Шрифт:
Спецыяльна засылаемыя на плошчу лазутчыкі - пакруціцца, разнюхаць, хто там чым дыхае, увогуле разведаць, што новенькага, - час ад часу прасочваліся з цёмнага, глухога завулачка ў двор асцярожнымі ценямі і прыносілі звесткі адна перад адной не лепшыя. Сапраўды, «на шчыце» вярнуўся ад Балаховіча Мацэля, цяпер яны п'янствуюць з аднадумцамі ў штабе, загадзя святкуючы хуткую перамогу. У брыгадным шпіталі - нібыта - падпольна знаходзіцца брат Балаховіча Іосіф, гатовы ўзначаліць мяцеж. З Лунінца - зноў-такі нібыта - выйшаў атрад у пяцьсот чалавек, які вядзе на Семежава балаховец Мікола Дзямідаў, з мэтаю захапіць Раду і «прывесці ў дзеянне» прыгавор Беларускага палітычнага камітэта, і Балаховіча ў прыватнасці: Жаўрыда, Пракулевіча і Якубецкага - павесіць. За ўсім за гэтым спачатку не надалі ўвагі яшчэ адной навіне. Вярнуўся са Слуцка, з палону, адпушчаны бальшавікамі Карпаў Дзяніс і прынёс з сабой цікавую запіску, якая, на шчасце, абсалютна выпадкова, пазбегнуўшы публічнага прачытання, патрапіла ў рукі аднаму з лазутчыкаў. З яе вынікала, што Чайка савецкі шпіён. Акружаны спачувальнікамі, відаць, і глынуўшы крыху, акрыялы хлопец хваліўся цяпер на плошчы, як мужна вёў сябе ў палоне, блытана, усклізь расказваў пра Губмяна, Кецку і, між іншым, пра тое, што чырвоныя рыхтуюць на іх поўнамаштабную аблаву, з дазволу і адабрэння палякаў.
Замусоленая, пакамечаная паперка валялася на стале. Наконт яе выказаліся, праўда, усе. Бралі запіску, пасміхаючыся, паціскаючы плячыма, круцілі ў руках і кідалі назад на стол. Ну, на самай справе, не поўныя ж яны дурні, каб «кляваць» на такія прымітыўныя бальшавіцкія штучкі!.. Не падазраваць жа ім уласнага камандзіра палка!.. Што да аблавы, дык усё можа быць, і раней, і заўсёды было зразумела, што палякі здрадзяць рана ці позна; але пакуль не да гэтага - не такой страшнай здавалася небяспека будучая, аддаленая, як свая, што пад бокам.
Усе выступілі, выказаліся, усе адзін аднаму давялі, што маюць справу з фальшыўкай, на якую трэба хутчэй забыць і заняцца больш важным... А вось жа не забывалася! І мала-памалу штосьці на гэтай запісцы пачынала зацыкліваць! Прымушаючы альбо ўголас, альбо ў думках ужо дакладна да яе вяртацца, у рукі яе браць, перачытваць...
І сапраўды. Чаму ўвогуле сталася магчымай гэтая перапіска? Чаму ўсплыло само імя - Чайка? Дыму без агню... не, не - яшчэ рана! Канечне ж, Чайка невінаваты, тут не можа быць сумнення, ніхто пакуль нічога не кажа... Але чаму такія супадзенні, і з бунтам, і з гэтай запіскай, і з адсутнасцю яго?.. Выпадковасць? Але што гэта за камандзір палка, які дапускае да такіх крайніх, небяспечных выпадковасцяў? Тады, можа, і праўда, што на такой пасадзе варта мець дар прадбачання - інтуіцыю? На тое ж прызначаны. Стратэг, франтавы вопыт... Прадугледжваць, чым усё можа скончыцца, і, па магчымасці, прадухіляць - хто ж за цябе гэта рабіць будзе? Можа быць, варта было папярэдне «выпусціць пару» (ці «дурную кроў»), арганізаваць, каб астудзіліся галовы, пару вылазак - такіх, як Чуб з атрадам зрабіў, адцягнуўшы тым самым, дарэчы, як мінімум арышт іх... Чаму іхні камандзір палка не змог ці не хацеў, пакуль такія магчымасці, стварыць сабе аўтарытэт - як, прыкладам, той жа Балаховіч? Шмат, шмат пытанняў!.. І галоўнае, зноў-такі, што вось няма яго. Так, у Баранавічах, так, афіцэраў сустракае. Але ж як знарок, як падгадана - няма ў самы такі адчайны час! Калі толькі і трэба дзейнічаць рашуча. Выйсці на сярэдзіну плошчы, гаркнуць камандным голасам, расстраляць публічна, уласнай рукою парачку найбольш шустрых, каб іншыя раз-назаўсёды забыліся на «свабоду»!..
– Ну што, Мірановіч, - прамовіў і зусім не «медзяным», а разгубленым голасам Жаўрыд.
– Ты ж контрразведка - думай!
– А што тут думаць? Нам трэба іншы камандзір палка, - сказаў контрразведчык. І дзіва: настолькі супала гэтае рэзкае выказванне з крамольнымі думкамі іншых, настолькі падпала ім у такт, што хоць бы хто запярэчыў.
– Трэба мяняць камандзіра, - паўтарыў Мірановіч, падымаючыся з лавы, - шукаць чалавека, папулярнага, як Балаховіч, але свайго, нацыянальна свядомага.
– Дзе знайсці такога...
– Ну, святое месца пустым не будзе!
– Кутылоўскі некалі Чайку ўгаворваў, - адазваўся з кутка Пракулевіч, - а цяпер Кутылоўскага давядзецца...
І зноў тое ж самае!
– ніякага здзіўлення ні ў кога не выклікала гэтая, па сутнасці, нечаканая прапанова, настолькі аднолькавыя былі ва ўсіх думкі. Усё прамежкавае выпускалася за непатрэбнасцю. Па ідэі для пачатку павінна было прагучаць хоць бы пытанне: а каго заместа Чайкі? Затым прапанова - Кутылоўскага, і тады ўжо заканамерным звяном у гэтым ланцугу занялі б сваё месца Пракулевічавы словы.
А далей проста пайшлі гудзець растрывожаным вулеем:
– Добра рабіць такія ракіроўкі ў спакойных абставінах, а тут, калі сам на валасінцы вісіш...
– Ды давайце сядзець і чакаць, пакуль саміх перавешаюць!
– Чакаць трэба Чайку! Як ні круці, а войска яго паважае! Прыедзе, скамандуе - і ўсё абыдзецца... можа быць...
– А хто з вас ведае, як скамандуе Чайка?
– без усмешкі перабіў Мірановіч.
– Я дык не.
– І нібы машынальна, проста каб рукі заняць, узяў са стала Кецкаву запіску.
– Хто яго ведае, наш ён ці не наш... Але факт фактам - яго любяць!
– Ды нейтральны ён! Нічый! Проста апалітычны...
– Толку нам з яго франтавых заслуг?!
– Шаноўныя, вы думаеце, што вы гаворыце? Якое можа быць гаданне: чый у нас камандзір палка?! Ды такі чалавек павінен быць святым, каб нават думкі не ўзнікала яго падазраваць! І мы, улада цывільная, як за каменнай сцяной павінны за такім чалавекам пачувацца, а не гадаць, наш ён ці не наш! Такі чалавек адно рот раскрыць павінен - і каб у тысяч правая нага паднялася, а левая рука пайшла ў адлёт...
– Давайце толькі без лірыкі...
– Ды як увогуле можна падазраваць Чайку...
– Можна!
– спыніў дэбаты Мірановіч. Ён увачавідкі пераймаў ініцыятыву верхавенства ад Жаўрыда, ды, мабыць, так і трэба было - Жаўрыд сам сказаў, ты контрразведка, ты і думай.
– Як чалавека я Чайку люблю, усе вы гэта ведаеце, але як камандзір у нашай сітуацыі ён нікудышні. І вінаваты ён ужо тым, што такі бесхрыбетны, бязвольны, беспрынцыпны - згадзіўся ўзначаліць акцыю, а трэба было ведаць сваё месца і цвяроза (сказаў Мірановіч!) ацэньваць свае магчымасці. Таму мы і маем тое, што маем. Не проста ж так яму, а нікому іншаму, адрасавана гэтая вось перапіска - бальшавікі знаюць, што робяць.