UR.ANUS
Воўчая зграя
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Цікава яшчэ, як яго прымуць…

Ён, вядома, пастукае ў дзверы, не надта каб гучна, не кулаком, а лепш костачкай пальца, як наказвала жонка перад ад'ездам, і адступіць крыху назад, каб не лезці адразу ў дзверы, калі тыя адчыняцца. Сваю кепку, вядома, ён зніме раней, можа, нават яшчэ ў пад'ездзе або на лесвіцы. Калі дзверы адчыняцца, ён найпершы запытае, ці тут жыве той, хто яму трэба. Добра, калі б адчыніў сам; мабыць, ён бы яго пазнаў, хоць мінула трыццаць гадоў — час, за які, можна сказаць, не было чалавека і стаў чалавек. Але ўсё роўна, мусіць, пазнаў бы. Ён памятаў яго бацьку, а сын павінен быць нечым падобны на бацьку. Калі ж адчыніць жонка або хто з дзяцей… Не, мабыць, дзеці яшчэ малыя… Хаця, пэўна, могуць і дзеці, калі гадоў пяць-шэсць, чаму ж не адчыніць дзвярэй чалавеку? Тады ён запытае гаспадара і назаве сябе.

Тут, адчуваў ён, настане самае важнае і самае цяжкае. Па сабе ведаў, як гэта радасна і цяжка адначасна, калі так вось знянацку сустракаецца нехта знаёмы, даўні, забыты… I прыпамінанне, і здзіўленне, і нават крыху няёмкасці перад няўмольнаю хадой часу, які не заўжды міласэрны да чалавека… Пасля яго, напэўна, папросяць зайсці, і ён пераступіць парог. Ну, вядома, кватэра ў іх харошая — розныя там паркеты, дываны, мяккія канапы, шкляныя дзверы — не горш, як і ў іншых у горадзе. У парозе ён паставіць свой чамаданчык і зніме гамашы. Абавязкова трэба не забыцца скінуць гамашы, на гэта асабліва напірала жонка, калі праводзіла яго ў дарогу. А то, казала, дома ён прывык перціся ў кірзе ці гуме ад парога да стала адразу, як след не выцершы абутак на ганку. Значыць, найперш трэба зняць гамашы. Шкарпэткі ў яго новыя, купленыя перад паездкай у сельмагу за рубель і шэсцьдзесят шэсць капеек, са шкарпэткамі канфузу не будзе.

Далей пачнецца размова. Вядома, размова будзе нялёгкая. Ён нават не мог сабе ўявіць, колькі ні думаў аб тым, як і з чаго яны пачнуць тую размову. Ну, але там будзе відаць. Мусіць, яго паклічуць за стол, і тады ён вернецца да свайго чамаданчыка, дзе ўсю дарогу ціхенька булькае вялікая бутэлька з маляўнічай замежнай наклейкай да самага корка і ляжыць сякі-такі вясковы гасцінец. Хоць і ў горадзе цяпер не голад, але вясковая каўбаска, слоічак мёду і тры харошыя, сушаныя ляшчы, пэўна, прыйдуцца гаспадарам даспадобы.

Трохі задумаўшыся, ён, мусіць, прайшоў занадта, бо замест шостага дзесятка дамоў згледзеў на рагу лічбу «88» і зразумеў, што даў лішку. Занепакоіўшыся, вярнуўся, хуткім крокам прамінуў скверык, нейкі меншы будынак з агромністым надпісам «Парыкмахерская» на цэлы паверх, зазірнуў на лічбу. Але тут было зноў «76» — куды ж падзеўся цэлы дзесятак дамоў? Ён збянтэжана ўзіраўся ў лічбу, не ведаючы, куды падацца, і тады ўчуў ветлівы дзіцячы галасок ззаду:

— Дзядзя, а які дом вы шукаеце?

Ён павярнуўся і ўбачыў на тратуары дзвюх маленькіх дзяўчынак — адна беленькая, гадоў васьмі, памахвала вакол сябе сеткай з трохкутным пакетам малака і ўсмешліва пазірала на яго. Другая, чорненькая і трошкі вышэйшая за сяброўку, у кароткіх, як у хлопчыка, штоніках, таксама ўзіралася ў яго і ела з паперкі марожанае.

— Мне семдзесят восьмы дом трэба. Не ведаеце, дзе ён?

— Семдзесят восьмы ведаем. А які корпус?

— Корпус?

Пра корпус ён чуў упершыню, пра корпус ён зусім не падумаў, запомніўшы толькі нумар дома і нумар кватэры. Які яшчэ корпус?

Каб пераканацца, што не памыляецца, ён паставіў на тратуар цяжкаваты свой чамаданчык і дастаў з унутранай кішэні пінжака пацёрты канверт, у якім ляжала пісьлю пляменніка з адрасам. Сапраўды, пасля нумара дома была яшчэ літара «К» і лічба «3», а пасля ўжо значыўся нумар кватэры.

— Во, здаецца, тры. Корпус тры. Так, здаецца?..

Дзяўчынкі абедзве разам зірнулі ў яго паперку і пацвердзілі, што корпус сапраўды трэці, і сказалі, што ведаюць, дзе гэты дом.

— Там Нэлька злая жыве, за грыбам-пясочніцай, — сказала чарнявая з марожаным. — Мы вам пакажам.

З некаторай няёмкасцю ён скіраваў за дзяўчынкамі. Яны абышлі рог дома, за якім аказаўся вялізны падворак і далей яшчэ мноства такіх жа пяціпавярховых дамоў з зялёнымі пляцоўкамі, дарожкамі, радамі маладых, некалькі гадоў назад пасаджаных дрэўцаў. На лаўках каля пад'езда сядзелі старыя і жанчыны, скрозь гуляла, сноўдала, шумела гаманкая дзятва, дзесь між будынкаў бахаў валейбольны мяч, і па асфальце імчалі хлапчукі на веласіпедах. Дзяўчаткі ішлі поруч, і меншая, заглядваючы ў ягоны твар, запыталася:

— А чаму ў вас, дзядзя, адна рука? Другая адразу ж перапыніла яе сцішаным голасам:

— Як ты не разумееш, Ірка? Дзядзеву руку на вайне адарвала. Праўда, дзядзя?

— Праўда, праўда. Здагадлівая ты, маладзец.

— А ў нашым дварэ жыве дзядзя Коля, дык ён на адной назе ходзіць. Другую ў яго немцы адарвалі. Ён на маленькай машыне ездзіць. Маленькая такая машынка, трошкі большая за матацыкл.

— А майго дзядулю фашысты на вайне забілі,— сумна ўздыхнуўшы, паведаміла меншая.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • ...

UR.ANUS - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • support@anus.bid