UR.ANUS
Эльф
вернуться

Воўчак Леанід

Шрифт:

– Ген, – Лябіен зноў паўтарыў імя хлапчука, і той, пачуўшы яго, зыркнуў на легата поглядам зацкаванага ваўчаня.

– Ген, Ген, Ген, – Цэзар нібы спрабаваў імя на смак, – Ген, Ген. З гэтага дня клічьце яго Гаем.

– Ты хочаш даць яму сваё імя? – Ціт Лябіен тэатральна ўскінуў рукі ўверх, закаціў вочы і прамовіў гучным шэптам, – Нябёсы! Куды ж цябе нясе, Цэзар?

Цэзар у адказ толькі ўсьміхнуўся.

– Гаеў дастаткова на прасторах Рэспублікі. Хлапчука неабходна пераапрануць, вымыць, пастрыгчы, клікаць толькі Гаем, прышчапіць манеры, і праз паўгода я прадстаўлю яго ў Рыме як свайго сваяка з глыбокай забітай правінцыі, – Цэзар задаволена ляпнуў сябе па сьцёгнах і ўстаў з фатэлі. – Наконт глыбокай забітай правінцыі я нават нікога не падману. І глядзіце, каб ён ня ўцёк.

Ген ўцякаць не зьбіраўся, бо лічыў, што дзесьці побач знаходзіцца ягоны брат. Ён ня ведаў, што палонных галаў і частку абозу ўжо адправілі ў Рым.

Раніцай наступнага дня Гена было цяжка адрозьніць ад звычайнага рымскага падлетка. Метамарфозы, якія адбываліся зь ім, Ген палічыў экзэкуцыяй, але вынес іх пакорліва. Нават стрыжку, у працэсе якой, цырульнік, які пастрыгаў самога Цэзара, ўзнагародзіў яго кароткай прычоскай, Ген, абураны да глыбіні душы, перанёс спакойна. Затым два легіянера суправадзілі яго да настаўніка Спурыя. З гэтага моманту настаўнік і вучань праводзілі ўвесь час разам, нібы бацька і сын. Навучаньне праходзіла амаль кругласутачна, нават падчас трапезы, і толькі кароткі сон даваў Гену магчымасьць адпачыць ад разумовай нагрузкі, якая звалілася на яго. Спурый апынуўся дабраком, які з першага погляду зразумеў, у якім душэўным стане знаходзіцца давераны яму хлапчук. Калі да яго прывялі Гена, ён цэлую гадзіну размаўляў зь ім на мове галаў і да канца размовы ведаў пра хлапчука амаль усё.

Першы час, калі пачалося навучаньне, Ген з хмурным выглядам адмоўчваўся. Спурый жа лапатаў несьціхаючы ні на хвіліну. Нарэшце Спурыю трапіўся ня проста ўдзячны слухач, а слухач, у абавязкі якога ўваходзіла прыслухоўцца да яго беспярэчна.

– Лес, – паказваў яму Спурый на лес, што павольна праплываў міма калёсаў, тут жа пераводзячы гэтае слова на зразумелую для хлапчука мову.

– Дарога, – Спурый тыкаў пальцам сабе пад ногі і называў гальскі варыянт.

Яго зусім не бянтэжыла маўчаньне Гена. Не чакаючы ягонага адказу, ён называў Гену прадметы, часткі цела і зьявы, тут жа пераводзячы ўсе словы. Ген, вонкава абыякавы, ўбіраў усё, як губка. Так прайшлі тры дні. Па заканчэньні трэцяга дня, ужо засынаючы, Ген задаў Спурыю пытаньне на мове рымлян:

– Дзе мой брат?

Спурый зьлёгку асалапеў. Ён ведаў пра існаваньне брата з першапачатковай размовы з хлапчуком, але лёсам яго і астатніх палонных галаў не цікавіўся.

– Ня ведаю, але заўтра раніцай, калі ты прачнешся, я табе скажу, – адказаў ён разгублена.

Спурый выдатна разумеў, што значыць для хлапчука страта брата. Ён сам страціў малодшага брата, які загінуў у адным з баёў пры пакарэньні Кудлатай Галіі, і боль ад гэтай страты ўсё яшчэ сядзеў стрэмкай у ягоных грудзях. Калі ўспаміны пра брата набягалі мацней, чым звычайна, гэты боль выяўляўся лёгкай дрыготкай у голасе. Дакладна такія жа дрыжыкі ён пачуў у словах Гена, калі той задаў пытаньне пра свайго брата, і ўспрыняў іх як уласныя.

Спурый падняўся на досьвітку, але ўсё роўна апынуўся ня першым з тых, хто прачнуўся гэтай раніцай. Лягер ажываў, рыхтуючыся да чарговага пераходу. Хтосьці разьдзімаў вугольле, спрабуючы ажывіць вогнішча, хтосьці ўжо разаграваў сабе ежу, а некаторыя пасьпелі скласьці паходныя намёты на падводы і запрэгчы ў іх мулаў. Даведаўшыся пра лёс палонных галаў, Спурый вярнуўся да Гена. Той да гэтага часу выканаў усе работы з тых, што па раніцах рабіў Спурый у той час, пакуль Ген яшчэ спаў. Гэтыя працы былі яму знаёмыя, бо менавіта імі ён займаўся ў гальскай арміі. Да прыходу Спурыя Ген склаў усе рэчы на воз, пакінуўшы толькі складаны фатэль і столік, раздуў вогнішча і разагрэў ежу. Не чакаючы вяртаньня Спурыя, Ген паеў і старанна вымыў сваю алавяную міску. Міску зь ежай для Спурыя ён клапатліва накрыў ўласнай і прысунуў да агню, каб зьмесьціва не астыла.

– Дзякуй за клопат, – Спурый падняў сваю міску. Ён паставіў яе на паходны столік, зручна умасьціўся на складным крэсьле, дастаў з сумкі лыжку і прыступіў да ежы.

Ген чакаў моўчкі. Калі Спурый паеў і памыў посуд, яны разам, па-ранейшаму ня кажучы ні слова, прыбралі тыя, што засталіся пажыткі на калёсы і загасілі вогнішча. Нарэшце, калі ўсё было складзена і выкладзена, конь запрэжаны, а яны самі селі ў калёсы, чакаючы каманды да пачатку руху, Спурый пачаў свой кароткі аповяд:

– Я даведаўся, дзе зараз твой брат. Палонных галаў і твайго брата ў іхнім ліку ў паскораным тэмпе адправілі ў Рым. Калі ты хочаш знайсьці яго ў Рыме, табе неабходна добра ведаць нашу мову, каб у табе бачылі ня барбара, а рымляніна. А для гэтага трэба старанна вучыцца. Ты, Гай, хлопчык цямлівы, у цябе атрымаецца.

Спурый ўпершыню назваў Гена новым імем.

– Мяне клічуць Ген, – спакойна і амаль без акцэнту паправіў яго Ген.

– Без сумневаў, гэта так, – сурьёзна адказаў Спурый.

З тых часоў Спурый ні разу не назваў свайго вучня Гаем. Знаходзячыся зь ім сам-насам, ён назваў яго Геном, а калі побач быў хто-небудзь з староньніх, зьвяртаўся да яго безаблічна: «хлапчук», «хлопец», або «дружа».

Вучоба давалася Гену лёгка, ды і вучыўся Ген з бачным задавальненьнем. Да немалога зьдзіўленьня Спурыя, гэты юны барбар не так ужо і мала ведаў. Аказалася, што гэта рымскія дзеці не валодалі такім наборам ведаў, які быў за плячыма ягонага падапечнага. У пачатковых школах Рыма дзяцей з сямі гадоў вучылі чытаньню, пісьму і арыфметыцы. Ген жа разбіраўся ў камянях і металах. У свае дзесяць гадоў ён ведаў, як іх апрацоўваць і як па колеры разагрэтага металу вызначаць ягоную гатоўнасьць да каваньня, распазнаваў віды дрэў, якая драўніна для якіх мэтаў падыходзіць. Ён нядрэнна для свайго ўзросту валодаў мячом, страляў з лука і спрытна сядзеў на кані, як у сядле, так і без сядла. Але больш за ўсё Спурыя ўразіла тое, што Ген добра ведаў арыфметыку і астраномію, цудоўна разбіраўся ў зорным небе і свабодна арыентаваўся на мясцовасьці.

Кожны вечар ўдваіх яны зьяўляліся ў намёт Цэзара, дзе Спурый грунтоўна дакладваў Гаю Юлію пра посьпехі свайго вучня. Ён рабіў гэта з гонарам, бо такія посьпехі маглі прымусіць ганарыцца любога настаўніка. Цэзар, у сваю чаргу, праводзіў з Генам кароткі імправізаваны экзамен. Затым ён акцэнтаваў увагу Спурыя на вобласьці ведаў, якія, на ягоную думку, неабходна было падцягнуць хлапчуку, каб у Рымскай пачатковай школе той не адрозніваўся ад аднагодкаў.

Складаней за ўсё давалася Гену пісьмо. Тым ня менш, за два з невялікім хвосьцікам месяца, якія хлапчук правёў у падарожжы з Алезіі ў Рым, ён здолеў навучыцца пісаць пад дыктоўку практычна без памылак. Праўда, почырк ягоны па-ранейшаму пакідаў жадаць лепшага.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12

UR.ANUS - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • support@anus.bid