UR.ANUS
Героі Элады
вернуться

Смирнова Вера Васильевна

Шрифт:

Доўга ляцеў Персей, стаміўся і захацеў адпачыць. Убачыў унізе зялёныя лугі і чароды авечак, кароў і быкоў, убачыў вялікі цяністы сад, пасярод якога расло дрэва з залатымі лістамі і яблыкамі, - і апусціўся каля гэтага дрэва. Гаспадар саду, велікан Атлант, сустрэў Персея няветліва. Яму прадказалі, што аднойчы да яго прыйдзе сын Зеўса і ўкрадзе залатыя яблыкі з яго любімага дрэва.

Персей не ведаў гэтага прадказання і сказаў велікану:

– Я - Персей, сын Зеўса і Данаі. Я забіў грозную Медузу. Дазволь мне адпачыць у тваім садзе.

Пачуўшы, што перад ім сын Зеўса, Атлант раз'юшыўся.

– Злодзей! Ты хочаш украсці мае залатыя яблыкі?
– закрычаў ён і пачаў праганяць Персея з саду.

Зняважаны, Персей выхапіў з торбы галаву Медузы і паказаў яе велікану.

У адно імгненне скамянеў Атлант, ператварыўся ў каменную гару. Галава яго стала вяршыняй скалы, барада і валасы - густым лесам на вяршыні, плечы - крутымі скаламі, рукі і ногі - камяністымі выступамі. На вяршыню гэтай каменнай гары, на крутыя скалы лёг купал неба з усімі незлічонымі зоркамі. З таго часу стаіць там Атлант на краі зямлі і трымае на сваіх плячах неба.

А Персей паляцеў далей.

Ён праляцеў над Эфіопіяй і раптам на скале па-над морам убачыў дзяўчыну такой прыгажосці, што яна здалася яму спачатку дзівоснай статуяй. Але, апусціўшыся ніжэй, ён зразумеў, што яна жывая, толькі рукі ў яе былі прыкуты да скалы. Ён наблізіўся да скалы і спытаў:

– Хто ты і завошта прыкавалі цябе тут?

Дзяўчына сказала, што яна дачка эфіопскага цара - Андрамеда і асуджана на з'ядзенне марскому страшыдлу. Яе маці, царыца Касіяпея, пахвалілася неяк раз, што яна прыгажэйшая за ўсіх марскіх німфаў, - за гэта бог мораў Пасейдон паслаў у іх край рыбіну-страшыдлу, якая жэрла рыбакоў у моры, і плыўцоў, і карабельшчыкаў, тапіла караблі і спусташала берагі іх царства. Народ перапалохаўся і запатрабаваў, каб Касіяпея аддала ў ахвяру страшыдле сваю дачку Андрамеду, і тым самым улесціла Пасейдона.

Андрамеду прыкавалі да скалы на беразе мора і пакінулі адну. Бялейшая за марскую пену, стаяла дзяўчына каля скалы і з жахам глядзела на мора. Вось па-над вадой, з марской глыбіні, паказалася вялізная галава, заблішчаў лускавіннем хвост. Андрамеда ад страху закрычала. На яе крык прыбеглі бацька і маці і пачалі плакаць разам з ёю.

Персей сказаў ім:

– Аддайце за мяне замуж Андрамеду, і я выратую яе.

Цар і царыца паабяцалі Персею аддаць за яго сваю дачку, а ў прыданае ёй - усё сваё царства, калі ён выратуе Андрамеду.

Між тым вялізная рыбіна ўсплыла на паверхню мора і набліжалася да берага, з шумам рассякаючы хвалі.

Персей у сваіх крылатых сандалях узняўся ў паветра і паляцеў насустрач страшыдлу. Цень героя лёг на ваду перад прагнай пашчай рыбіны. Страшыдла кінулася на гэты цень.

Тады Персей, нібы драпежная птушка, упаў з вышыні на страшыдлу і секануў яе мячом. Параненая рыбіна ў шаленстве пачала кідацца ва ўсе бакі, то нырала ў глыбіню, то зноў усплывала наверх. Кроў яе афарбавала марскую ваду, пырскі ўзляталі высока ўгору. Крыльцы на сандалях Персея намоклі, і ён ужо не мог трымацца ў паветры. Але тут ён убачыў камень, што тырчаў з вады, стаў на яго нагою і з усёй сілы хвасянуў мячом па галаве страшыдлы. Апошні раз пляснуў вялізны хвост, і страшная рыбіна пайшла на дно.

Цар і царыца і ўвесь народ Эфіопіі радасна вітаў героя. Царскі палац упрыгожылі кветкамі і зелянінай, усюды запалілі свяцільні, прыбралі нявесту, сабраліся спевакі і флейтысты, напоўнілі чашы віном, і пачалося вяселле.

На балі Персей расказваў Андрамедзе і яе бацькам пра свае вандраванні. Раптам пачуўся шум каля ўвахода ў палац, звон мячоў і ваяўнічыя крыкі. Гэта з натоўпам воінаў уварваўся ў палац былы жаніх Андрамеды, Фінэй. У руках ён трымаў кап'ё і цэліўся проста ў сэрца Персея.

– Сцеражыся, злодзей!
– І воіны ўжо гатовы былі пранізаць коп'ямі ўсіх, хто быў на вяселлі.

Бацька Андрамеды паспрабаваў спыніць Фінэя:

– Не злодзей Персей, а збавіцель. Ён выратаваў Андрамеду ад страшыдлы. Калі ты кахаў яе, чаму не прыйшоў на бераг мора, як страшыдла прыплыло зжэрці яе? Ты ўцёк ад яе, калі яна чакала пагібелі, - чаму цяпер ты прыйшоў патрабаваць яе сабе?

Нічога не адказаў Фінэй цару і кінуў кап'ё ў Персея, але не пацэліў, - кап'ё ўпілося ў край крэсла, на якім сядзеў Персей. Персей схапіў кап'ё свайго праціўніка і кінуў назад - у твар Фінэю. Фінэй паспеў нагнуцца, кап'ё праляцела і параніла сябра Фінэя. Гэта быў сігнал для бітвы. Пачалася жорсткая, крывавая бойка. Ад страху ўцяклі з палаца цар і царыца разам з Андрамедаю. Прытуліўшыся спіной да калоны, са шчытом Афіны ў руках, Персей адзін адбіваўся ад раз'юшанага натоўпу. Нарэшце ён убачыў, што яму аднаму не адолець цэлае войска, і ён дастаў з торбы галаву Медузы.

Воін, што нацэліўся ў Персея, толькі зірнуў у твар Медузы - і раптам замёр з працягнутай рукой, і адразу ж ператварыўся ў камень. І ўсе, хто глядзеў на гэтую страшную галаву, спыніліся, замерлі, хто як быў, скамянелі навекі. Так і засталіся яны каменнымі статуямі ў палацы эфіопскага цара.

Персей з прыгажуняй Андрамедай заспяшаліся ў дарогу - на выспу Серыф. Персей жа абяцаў цару Палідэкту прынесці галаву Медузы.

Калі Персей з'явіўся на выспу Серыф, дык даведаўся, што яго маці Даная хаваецца ад Палідэкта ў храме і не асмельваецца выйсці адтуль ні ўдзень, ні ўночы.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • ...

UR.ANUS - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • support@anus.bid