – Песню гэту... Перанялі вы... ад каго? – Ад мамы!.. – Значыць, вы, Мар'яна - Альжбеты Францаўны... дачка?!. Усё было так нечакана - Як з неба гром без аблачка. – Дачка!.. На міг сцяло, здавіла Яму ў грудзях - не прадыхнуць. – А што вас гэта... так здзівіла? – Вы... не падобныя нічуць!.. Ён знаў, ён помніў, што Альжбета Ад мужыка пайшла з малой. Але што кветка-цуд вось гэта - Яе крывінка?.. Божа мой! Хвіліну цэлую балесна, Вачэй не зводзячы, глядзеў. – Дык вось якая наша песня!
–
Сказаў працягла, нараспеў.
Мар'яна зразу ж улавіла, Што нешта сталася, але ж - Ёй так хацелася шчасліва Абняць увесь прастор-бязмеж! І так паверылася моцна: Жыццё для шчасця існуе, - Што усумніцца хоць на момант - Было б забойчым для яе!.. – Світае ўжо... Раса ірдзіцца... Я пабягу... А вы - пасля. Са мною разам не ідзіце - Убачыць можа хто здаля... Сцяпан цяпер адно заўважыў, Што ноч радзее пакрысе. – Я... буду помніць словы вашы! І слухаць песні вашы ўсе!.. Ужо адбегшыся далёка, Яна спынілася, затым Звярнула ўбок і ўмомант вока У жыце канула густым. «Там нацянькі, відаць, сцяжына», - Падумаў ён - і неўпапад: Мар'яна вынырнула з жыта І стрымгалоў бяжыць назад. Падбегла - быццам бы з купання: І нос, і лоб, і валасы, І дужкі броў - усё дазвання У срэбных кропельках расы! Расой намоклі чаравічкі, Спаднічка зрошана з бакоў. А каля сэрца - невялічкі Букет купальскіх васількоў! Няйначай цуд прыроды нейкі, Сатканы з росаў, перад ім. – Вось, - падала Сцяпану кветкі, - Аб роднай ніве на ўспамін... – Ты змокла ўся, - сказаў ласкава. Яна ўсміхнулася: - Дармо! І засаромлена спытала: – Вы мне напішаце пісьмо? Хоць два радкі, як болей нельга... – Хоць два радкі, - кіўнуў Сцяпан. – Да пабачэння!
– і пабегла
У шызы досвітны туман...
* * * Альжбета Францаўна паспала Зусім не шмат - гадзіны дзве. Пасля гасцей - чамусь абвяла, І боль азваўся ў галаве. Спачатку думала з Мар'янай Пагаварыць і ўсё сказаць - Чаму ёй стала так пагана Ад жарту Лёдзі: «Чым не зяць?» Адкрыцца ўвогуле начыста: Чым столькі год яна жыла - Якой пакутаю цямрыстай, Якой іскрынкаю святла! Але адчула, што не зможа - Душа зайшлася палыном. Аддасць хай трохі... Легла ў ложак І знемаглася цяжкім сном. Што ёй прыснілася - не помніць, Але прачнулася яна, Адчуўшы страх, якраз у поўнач, Пры пасках месяца з акна. «Мар'яна!» - рэзкі боль нясцерпны Апёк раптоўна, як агнём. Яна ўсхапілася з пасцелі І - за пярэгарадзь кулём. Убегла, шырму адхінула - І дых Альжбеце заняло, Здавіла так - аж пахіснула: Мар'яны ў ложку не было!.. – Мар'яна!
– клікнула.
– Мар'яна!
–
І зразумела, што дарма: Пасцель была не рассцілана. Дачкі няма! Яе няма!..
Душу здагадка апаліла: «Мар'яна з ім! Канешне - з ім!» І, страшна ўсхліпнуўшы, завыла Альжбета ў цераме сваім. Яна не плакала - канала, Слязьмі давілася ўзахліп І рукі роспачна ламала Перад бяздушным ззяннем шыб. Няўцямна выйшла на падворак, Да весніц моўчкі падышла. «Маё ж дзіця мне будзе вораг - Вось да чаго я дажыла...» Світала. Шызы морак плыўкі Сплываў у закуткі на дзень. У скроні білі дум абрыўкі: «Усё... Ніякіх больш надзей... Нічога больш... Надзей, уласна, І не было... А што ж было? А што ж раптоўна так пагасла, Суздром рассыпаўшыся ў тло? Магчыма, памяць, што трымала Душу на нітачцы жывой? Цяпер і памяць не стрывала - Ён нават там ужо не твой...» Ды вось пачуўся быццам шорах. У сэрцы тахнула: «Яна!» Ну, так: сцяжынкай на падворак Яе дачка ішла з гумна. Але ішла Мар'яна дзіўна - Як бы гуляючы з сабой: То рукі белыя карцінна Счапляла ўшчэп над галавой, То нагіналася, зрывала Травінку, можа, ці лісток, Да губ прыклаўшы, цалавала І адкідала тут жа ўбок... Альжбету згледзеўшы ля ганку, Яна апомнілася ўміг: «Ой, будзе мне за прагулянку! Ой, мама, што ў вачах тваіх!..» Акамянелы, пастарэлы, Якісь нядобры і чужы Быў матчын твар, нязвыкла белы У дня і ночы на мяжы. – Ты з кім бадзялася, бадзяга? – Не трэба, мамачка, пасля... Альжбеце раптам стала блага: Спаднічка зрошаная ўся. – Ты на яго забудзь адразу ж!
–
Сказала тонам ледзяным.
–
І калі ўздумаеш пра замуж - То знай: з любым - але не з ім!..
Мар'яна войкнула, замёрла, Губу падціснула губой І моўчкі, горда, непакорна Глядзела ўдаль перад сабой. Але не бачыла нічога Праз слёз гарачую імглу, Апроч усмешкі засмучонай Ягоных воч, ягоных губ... А потым кінулася ў хату, Упала ніцма на пасцель І доўга трэслася ад плачу - Ад чорных дум між белых сцен. * * * Ці быў хоць дзень адзін, Вячорка, А ці была хоць ноч адна, Каб у самотнасці агорклай Цябе не ўспомніла яна? Каб не падумала парою: Хоць дзесь на тысячнай вярсце, Хоць за апошняю гарою - А лёс усё-такі звядзе!.. І звёў... «Прыслухаўся», нарэшце, Да крыку змучанай душы - І звёў... Узрадуйся, уцешся І «дзякуй» шчырае скажы. Лёс абышоўся больш чым злосна. Ударыў так, што не стрываць. Свая ж дачка... Пакуль не позна - Іх стрэчы трэба абарваць!.. Яе вяло на двор знаёмы Зусім не злосці пачуццё - Сляпая роспач, страх няўёмны: Куды ж крутнулася жыццё? Як лёс прыдумаць мог такое, Што, нібы торбу ў жабрака, Усё ў яе найдарагое Адыме родная дачка? Што раптам згасне гэткім чынам Апошні променьчык надзей... І дзе пакут яе прычына - Не волен знаць ніхто з людзей. Крый бог, каб ён або Мар'яна Штось западозрылі... Каб ён... Ён, для якога заарана Сцяжынка ў край юнацкіх дзён. Ён, для каго Кудзёлка Аля - Як фільм, што колісь перажыў. Забыта так, што ў ноч купалля Яе дачку прываражыў! У гэткім роспачным настроі Яна ішла прасіць яго, Каб ён пакінуў у спакоі Мар'яну - толькі і ўсяго. Каб ён знайшоў прыдатны спосаб І даў дзяўчыне зразумець: Пасля купальскай ночы ў росах Патрэбна ёй працверазець... Альжбета Францаўна застала Вячорку ў хаце. Штось чытаў І быў уражаны нямала Яе прыходам: не чакаў. Ці мо адразу першы позірк Усё сказаў яму? Бадай... – Ну, што спынілася ў парозе? Праходзь далей, прашу: сядай! Падаў ёй крэсла. Госця села І, склаўшы рукі ў падале, Глядзела моўчкі, анямела На кветкі ў шклянцы, на стале. На васількі, што колісь звыкла Душу ўздымалі над зямлёй, Што як прысуд, як лёсу выклік Цяпер стаялі перад ёй... – Сцяпан Якубавіч, хачу я Табе бяду сваю адкрыць. Няхай душа твая пачуе, Як мне нялёгка гаварыць. Яна - зялепуха, дурная, Хоць у яе ўжо і дыплом. Людскога зла яна не знае, Узросшы ў маці пад крылом... – Ты пра каго?
– Я пра Мар'яну.
Яна з табой была ўначы. Ты даў ёй выпіць дурнап'яну, І ты мне мусіш памагчы...
– Ах, вось пра што ты!
– усміхнуўся
Вачыма сумнымі Сцяпан. Устаў. Цыгаркай зацягнуўся. – Ты лічыш: гэта - дурнап'ян?
– Так, гэта проста ачмурэнне, Яна ж уся - як не свая. Прабач, ты робіш вельмі дрэнна: Усё ж старэйшы ты ўдвая. Ты шчасця мець замала будзеш - Як не апомнішся, павер! Адно жыццё ёй збаламуціш Ды, дзякуй, мне ўкароціш век... Не знаў Сцяпан, якая драма Якім агнём у ёй смыліць, Што ў ёй дасюль той май, як рана, І крываточыць, і баліць. Што ўчора, першая ж хвіліна, Калі спаткаліся яны, Яшчэ выразней праявіла Далёкі вобраз той вясны... Не знаў ён гэтага, ды бачыў: Усё ў ёй стала на дыбы! Сказаў: - Дарэмна вінаваціш: Не прынясу я вам бяды. Сказаў спакойна, у астудзе, Удзячны лёсу, што сцярог. І паўтарыў: - Бяды не будзе. А шчасце... Шчасця - дай вам бог!.. – Бяда ўжо ёсць!
– Альжбета рэзка
Згарнула пальцы ў кулачкі І апантана ўстала з крэсла: – Сцяпан, не руш маёй дачкі!
Знайдзі да нас у сэрцы літасць - Як брата роднага, прашу! Малю найшчыраю малітвай: Не даканай маю душу! Даруй! Ты быў мой бог, мой віцязь - Дык не пазбаў мяне жыцця: Не дай, не дай мне ўзненавідзець Маё адзінае дзіця! Калі ж, не ўстыджаны ўчарашнім, Яе ты ўцягнеш у капкан - Праклёнам маці самым страшным Я пракляну цябе, Сцяпан!.. Узрушна выпаліўшы гэта, Запалымнела, як агонь, І - за парог.
– Чакай, Альжбета!
–
Гукнуў Вячорка наўздагон.
Але яна, хоць і пачула, Не запынілася ў дзвярах, Паўз вокны ценем мільганула І ў вулку выбегла з двара. Сцяпан стаяў, маўчаў паніклы, Зацяўшы нерваў вузлякі. А на стале - як лёсу выклік - Сінелі кветкі-васількі.

Адступленне шостае - педагагічнае

Хлеб... Чорны, белы, шэры, сітны. З чарэні хлеб і фармавы. Хлеб - мой і твой, яго і ўсіхны. Ні для каго - не дармавы. Хлеб... Аржаны, аўсяны, ячны, З дамешкам бульбы і з гірсой. Хлеб... Толькі смачны, вечна смачны - Калі зароблены і свой. Хлеб кмінны, з рошчынай-закваскай, І - прэсны, пышны, на дражджах. Самой зямлі цяплом і ласкай П'яніць ягоны водар-пах. Хлеб - у дзяжы і на лапаце, На подзе ў печы, на стале. І на далонях шчаснай маці, Што дзецям лусты раздае. Хлеб... Не за свой загар румяны, А за святло, што ў душы нёс, У песнях з сонцам ён зраўняны, Як цар зямлі - з царом нябёс. О, як ён клаўся, свежы бохан, На бел абрус ці на рушнік! І пры размове нават з богам Так не свяціўся працаўнік. Хлеб... Хай пляткараць у пляткарні, А я скажу: ніякі дух, Як той, што ўночы тхне з пякарні, Ва мне не родзіць столькі дум. І так не будзіць успаміны Пра перажытае калісь, Што і да самай дамавіны На дне душы не адбаліць. Хлеб... Пайка ўвелічкі з васьмушку - На восем душ, на цэлы дзень, - І ні прыварку, ні прытруску Ані на грам - ні скуль-нідзе! Хлеб... Як збавенне ў хату несла Вясна ажымкі-праснакі - З гнілое бульбы перамерзлай І травяной трухі-мукі... Хлеб... Чуў салдат бяссмерця прысмак, Калі з кішэні шыняля Вымаў усохлы недагрызак Скарынкі - чорнай, як зямля... Вось гэткі быў ён - наш салодкі Надзённы хлеб у грозны час. І з ім мы выстаялі ўсё-ткі - Каб нашай волі сцяг не згас! За Перамогу ваявала І тая скібка, што ў сірот Ад рота маці адрывала, Каб не аслаб без хлеба фронт. Было - такое - на планеце! І не віна тут мацярок, Што сёння іх нашчадкаў дзеці Не ўсюды помняць гэты ўрок. Што нехта гібла-раўнадушны, Хто зерня з роду не ласкаў, Ад сытай роскашы аглухшы, Не чуе хлеба горкіх скарг: Таго, что ў полі ад знямогі На дол цярушыцца, на дол - Дажджу асенняму пад ногі, А не на бел абрус, на стол; Таго, што ўжо і на абрусе Пакрасаваўся, а цяпер - Ляжыць на сметніку, у брудзе, І мохам-плесняю цвіце... О, хлеб наш, хлеб! Хоць і няўдзячны, Нярупны множыцца ядок - Заўжды жаданы, вечна смачны На свеце будзе твой кусок. І аж дакуль Зямлі зялёнай Трымцець на лёсу цеціве - Найпершым клопатам надзённым Тут будзе клопат пра цябе. * * * Даруй, чытач, што азадачыў: Ты па радках маіх прабег, А педагогікі - не ўбачыў: Усё - пра хлеб, адно пра хлеб... Ну, так, пра хлеб... Але дакорам Ты не спяшы мяне пырнуць, А паспрабуй углыб, у корань Навукі школьнай зазірнуць. Ці не даволі верыць слепа Той педагогіцы, браток, Што пачынаецца не з хлеба, Не з мазаля бярэ выток? Мо годзе фікцый і абстракцый? Без працы - школе грош цана! Каб чалавек душы не страціў - Ёсць педагогіка адна: Вучыць любові і пашане Да хлеба труднага ў жыцці. А мы? Што славім? Што ўзвышаем? Пра што пяём, бы ў забыцці? Каму спрыяем і наровім? Каго гадуем? Спажыўцоў? А як жа хлеба ім наробім Мы - без аратых і жняцоў? Ты за экранам сочыш зрэдку? Прызнайся: згледзеў там хоць раз, Як дзеці ў полі рвуць свірэпку Ці гоняць статак на папас? Не згледзеў, брат! Затое з рання І аж да вечара - штодзень Ты можаш бачыць на экране Маленькіх скачучых людзей. Пяюць і скачуць - усе чыста! Такое ўражанне парой - Што нам мільёнаў сем артыстаў Паставіць сёння ж трэба ў строй! Я разумею, разумею - Уздым культуры, рост патрэб... Але... з іх кожны мае жменю - І жменя цягнецца па хлеб! Без хлеба скачацца не надта! А хлеб буханкай не расце: О, колькі трэба, каб з зярнятка Падняўся колас у расе! Так патрабуе ўжо ў калысцы Дагляду мудрага дзіця, Каб у жыццё аратым выйсці, А не нахлебнікам жыцця!

Вечар у полі

Да працы прагны, дуж і спрыцен, Сягоння зноў апошні круг Тамаш зрабіў амаль упрыцем, Калі ўжо дзень даўно патух. Матор прывычна заглушыўшы, Саскочыў долу, на пракос, - Глядзіць: Сцяпан шыбуе шыбка Па канюшынішчы наўскос. – Сілком забраць цябе хачу я, - Сказаў з усмешкай уваччу. – Не бойся: тут не заначую - Вячэры я, брат, не ўпушчу. Дамоў ішлі - спачатку «сценкай» Між двух палеткаў, а затым - Цераз бярэзнік, вогкай сцежкай, Праз роў з альшэўнікам густым. – Вось тут, ты помніш, з-пад узроўя Крынічкі білі - побач дзве. Вада была - залог здароўя! Глынеш - святлее ў галаве! Няма ўжо іх... Ва ўсім наўколлі - Нідзе няма ўжо ні адной. Кароў і тых пастух у полі З карыта поіць - прывазной! Ну, растлумач мне, калі ласка, Ты ўсё ж вучоны, чорт вазьмі: Як выйшла гэткая няўвязка Паміж прыродай і людзьмі? Бяром выдатныя ўраджаі, Жывём - дай божа! Грэх маніць. А тых крынічак - не хапае, І іх нічым не замяніць. Бывае, млееш у кабіне Ад духаты, гарачыні - І забулькоча ва ўспаміне Струмень крыштальнай чысціні. З якою радасцю прыпаў бы Да ручайка - зрабіць глыток! Як смачна твар апаласкаў бы! Як адышла б душа, браток! Ды іх няма!.. Без іх жа дару Не тыя ўжо лажкі, раўкі, І ўвесь куток, дзе гаспадару, Якісь для сэрца не такі! А ці ж я тут ару і сею Без сэрца? Робат я хіба? Усё, здаецца, разумею, А вось... грызе парой журба. – Прывыкнеш, брат... Пытанне часу. Сяло не будзе без вады. Не ўсё ільга зрабіць адразу - На штось спатрэбяцца гады. Ты сам, паколькі ты не робат, Праб'еш тут колькі свідравін, Калонак з помпамі наробіш - І свой заглушыш успамін. – Наўрад ці я калі прывыкну! От дзеці, - дзеці - іншы сказ. Іх не паілі мы крынічнай Жывой вадой - як колісь нас. Ім прывыкаць і непатрэбна Да перайначанай зямлі: Усё, што добра тут ці дрэнна, Яны з калыскі прынялі. Яны не ведаюць, напрыклад, Што значыць летняю парой - У самы сквар, у самы прыпар - Крынічка ў полі пад гарой. Але аднойчы ўбачаць дзесьці - Уцямяць, што гэта за цуд, - І ў горкай крыўдзе нашы дзеці Нам страшны вынесуць прысуд. «Чаму, за што вы нас, спытаюць, Такіх пазбавілі даброт?..» Бацькі дзяцей не абкрадаюць - Спакон было так, з роду ў род! А свідравіны... свідравіны - Мы робім іх ужо даўно. Прыедуць хлопцы-здаравілы - І ў пекле, брат, дастануць дно!.. Сцяпан любіў гаворку брата - За вастрыню, дасціпнасць, соль; Хоць груба скажа - але трапна, Хоць рэзкі выраз - але свой. Пасля хадульных, посных, плоскіх Клішэ, што ў коле чуў сваім, - Ён слухаў мову роднай вёскі, Як райскі спеў, як боскі гімн. І сам вяртаўся непрыкметна Душой ва ўлонне хараства, Што тут жыве спакон, спрадвечна, Як лес, як дрэвы, як трава... – У нас тут лектар быў тым летам - Паважны муж, не са шпаны, І ўвесь такі інтэлігентны - Ажно трашчаць на ім штаны. Я і яму сказаў: «Шаноўны, Мы губім шмат зямных дароў!» Згадзіўся. Кажа: «Безумоўна, Вада ў зямлі - што ў жылах кроў. Мы даражыць ёй мусім вельмі. Ды ёсць, няможна забываць, Звышактуальныя праблемы: Пра моц дзяржавы трэба дбаць! Калі мы мір не забяспечым, Не зможам гібель запыніць - Дык будзе некаму і ў нечым Ні папракаць нас, ні вініць...» Я доўга думаў - я ж маруда!
–
Над тым, што лектар адказаў, І - ад цябе таіць не буду - Канцы з канцамі не звязаў.
Такой трывожнаю часінай, Назло шалёнаму звяр'ю - Для справы міру трэба ўсім нам Яшчэ мацней любіць зямлю! Любіць зямлю! І не наогул, А - гэту! Нашу! Дзе жывём! Во з гэтым полем, з гэтым логам, З касьбою гэтай і жнівом!.. Сцяпан зірнуў с цяплом на брата І за плячо абняў рукой. – А што ты ўспыхнуў гэтак раптам? Я ж не спрачаюся з табой! – Дык паспрачайся! Я - саўгасны Рабочы, я - не дыпламат, І мне патрэбен цалкам ясны На справу гэтую пагляд. Таму і ўспыхваю, што бачу: Сяму-таму між нас з рукі - На звышпраблему, звышзадачу Валіць уласныя грахі. Сваё нядбальства ды паскудства Напругай часу апраўдаць - Усё адно, маўляў, для людства Дарогі ў заўтра не відаць. Калі ўвесь свет, уся планета, Маўляў, вісіць на валаску, - Якая можа вабіць мэта - Няўцямна толькі прастаку. І вось, ад будучыні вольны, Сабе гаворыць спажывец: Усё вазьмі, што ўзяць ты здольны - Бо заўтра можа быць канец! А я лічу: у небяспечны І трудны час - наадварот: Стакроць мацней павінен сведчыць Свой гарт і вытрымку народ. То слабы духам недавярак Адно і думае штодня - Каб як паболей зжэрці скварак Ды болей выжлукціць віна. Хто гэтак чуецца сягоння, Той - панікёр і дэзерцір, - Хто толькі ў горла цягне-горне, Пакуль пад ім не рухнуў мір. А мы... Хіба мы з племя кволых? Нам - страціць веру ў лёс зямлі? Тады - чаму ж мы ў гэтых долах Крынічкі-рэчачкі звялі?.. Тамаш замоўк... «Але й зацяты!» - Падумаў з гонарам Сцяпан. – Глыбока плужыш ты, чарцяка! Хоць пасылай цябе ў ААН! А што? Свайго ты роду-племя Не пасаромеў бы, браток. Душой і сэрцам у праблеме. Глядзіш і ўдалеч і ў выток!.. Сцяпан быў рад такому шанцу Пабыць сам-насам з Тамашом, І не хацеў зусім спяшацца, І шкадаваў, што блізка дом. – Жартуй... А я сачу і знаю, Куды пасоўваецца свет: Я ўсю палітыку чытаю, - У нашай хаце - пяць газет! Ну, праўда, дзве - не для дарослых, А для маіх «тамашанят». І па вясковых тэмах розных, Што тычыць нас, чытаю шмат. Нядаўна хтось пісаў талковы, Што сотні тысяч тон у год Жывога хлеба са сталовых Ідзе ў адход - ляціць за плот. Не кілаграм, не пуд, не цэнтнер, Не тона нават і не дзве, А сотні тысяч тон! На вецер! Таго дабра, чым свет жыве! Як прачытаў - такая крыўда Мне сцяла сэрца між рабёр, Што асушыў адзін паўлітра І плакаў моўчкі, як бабёр! Рашыў: да д'ябла сівер зольны! Да д'ябла трактар і плугі, Калі мой труд, мой плён мазольны Такі людзям не дарагі! На сметнік - хлеб! Духмяны! Смачны! І гэта ў нас, дзе сам народ - І гаспадар, і распарадчык Усіх багаццяў і даброт! А дзе прычына? Ты - не знаеш? Ну, а хто-небудзь знае ўсё ж? А можа, ў тым, што ты купляеш Бясцэнны скарб за дробны грош? Закону вартасці, здаецца, Нікому нельга парушаць. Ну, а другое - дармаедства: І з ім штось трэба вырашаць! Тут, дзе ад веку не хадзілі Дзяды без чорных мазалёў, - Мы тымчасове напладзілі Нямала трутняў-гультаёў. Ад дармаедства ўся распуста: Нішто душу не губіць так, Як незаробленая луста, Якою сыціцца лайдак. Яшчэ на бацькавым, паршывец, А ўжо такі кіндзюк нясе І так нахабна ўжо фальшывіць - Што бог сам рукі атрасе! Мужыцкі сын - ці ж не пагана!
–
Не хоча працы чорнай знаць: Пачаў, ці бач, хварэць на пана! Узяўся панства спаганяць!
Бяжыць туды, дзе ўтульна, чыста, - Хоць за падсобка, за слугу... А я, брат, поля адракчыся Ужо да смерці не змагу. Навек прырос да ніў зялёных, Да шэпту жытніх каласоў, Да чысціні блакітнай лёну, Да суму светлага аўсоў. Без іх мяне зламала б скруха Так, што не даўся б і лячыць... Пастой хвіліначку, паслухай, Як жыта хораша маўчыць!.. Браты спыніліся. Над полем Плыла, гусцела цішыня. Духмяным дышучы настоем, Пацела нанач збажына. Яна маўчала, ды не спала, - У працы ўся была наўсцяж: Астаткі клёку дабірала... – Ну, зразумеў?
– спытаў Тамаш.
– А ўранку, раненька, як толькі Заззяюць росы ў далавах Ды промняў рынуцца патокі, - Які тут льецца водар-пах! А я, нібы па абавязку, Спынюся, далеч азірну І - разы два ці тры ўзацяжку На грудзі поўныя ўдыхну. І пах, і сонца, і прастору - Усё ўдыхну, вазьму ў сябе... Куды ж я з гэткага прастолу Сыду - у сонечным сяйве?.. Тамаш гарэзна, па-хлапечы, Хітнуў кудлатай галавой. – І не сыходзь! Адзіны вечны Прастол на свеце - гэты, твой! І ты - адзіны тут сапраўдны І валадар, і гаспадар. Палац твой - слаўны, трон твой - спраўны, Карона - свеціцца, як жар!.. Над жытам жаўранак успырхнуў, Штось шчабятнуў, бы ў сне, і знік. Сцяпан згадаў павер'е-прымху: «Нядобра - ноччу птушкі крык...» – Тамаш, - апомніўся ён нібы, - Па-мойму, тут, дзе мы стаім - Была дарога на Сялібы? Якраз ля гэтых во хваін?.. – Была... І добрая дарржка! – А ездзяць як туды? Наўкруг? – Ніяк не ездзяць. А навошта? Ад тых Сяліб сышоў і дух. Сяліб даўно нямо ўжо, браце. Хто маладзейшы быў, - сюды, У цэнтр саўгаса, перабраўся, А хто стары быў, - на клады. За ўсіх даўжэй сядзела пара Бабуль - да смерці не сышлі. Я знаў іх: Стэпка і Барбара, Абедзве п'янічкі былі. Адна ў адной віно цадзілі І пелі песню за сталом: «У крапіве нас нарадзілі, У крапіве мы і памром!» Нібыта самі песню склалі, Бо іх падворкі сапраўды Так крапівой пазарасталі, Што не прайсці было туды... – Тамаш, на ўсё глядзець нязвыкла, Што легла ў прах, што зарасло. Але, калі дарога знікла - Страшней, здаецца мне, за ўсё... Давай прысядзем, брат, на крушні. Бог з ёй, з вячэрай, - не ўцячэ. Паглянь: як тая печ у сушні - Каменні цёплыя яшчэ... Дарога... Колькі я з дзяцінства Папахадзіў калісь па ёй!.. Яна - жыцця майго часцінка, Душы зародачак маёй. Я помню ўсю яе на памяць - Дзе грунт быў цупкі, дзе пясок, І кожны куст, і кожны камень, І той бярвенчаты масток... Дарога ў гульні і забавы, Што бегла з кошыкам маім, Уся прапахлая грыбамі, Духмяным водарам малін... Дарога ў колкіх ранніх росах - Іх топча босы пастушок, І вяжа венікі з бярозак, І грае весела ў ражок... Дарога песень вечаровых - Між дзвюх купальскіх зараніц, І самых першых, хлапчуковых, Маіх да скону, таямніц... Усё адрэзана навечна - Так, каб і следу не знайсці, Каб зразумеў, што недарэчна За летуценнямі ісці. Каб не падумаў азірнуцца Ды не ўнушыў сабе назло, Што можна ў май жыцця вярнуцца, Як у знаёмае сяло... – Вось гэта правільна, я згодзен: Не варта марыць зноў пра май. А калі так - журыцца годзе, І ты па даўнім не ўздыхай. Табе, па-мойму, аж занадта Хапае сённяшніх турбот - І праз адкрыты свой характар, І ад людскіх непамыслот. Чыталі з Анцяй мы, канешне (А маме я не паказаў), Што пра твае рамансы й песні Шпачынскі гэны накілзаў. Мы за цябе перажывалі. Пісанне тое так і сяк Па сказу ўсё перажавалі: Басяк ён, братачка, басяк! – Не ён галоўны ў подлым спісе: Яго рукой вадзіў другі. А сам Шпачынскі... каб не спіўся, І крытык быў бы не благі. Ён пачынаў даволі храбра, На жаль - далёка не пайшоў, І на сягоння - лепшы сябра Усіх сталічных алкашоў. Прыходзіў потым - ледзь не плакаў, Прасіў прабачыць... Выгнаў вон: Мне завугольных патулякаў Прымаць з павіннай не рэзон. Хто дыктаваў яму - не прыйдзе Перапрасіць за тую муць. О, гэта страшны, хітры злыдзень! Іосіф Бэнсь яго завуць. Мы з ім вучыліся калісьці, Быў аднакурснікам маім. У творцы сам не здолеў выйсці - Рашыў мазгі ўпраўляць другім. Стаў тэарэтыкам мастацтва І ў кнігах хітра, неўпрыкмет Нам раіць з вотчынай расстацца, Каб пакарыць вялікі свет. Маўляў, касмічная арбіта Не прыме нашы «караблі», Бо надта ярка ў іх адбіта Аблічча роднае зямлі. Куды ён хіліць - зразумела. Ён сам ляцеў бы ўжо даўно Па той арбіце безыменнай, - Вось толькі крылаў не дано! А твор павінен мець адзнаку Сваёй зямлі, - інакш ён, брат, Такі ж без водару, без смаку, Як з гідрапонікі тамат. Мы не бязродныя на свеце І не бяздомныя ў жыцці. Чым дагарэць у пустацвеце - Лепш не ўзысці і не цвісці! Вось так аднойчы я і ўрэзаў, Калі на пленуме ён чоўп, Што мы, не цэнячы прагрэсу, Праз гэта трацім слухачоў. На павадку ісці мне раіць У снобаў. К чорту гэты зброд! Мяне не публіка цікавіць, Мяне цікавіць мой народ. А ён - штось іншае, васпане, Ён - нешта большае нашмат. Ён падрабляць пад вас не стане Ні густ, ні нораў, ні пагляд... – А што, той Бэнсь - такі ўплывовы? – Ён ходзіць капаць на мазгі Усім, каму не даспадобы Я за характар свой «благі». Маўчаць не ўмею, прытварацца, Стаяць навыцяжку «ва фрунт», Легальнай формай казнакрадства Аздараўляць свой базіс-грунт; Вясёлым быць, дзе трэба плакаць, Лавіць ківок, паклоны гнуць, Па нейчых тэзісах гагакаць, На сальны досціп рагатнуць... Сваім жыццём я замінаю Такім, як ён, спакойна жыць. Бянтэжу іх. Напамінаю Аб тым, што хочацца забыць. Што нельга з прагнасцю звярынай Хапаць наўзахап барышы. Што чалавек ўсё ж павінен Баяцца нечага ў душы... Гадаюць: «Што яму патрэбна? Відаць, да славы рвецца ўвесь...» А мне і слава - пыл патрэп'я, Удушны пыл, што вочы есць. Што значыць - слава? Колькасць цэшак? Эфір? Экраны? Тыражы? Якая слава можа ўцешыць, Калі ты сэрцам - на крыжы? У славу рвуцца жываглоты, А да таго, баліць каму, Яна пасля прыходзіць, потым, Як да Максіма, што ў Крыму... Яны не могуць разабрацца, Чаго хачу, што трэба мне? Зусім не шмат: любові брацкай! Сяброў - што здрада не кране!.. Прабач - за гэтую прамову. Расспавядаўся, бы ў царкве... Тамаш маўчаў. Глядзеў, як з рову Сівы туман да іх плыве; Як подых ночы ледзьве-ледзьве На вольхах кратае лісты, Як абярнуліся ў мядзведзяў Ядлоўцу цёмныя кусты... – Не знаю, як наконт сяброўства, А што датычыць... тут сказаць Я мушу коратка і проста: Пара з кім-небудзь лёс звязаць! Таму й не ведаеш адхлання, Што адзінокі ты, браток. Няма пры боку мілавання - Разблытаць дум тваіх маток. Ніхто не зможа быць у скрусе Такім апірышчам табе, Як жонка верная... Баюся, Каб не зачахнуў ты ў журбе. Табе б з настаўніцаю нашай, Альжбетай Францаўнай, у шлюб. Была б - ні з кім не параўнаўшы - Сям'я! І ты ёй быў бы люб!.. – Тамаш! Я думаў, ты параіш Каго з няшчыпаных дзяўчат... Я ж не стары яшчэ таварыш! Мне б і каляску пакачаць... – Э, не-е, брат! Гэткай - не параю. Нашто - зялепуха, сырэц? Ты хочаш мець без конца-краю Турбот - і ў рэўнасці старэць?.. А вось яна - жанчына-дзіва! Такія - рэдкасць на вяку. Яна б табе і нарадзіла - Яна ж уся яшчэ ў саку! Што трэба бабка: ў самым леце, У блаславёнай той пары, Калі ўспрымаюцца найлепей Усе жаноцкія дары! Адно што будзе трудна досыць - Як кажуць, клінам выбіць клін: Жанчына гэта ў сэрцы носіць Якісьці сонечны ўспамін. Яна крыху сябруе з Анцяй І ёй душу адкрыла нейк: Яшчэ ў студэнцкім інтэрнаце Так пакахала - што навек. Пасля там здарылася нешта - І хлопца страціла яна. Сказала Анці: «Ну, канешна ж, Была дурной: мая віна!..» Дванаццаць год ужо ў разводзе. Уночы - плача, днём - пяе. І ні адзін яшчэ, ніводзін Не дакрануўся да яе!.. – Так і сказала Антуніне? – А што? Дзівіцца тут не след: Жанчына можа, брат, жанчыне І болей выдаць «пад сакрэт»... Сцяпан устаў - аж камень з крушні Скаціўся, грукнуўшы ўначы. – Хадзем!
– сказаў.
– Тут морак душны.
І - просьба: трошку памаўчы...
«Няўжо я ляпнуў штось не тое?
–
Сумеўся здзіўлены Тамаш.
–
Ах, поле роднае, жытное, Хоць ты самотніка разваж!..»

Бяссонне

Пасля запозненай вячэры - З фінальным кубкам малака - Антось якіясьці паперы Дастаў з кішэні пінжака. Зірнуў на маці ў хваляванні, На Антуніну, на братоў, - Сказаў: - Прашу хвіліну ўвагі: Сюрпрыз для вас напагатоў. Вось гэты сшытак без абгорткі - Нам з вамі продкаў запавет: «Тэстамент Тодара Вячоркі» - Як сам назваў запіскі дзед. Адзін мой сябар выпадкова Яго ў архіве адкапаў. На жаль, збярогся ён часткова: Пачатак недзе запрапаў. Але й па тым, што ацалела, Убачыш - толькі зазірні, - Як дзеду Тодару балела За лёс народа і зямлі. Вясковы, бедны і бяспраўны Настаўнік школы прыхадской, Ён прагнуў вольнасці і праўды, Тужыў па шчырасці людской. На царскай катарзе ў Сібіры Ні маразы, ні шампалы У ім надзеі не забілі - Народ свой вывесці з імглы. То ж там пісаў ён свой «Тэстамент» - У змрочных шахтах рудніка. Які - пачуйце - тэмперамент Ірвецца з кожнага радка! «Народ сябе пазнаць павінен! Народ - не зборышча, не гурт. Ён мусіць мець - інакш загіне!
–
Усведамлення цвёрды грунт.
Калі ён сам сябе ўсвядоміў, Сваю гісторыю, свой лёс, Свае правы ва ўласным доме, - Тады - народ, тады - ён ёсць. Тады не страшныя і здрайцы, Што дзеля славы і выгод - Адно ім лейцы ў рукі дайце - Гатовы плюндрыць свой народ. Сатрапы кормяць адшчапенцаў, Каб нам даводзілі, што мы Не маем права спадкаемцаў Ані на што - апроч турмы! Сатрапы знаюць і шалопяць, Што на шляхах дабра і зла У нас не толькі гразь ды копаць - У нас Гісторыя была! Што пачаліся мы не ўчора - Наш род, культура, мова, быт, - Як цвердзяць з пыхаю вучонай Парфіраносныя ілбы. Лакейства плодзячы са смакам, Яны не знаюць аднаго: Хто хлеб дае чужым сабакам - Свае забрэшуць на таго! «Ты - без крыжа! Богаадступнік!» - Крычыць пагромшчык-крывасос. Так, я не веру ў крыж пакутны. Я сам - распяты, як Хрыстос. Не я - ты, бог, вялікі грэшнік: Ты адступіўся ад мяне І ад маіх братоў няўцешных, Што мруць у роднай старане. Якой жа моваю, скажы мне, Мы будзем гутарыць з табой? Я - не валодаю чужымі, Ты, бог - не ведаеш маёй. Усе на свеце - для спатолі Душы - ты ўзвысіць мовы змог, Чаму ж на нашай аб нядолі Ты не гаворыш з намі, бог?.. О, краю родны! Чым стрымаеш, Адвернеш лёс свой ад пятлі, Калі заступніка не маеш Ні ў небе ты, ні на зямлі? Адным: на бітву без сумнення! Як цвердзіць песня - толькі бой! «Даб'ёмся самі вызвалення Сваёю ўласнаю рукой!..» – Вось так...
– Антось абвёў вачыма
Усіх прысутных.
– Вось такі
Дзед Тодар наш быў малайчына... Крывёй напісаны радкі!..
– Ён не вярнуўся з той Сібіры, - Сказала Зося.
– Там і ўмёр.
Ад бабы вашае, Сабіны, Я чула шмат. І ад сясцёр.
Ён бальшавік быў. У падполлі Пісаў лістоўкі на цара. А бацька ваш адно й запомніў Яго - як везлі са двара... – Антось, - зірнула Антуніна, - Ты даў бы ў школьны наш музей Адзін адбітак. То ж навіна! Было б цікава для людзей! Няхай і продак ваш законна Увекавечыцца ў сяле, Каб самі мы глядзелі сёння З павагай большай на сябе... Сцяпан, уражаны чытаннем, Узяў запіскі ў брата з рук: – А ты не думаў даць «Тэстамент» У навуковы нейкі друк? – Занёс адразу ж быў у «Весці». Прадмоўку даў - каб быў «пад'езд». Увы, увы! Шалудзька Несцер Сказаў: «Не пойдзе. Дробны змест». – Відаць, Шалудзька добры ёлуп, Калі ён так на змест глядзіць. – О, ён гісторык плюс філолаг І плюс вядомы більярдзіст! Ды над навукай ён не чахне. Більярдны шар - вось гэта рэч! Ажно барты трашчаць - як жахне!
–
І адлятаюць лузы прэч!
Ён мог бы есці хлеб з більярда, Калі б быў хлебны гэты спорт. А так - трымаецца заядла За ўсе пасады, лысы чорт! Наогул - тып ён унікальны. Чаму? Каб ліха не спаткаць - Прыдумаў спосаб геніяльны, Як кары грознай «унікаць». Як толькі вынюхае, гіцаль, Што будзе біта галава - Кладзецца зразу ж у бальніцу На цэлы месяц ці на два! Ну, і пакуль яго там лечаць, Разоў пятнаццаць «возьмуць кроў» - Адыдзе ў суддзяў сэрца-печань І гнеў абернецца ў любоў. Ягоны спосаб-ход нялюдскі Сябры, што рухаюць прагрэс, Назвалі «спосабам Шалудзькі» І карыстаюцца ім спрэс! Бальніца бедная забіта - Так не кладзе ніякі грып! Шалудзька - блазан-чмут нібыта, На справе ж - подлы, шкодны тып. Хамут і дуб, ён бездакорна Спасціг унутраным чуццём Закон сярэдняга узроўню, Што мае сілу над жыццём. Ён не ўпусціў той час, той даты, Калі агулам, сярод дня, У дактары і ў кандыдаты Папёр вучоны серадняк. З усіх навук, якія вызнаў, Адну засвоіў ён найлепш: Як сёрбаць лыжкаю вялізнай З катла грамадскага кулеш. Ён зразумеў, што можна лёгка, Зусім на пуп не беручы, Перарабіць камы з пахлёбкай На адмысловыя харчы. Што ў нашай сферы над другімі Ёсць перавага з пераваг: Да скону можа хлус-алхімік Сядзець на пышных пірагах! Дыпламаваны хутаранін, Ён у душы смяецца дзесь, Як мы настойліва таранім Сцяну прыватніцтва штодзень. Камуністычная свядомасць - Для нас няпісаны закон, Таму народную маёмасць Мы не трымаем пад замком. «Сумленне - суд наш найвышэйшы!» - Крычыць аратар у гурму. А ён сядзіць, сапе і шэпча: «Сваё - вазьму! Сваё - вазьму!..» Ён у навуцы нуль, банкруцька, Тыповы рытар-вадалей, Ды хтосьці лічыць, што Шалудзька Пасунуў штось крыху далей. І вось - слыве вучоным Несцер І памагае з усіх сіл Сваім падлізнікам залезці На навуковы небасхіл. Для іх, няздар, ён вараціла Аўтарытэтна-прабіўны, І на пальто яго з раціна Набожна хукаюць яны. Пылінкі-нітачкі здымаюць - З сабачай вернасцю ў вачах. Студэнты ж хэнці штось не маюць Яго брашуркі вывучаць. Таму ён любіць звыш білета Задаць пытанне «на зарэз»: «А дзе, калі і што пра гэта Пісаў прафесар Чымергэс?» І тым пускае пыл у вочы - Маўляў, дасведчаны які! Між іншым, так на пол жаночы Глядзіць - аж трэскаюць «бялкі»! Казаў ягоны аднакурснік, Што гэты самы хват-дзялок Ужо ў студэнцтве быў распуснік І вечна цёрся ля дзявок. Да навуковых прац нятленных Не меў цікавасці, аднак Трактат аб зонах эрагенных Чытаў шчырэй, чым дыямат. – Відаць, нішто сабе з выставы? Калі ў навуцы не дабраў, Дык хоць на выгляд, гад, цікавы?
–
Тамаш з ухмылкаю спытаў.
– Ён жаба рыжая - на выгляд! І ростам - жабы не вышэй, І вочы жабіны - навыкат, І рот, бы ў жабы, - да вушэй. Без шыі, чэраўца ды лапкі, Сядзіць і зекрыць на карчы - Пардон, на кафедры... – А браткі! Аж страшна чуць наўпроць начы! Яшчэ прысніцца ў сне, пачвара!
–
І Антуніна к Тамашу Знарок плячом на міг прыпала: Маўляў - не жабай даражу.
Браты затрэсліся ад смеху. – Ну, ты мастак! Бадай ты скіс! – Партрэт - на зайздрасць і на ўцеху! – Які партрэт? Адно - эскіз!.. І тут заўважылі, што маці Глядзіць без смеху з-пад павек. – Не трэба, Анцік, так смяяцца: Усё ж ён з імем чалавек. – З фальшывым, мамачка, з фальшывым! Ён у навуцы - шкодны клешч: Сядзіць, упіўшыся, на шыі, Пакуль не лопне ў рэшце рэшт. А што ён лопне неўзабаве - Дык гэта ясна мне як дзень: Не без канца ж цярпець дзяржаве, Як клеіць дурня ліхадзей!.. – Ідзіце, дзеці, спаць - не рана: Ужо за поўнач, ноч - на спад. А што ж ты, Сцёпа, нечакана Наважыў заўтрага назад? Здаецца ж, ты маніўся болей Пагасцяваць... Пабыць даўжэй. А то й ці ўбачымся з табою: Я з кожным летам - не дужэй... – Ты што, матулька? Ты павінна Жыць доўга-доўга. Без цябе Нам гэта хата не ўявіма, Як храм без бога на сцяне. А ехаць трэба мне... Так выйшла, Што мушу ехаць... Выбачай!.. Сцяпан у пуні лёг, на вышках, На сене - пахкім, нібы чай. Яно ўціскалася, шамцела, Шаптала штосьці: шу-шу-шу...
–
Бы замаўляла стому цела, Сон напускала на душу.
Ды сон зусім не браў Вячорку. Праз дзірку-шчыліну ў шчыце Ён бачыў неба пас і зорку, Што ярка ззяла ў цемнаце. Нібы ў вар'яцкай крутаверці, Мільгалі думкі ўразнабой, І незнаёма востра ў сэрцы Упершыню азваўся боль. «А можа, ўсё-такі застацца? Хоць дзень ці два яшчэ пабыць? І што?.. Пабачыцца? Спаткацца? Душа ў душу - пагаварыць? Не атрымалася ж размовы! І зноў - бязвінны вінават... Дзе судзіць лёс - што значаць словы Той май быў столькі год назад!.. Хоць дзіўна ўсё ж: і мне і Алі З другімі сонца не ўзышло... Ах, Аля, Аля!.. Пакаралі Сябе мы самі нізашто!.. А ўсё магло ж бы быць іначай - Як у шчасліўшых між людзей, Калі б на сцежцы на юначай Не вырыў яму ліхадзей. Пераступіць бы тую плётку, Разумна разам абмінуць... Ах, Аля, Аля! Як жа лёгка Далі сябе мы абмануць!.. Пайду прайдуся... Усё роўна, Відаць, не будзе сёння сну. Паклон адвешу школе роднай, На зоры мар маіх зірну...» Каменны Лог маўчаў - бы вымер. Вячорка чуў свой кожны крок. Вачамі вокан нежывымі Глядзелі хаты ў ноч, у змрок. Сон, сон кругом! Спяць людзі звыкла, Спіць белы бусел на гняздзе, Ані лісцінка, ні травінка Не зварухнецца анідзе! Сцяпан раз-пораз прыпыняўся - Стаяў і слухаў цішыню, Глядзеў на круглы месяц ясны, На зор міглівых гушчыню. Вось ён - бясконцы і бязмежны Непадуладны нам сусвет! Вялікі чымсьці, нечым смешны, Хто ў ім ты - грэшны чалавек? І што твой клопат чалавечы, Твой бунт штодзённы, твой дакор - Вось перад гэтым векавечным Свячэннем месяца і зор? Чаму ж так мала даражыш ты Загадкі гэтай хараством: «На залатым густым іржышчы Пасецца ўночы лысы вол»?.. Ля школьных веснічак знаёмых Сцяпан умлеў: не можа быць! Наўзбоч, як прывід, нерухома - Альжбета Францаўна стаіць! Уміг здавіла грудзі хваля - Што ўзняў з прадоння ураган. Нарэшце вырвалася: - Аля?! Пачуў - глухое: - Я, Сцяпан... Што вельмі ўразіла перш-наперш - Твар - незвычайнай белатой І дзве рукі - ля сэрца накрыж, - Як на іконе ў прасвятой. – У гэткі час не спіш ты? Аля! – Так, як і ты... Не сплю, Сцяпан. – І ты даўно стаіш тут?.. Аля! – Яшчэ ад той вясны, Сцяпан. – Чакай, ты... што? Ты - плачаш? Аля! – Ты ж бачыш... Плачу я, Сцяпан. – Чаго? Па чым ты плачаш, Аля? – Па ўсім жыцці сваім, Сцяпан... Вячорка ўбачыў побач камень, - Валун, што тут ляжаў здавён, - Прысеў, падпёр чало рукамі. Як быць далей - не ведаў ён. Альжбета Францаўна стаяла - І з месца нават не сышла. Маўчала ноч. Зямля маўчала. Адкуль жа музыка плыла? Ну, так, ён чуў зусім выяўна: Як шум спакойнага дажджу, Што ўсё бліжэй, - напеўна, плаўна Плыла мелодыя ў душу. Гучала мякка, задуменна І ўся - праменіла святло. Ад калыханкі нешта мела, І штось ад гімна ў ёй было. Такой яму яшчэ ніколі Не надаралася ўлавіць - Ні тут, у родным наваколлі, Ні ў іншых далях палявых. Знаць - бласлаўлёна падарожжа Да гэтых хат, садоў, сядзіб... – Сцяпан, валун халодны, можа, - Прастуду схопіш, не сядзі... Вячорка ўстаў, у светлай цемры, На добры крок ступіў бліжэй. – Паслухай, Аля... я хацеў бы Наведаць заўтра ваш музей. – А ты... хіба не едзеш заўтра? – Вячэрнім... Тым, што ля васьмі... – Прыходзь... Такога экскурсанта Паводзіць сам Ілля Кузьміч. – А ты?.. Не зможаш?.. Ці не хочаш? – Змагу... Адно... там шмат заган... – Тады... спакойнай, Аля, ночы!.. – Спакойнай раніцы, Сцяпан!.. * * * І зноў на вышкі ўзлез Вячорка, І зноў праз шчыліну ў шчыце Убачыў неба, - толькі зорка Ужо не ззяла ў цемнаце. «Глядзі... Глядзі... Цяпер не скора Ты будзеш тут... Не скора, брат! Раз ёсць начное неба ў зорах - То, значыць, ёсць і зарапад...»

Дапеўка

Усё, чытач. Я стаўлю кропку. Ах, не завершаны сюжэт? Ну, што ж рабіць! Далей - ні кроку. Далей - табу і запавет. Мне і самому знаць цікава Ці развязаў вузлы герой. Але гадаць - не маю права, І клопат гэта ўжо не мой. Апроч таго, мой дружа шчыры, Я знаю кошт тваіх гадзін - І я не стану іх транжырыць: Паэтаў - шмат, а ты - адзін. Ты й так парой як непрытомны: Няма жыцця - хоць апупей!
–
Ад мнагатомных, мнагатонных І манатонных эпапей!
Я не спаборнічаць сабраўся, Тым больш - у тонах і тамах, Калі ад зборнічкаў падаўся На стаўбавы эпічны шлях. Адну надзею ў сэрцы маю, Што ў нейкі з дальніх вечароў, З нагоды нейкай, аб'яднаю Сваіх няведамых сяброў, І ў некім знойдзецца адвага, І нехта скажа без граха: «Тут лёс, браткі, ляжыць на вагах, А з ім - і слова, і страфа!..»

1972-1984

  • 1
  • 2
  • 3

UR.ANUS - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • support@anus.bid