UR.ANUS
Героі Элады
вернуться

Смирнова Вера Васильевна

Шрифт:

Язон развітаўся з царом, і арганаўты пайшлі. Калі яны праходзілі па двары, Язона спыніла старая - служанка Медэі:

– Мая гаспадыня просіць цябе прыйсці зараз у храм Гекаты. Яна будзе чакаць цябе там. Спяшайся, бо жыццё тваё і тваіх таварышаў у небяспецы.

Язон загадаў Тэламону і Аўгіясу вярнуцца на карабель і чакаць яго там, а сам узяў за правадніка сына Фрыкса і падаўся ў храм Гекаты.

Чараўніца Медэя

Храм Гекаты, багіні зданяў і жахаў, знаходзіўся за горадам, у гаі на пагорку. Там стаяла статуя, якая мела тры твары - у знак таго, што багіні падуладны неба, зямля і падземнае царства.

У гаі бадзяліся сабакі, прысвечаныя Гекаце, жаласна бляялі ў траве чорныя ягняты, падрыхтаваныя для ахвяраў багіні.

Калі Язон, пакінуўшы свайго юнага спадарожніка, зайшоў у гай Гекаты, Медэя выйшла яму насустрач і сказала:

– Я дачка Ээта, Медэя. Я служу Гекаце і ведаю шмат такога, чаго не ведаюць людзі. Я магу ажывіць забітага і зрабіць старога маладым. Магу прынесці ў дом няшчасце, наслаць страх і тугу на чалавека, пазбавіць яго спакою. Сам цар, мой бацька, баіцца мяне. Але табе я не жадаю зла. Слухай! Цар задаў табе страшную задачу. Валы, на якіх ты павінен узараць поле, насенне для пасеву і само поле - не простыя. У валоў гэтых медныя ногі, агонь вылятае з пашчы - гэта валы бога Сонца. Шалёныя яны, і звычайнаму чалавеку не справіцца з імі. Замест насення цар дасць табе зубы дракона. Калі ты пасееш іх на полі Арэса, там вырастуць воіны без ліку і заб'юць вас усіх.

Так гаварыла Медэя і пазірала на Язона з жалем.

Язон апусціў галаву:

– Ну што ж... Адступаць няма куды. Мяне чакае пагібель. Але людзі не назавуць мяне баязліўцам.

Медэя сказала:

– Я не хачу тваёй пагібелі. Не ведаю чаму - мне шкада цябе, чужаземец! Мне хочацца выратаваць цябе!

– Тады памажы нам, калі ты можаш!
– усклікнуў Язон.
– Памажы здабыць залатое руно, і я праслаўлю цябе па ўсёй Эладзе. За трыма марамі, далёка адсюль, мы будзем з удзячнасцю паўтараць тваё імя.

Тады чараўніца дала яму ракавіну з цёмнай маззю і сказала:

– Недалёка адсюль, у гарах, да скалы над морам прыкаваны тытан Праметэй. Ён выкраў у багоў іскру боскага агню і падарыў людзям. За гэта багі жорстка пакаралі яго. Кожны дзень прылятае арол і дзяўбе яго печань. Кроў капае з раны на скалу і на пясок каля мора. На пяску, палітым крывёю Праметэя, вырастае дзікая і страшная кветка. З чорнага кораня гэтай кветкі я здабыла чарадзейны сок і прыгатавала гэтую мазь. Вазьмі яе. Апоўначы апраніся ў чорнае, ідзі да ракі, пакупайся ў ціхай вадзе, а раніцай натры гэтай маззю ўсё сваё цела, і яно зробіцца дужым і непаражальным, і агонь з пашчаў валоў не пашкодзіць табе. Змаж таксама ўсю сваю зброю - меч, і кап'ё, і шчыт. Гэта мазь дае сілу на адзін толькі дзень. Але ў цябе хопіць часу, каб выканаць усё, што патрабуе цар. Калі з зубоў дракона, якія ты пасееш на полі, вырастуць узброеныя людзі, шпурні адразу ж у іх каменем. Яны не ўбачаць, хто гэта зрабіў, падумаюць адзін на аднаго, пачнуць біцца між сабою - і ты зможаш адзін пазабіваць іх усіх. Цяпер ідзі, жадаю табе ўдачы. Але калі ты возьмеш залатое руно, паедзеш адсюль і будзеш шчасліва жыць на сваёй радзіме, не забывай мяне. Абяцай, што ты мяне не забудзеш!

Яна глядзела на Язона з любоўю і здалася яму ў гэту хвіліну такой добрай і прыгожай, што ён пачаў прасіць яе:

– Паедзем са мною. Я вазьму цябе на «Арго», звязу ад твайго ліхога бацькі, і ты будзеш маёй жонкаю і царыцай у Іолку.

Медэя маўчала і круціла галавою, хоць словы Язона і радавалі яе.

Доўга стаялі яны разам у гаі Гекаты і пазіралі адно на аднаго.

Сонца пачало хіліцца да захаду, і Язону пара было вяртацца на карабель.

– Заўтра, калі цар аддасць мне залатое руно, я папрашу яго адпусціць цябе са мною, - сказаў Язон.

І яны рассталіся.

На полі Арэса

Раніцай цар Калхіды надзеў свае даспехі, што падарыў яму бог вайны Арэс, сеў на калясніцу і паехаў на Арэсава поле. Яго суправаджаў натоўп колхаў - усім хацелася паглядзець, як валы бога Сонца разарвуць чужаземца.

А Язон, як навучыла яго Медэя, нацёр цудоўнай маззю сваё цела і зброю і адчуў у сабе вялікую сілу. Ён быў увесь нібы выкаваны з жалеза, і ні кап'ё, ні меч не маглі прычыніць яму шкоды.

Арганаўты селі на карабель і паплылі да поля Арэса, дзе іх ужо чакаў Ээт.

Язон узяў у цара зубы дракона і адзін выйшаў у поле. На краі поля ляжалі ярмо і плуг. Тут жа быў уваход у падземны хлеў, дзе стаялі валы. Раптоўна, нібы адчуўшы, што герой ідзе да іх, яны з рыкам выскачылі са стойла і рынуліся проста на Язона. Ён прыкрыўся шчытом і стаяў спакойна, упэўнены ў сваёй цудоўнай сіле. Валы стукнулі рагамі ў шчыт і адскочылі прэч. Яны зараўлі, выпусцілі сноп агню, хацелі спапяліць героя, але полымя, даляцеўшы да яго, раздвоілася, абмінула Язона і сышлося за яго галавой. Жывы і здаровы ў кальцы агню, ён смела схапіў рукою за рог аднаго вала, потым другога і надзеў на іх ярмо. З дапамогаю двух арганаўтаў Язон запрог валоў у плуг і пагнаў па полі. Арганаўты радасна закрычалі, убачыўшы гэта. Шум узняўся сярод колхаў. Сам цар Ээт здзівіўся незвычайнай сіле героя.

Шпарка імчаліся па полі валы, рэжучы плугам глыбокія барозны, і Язон кідаў на ўзараную зямлю зубы дракона.

Шмат разоў прабеглі валы з канца ў канец Арэсава поля, і вось усё яно было ўзарана і засеяна. Скончыўшы работу, Язон выпраг валоў і кап'ём загнаў іх назад у стойла. Потым чакаючы, пакуль з зубоў дракона вырастуць воіны, ён пайшоў на бераг ракі, зачэрпнуў шлемам вады і напіўся. І адчуў, што сілы ў ім ані не паменшала. Ён глядзеў на поле і чакаў.

Нібы першыя парасткі, паказаліся з зямлі канцы вострых коп'яў, потым галовы ў шлемах, вось заблішчалі шчыты, зазвінелі, раскідваючы зямлю, мячы - і ў адно імгненне ўсё поле запоўнілася воінамі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • ...

UR.ANUS - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • support@anus.bid