UR.ANUS
Героі Элады
вернуться

Смирнова Вера Васильевна

Шрифт:

Каля выспы Схерыі, дзе арганаўты спыніліся, каб папоўніць запасы вады і ежы, іх карабель зноў акружылі судны колхаў, якія ў пошуках арганаўтаў блукалі па моры. Арганаўты папрасілі цара выспы абараніць іх. Хітры цар разважыў так: арганаўты павінны аддаць колхам іх царэўну Медэю, але яны не павінны аддаваць ім жонку Язона. Медэя стала жонкай Язона, і колхам давялося адступіцца. Але яны пабаяліся вяртацца ў Калхіду і пасяліліся на грэчаскіх астравах.

Адсвяткаваўшы вяселле Язона і Медэі, арганаўты паплылі далей. Доўгі час плаванне іх было спакойнае. Яны набліжаліся ўжо да берагоў Грэцыі, як раптам узнялася жудасная бура. Дзевяць дзён і дзевяць начэй насіў ураган іх карабель па моры і нарэшце выкінуў яго на далёкі бязлюдны бераг. «Арго» глыбока ўрэзаўся ў прыбярэжны пясок і нерухома застыў. Арганаўты сышлі на зямлю і агледзеліся. Перад імі распасціралася пустыня. Ні ракі, ні дрэў, ні людскога жылля - толькі пясок і неба. Арганаўты паспрабавалі ссунуць карабель у мора, каб пакінуць пустыню, ды не змаглі.

«Што ж нам рабіць?
– гаварылі яны.
– Куды занесла нас бура? Мы прападзём тут і ніколі не ўбачым роднага краю... Лепш было б нам разбіцца аб падводныя камяні або загінуць у няроўным баі, чым памерці ў пустыні ад голаду!»

Яны разышліся па беразе і блукалі да змяркання. Калі надышоў вечар, усе сабраліся каля карабля, развіталіся адзін з адным і палеглі на пяску, закруціўшыся з галавою ў плашчы. Яны ляжалі гэтак да раніцы. Раптам Язон адчуў, што нехта здымае плашч з яго твару. Ён прыўзняўся і ўбачыў перад сабою трох німф пустыні. Німфы сказалі яму:

– Не траць надзеі! Лёс занёс вас у Лівійскую пустыню, але і адсюль ёсць дарога для смелых і дужых. Калі царыца мора Амфітрыта выпража коней са сваёй калясніцы, зрабіце са сваім караблём тое, што ён дагэтуль рабіў з вамі, і вы будзеце выратаваны.

Язон пабудзіў сваіх таварышаў і пераказаў ім тое, што сказалі яму німфы. Арганаўты пачалі думаць, што гэта азначае: «Калі Амфітрыта выпража коней», і што трэба зрабіць ім з «Арго». Раптам да берага з шумам прылілі хвалі, з мора выбег белы конь і памчаўся цераз пустыню. Пачынаўся прыліў. Тут здагадаліся арганаўты, што ў час прыліву трэба зрушыць «Арго» з мелі, узяць яго на плечы і несці цераз пустыню, як ён насіў іх па моры.

Дванаццаць дзён пад пякучым сонцам, грузнучы ў пяску, яны неслі на плячах «Арго» і нарэшце прыйшлі на бераг вялікага возера. Зноў спусцілі карабель на ваду. Але яны ніяк не маглі знайсці выхада з возера, пакуль гаспадар яго, бог Трытон, схапіўшы рукою за борт «Арго», не вывеў яго пратокай паміж белых скалаў у шырокае мора.

Доўга зноў плылі арганаўты ў бязлюдным моры і дабраліся да гарыстай выспы, такой вялікай, што на ёй магло б размясціцца шмат гарадоў. Гэта была радзіма Зеўса - Крыт. Там цараваў Мінас, якому Зеўс падарыў для абароны выспы меднага велікана. Велікан быў увесь пакрыты меддзю, і толькі на пятцы ў яго была дзірачка, заткнутая медным цвіком. Тры разы на дзень медны велікан абходзіў дазорам вакол выспы.

Калі арганаўты падышлі да Крыта, велікан не пусціў іх на бераг і пачаў шпурляць у іх цяжкія камяні. Але Медэя сваёй чароўнай сілай усыпіла велікана, вочы яго заплюшчыліся. Ён спатыкнуўся на востры камень і ўпаў. Цвік выпаў у яго з пяткі, і кроў лінула з адтуліны. Разам з крывёю велікан страціў сваю жывую сілу і ператварыўся ў вялікую медную статую.

Арганаўты прычалілі да берага і пераначавалі на Крыце, а раніцай рушылі далей.

І яшчэ раз яны трапілі ў буру. Ды гэта было ўжо апошняе выпрабаванне, і багі не далі ім загінуць.

Сам Апалон з залатога лука пасылаў у мора святлівыя стрэлы і паказаў арганаўтам астравок, каля якога яны маглі схавацца.

Потым вецер сціх, неба ачысцілася, мора паспакайнела, і ўдалечыні паказаўся грэчаскі бераг. Плаванне арганаўтаў канчалася. «Арго» вяртаўся дадому.

Смерць Язона

Скончыліся святкаванні і банкеты ў гонар арганаўтаў, якія шчасліва вярнуліся пасля далёкага і доўгага плавання. Цудоўны карабель «Арго» адслужыў сваё - ветразі яго былі пашматаны бурамі, змылася пазалота на носе, і хвалі шматлікіх мораў стачылі яго драўляны корпус. Арганаўты выцягнулі з вады абшарпаны каркас «Арго» і паставілі на беразе на памяць людзям.

Потым адважныя героі разышліся па розных гарадах і заняліся кожны сваёй справай.

Залатое руно ляжала ў палацы іолкскага цара. Але Язону яно не прынесла шчасця.

Стары Пелій не ўзрадаваўся, што Язон вярнуўся, і не аддаў яму царскую ўладу. «Няхай вырашае народ, няхай сам народ скажа, каго ён хоча бачыць царом у Іолку», - гаварыў ён Язону. А народу Пелій гаварыў: «Хочаце, каб вашай царыцай была чужаземка, да таго ж яшчэ і чараўніца? Яна зачаруе вас, як зачаравала Язона».

Людзі з апаскай пазіралі на Медэю і абміналі палац Язона. Неўзабаве зусім не засталося ў яго сяброў у Іолку. Медэя бачыла гэта, ёй было горка і крыўдна, і яна парашыла адпомсціць Пелію і аддаць царства Язону.

Яна расказала іолкскім жанчынам, што багі далі ёй сілу вяртаць маладосць старым, і, каб ёй паверылі, зарэзала старога барана і зноў ажывіла яго, ператварыўшы ў ягня.

Тады дочкі Пелія пачалі прасіць чараўніцу зрабіць маладым іх старога бацьку.

Яны забілі цара, але ажыўляць яго Медэя не захацела, адмовілася.

Смерць Пелія не памагла Язону. Царом у Іолку стаў сын Пелія - Акаст. Ён прагнаў Язона і Медэю з горада і не дазволіў ім жыць у Фесаліі. Пеша, нібы той апошні жабрак, зганьбаваны, выгнаны з роднага краю, пайшоў Язон з Іолка шукаць прытулку на суседняй зямлі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • ...

UR.ANUS - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • support@anus.bid