UR.ANUS
Героі Элады
вернуться

Смирнова Вера Васильевна

Шрифт:

Язон у цара Калхіды

На досвітку арганаўты прачнуліся і пачалі раіцца, што ім рабіць. Асцярожны Язон парашыў: усім заставацца на караблі і чакаць, а самому з сынамі Фрыкса і яшчэ двума арганаўтамі ісці ў палац Ээта - разведаць: ці не згодзіцца цар добраахвотна аддаць руно. І вось Язон разам з сынамі Фрыкса, з Тэламонам і Аўгіясам выправіўся да цара Калхіды Ээта. Па дарозе ў горад яны трапілі ў вялікі сад, дзе на кожным дрэве вісеў на ланцугу мярцвяк, укручаны ў шкуру вала. Яны жахнуліся. Але гэта быў звычайны калхідскі могільнік - так хавалі колхі сваіх мужчын, жанчын жа яны закопвалі ў зямлю.

Калі арганаўты ўвайшлі ў горад, густы туман апусціўся на зямлю, так што за тры крокі нельга было распазнаць сустрэчнага. Гэта заступніца Гера схавала ад вачэй колхаў прышэльцаў, каб яны без перашкод дайшлі да палаца Ээта. Тут туман развеяўся, і яны ўбачылі царскі палац з высокімі вежамі, з шырокімі варотамі, якія вялі ў вялікі чатырохкутны двор. У кутках яго білі чатыры фантаны. З аднаго струменем лілося малако, з другога - віно, з трэцяга - духмяны кветачны алей, з чацвёртага - сцюдзёная празрыстая вада. Пасярэдзіне быў вінаграднік. Двор акружалі чатыры палацы. У самым вялікім і прыгожым жыў Ээт са сваёй жонкай, а ў астатніх трох - яго сын Апсірт і дочкі Халкіопа і Медэя.

Зачараваныя гэтай прыгажосцю і багаццем, Язон і яго таварышы спыніліся каля аднаго з палацаў і моўчкі азіраліся па баках. У гэты час адчыніліся высокія дзверы, і ў двор выйшла дзяўчына ў доўгім чорным адзенні. Гэта была Медэя, малодшая дачка Ээта. Убачыўшы незнаёмцаў каля сваіх дзвярэй, яна спалохалася і закрычала. На крык выбегла з палаца яе сястра Халкіопа, жонка забітага Фрыкса. Сыны Фрыкса кінуліся да маці, і яна з плачам абняла іх. Яны расказалі Халкіопе, чаму вярнуліся ў Калхіду, і паказалі ёй на сваіх спадарожнікаў. Язон прывітаў Халкіопу і папрасіў, каб яна памагла ім. Медэя стаяла збоку і не ўдзельнічала ў размове, але яе чорныя вочы не адрываліся ад твару Язона, і тайная пяшчота да гэтага чужога чалавека раптам ахапіла яе з незразумелаю сілай.

Між тым цар, даведаўшыся, што прыехалі ўнукі і з імі нейкія чужаземцы, прыслаў слугу паклікаць усіх да сябе.

Са страхам увайшлі арганаўты ў вялікі палац, не ведаючы, што іх чакае.

У вялікай прыгожай зале за сталом на пазалочаным крэсле, пакрытым звярынай шкурай, сядзеў цар Калхіды і абедаў. Ён сустрэў арганаўтаў няветліва, ледзь кіўнуў галавой і сказаў:

– Будзьце гасцямі, калі прыйшлі.
– І, нахмурыўшыся, спытаў у старэйшага сына Фрыкса: - Што прымусіла вас вярнуцца?

Юнак расказаў пра караблекрушэнне і пра тое, як яго і братоў выратавалі арганаўты, якія плылі ў Калхіду.

– Чаго?
– было кароткае пытанне.

Сын Фрыкса збянтэжыўся, паказаў на Язона і назваў яго імя:

– Цар Іолка загадаў яму раздабыць залатое руно, якое пакінуў у цябе мой бацька.

– Выдумкі!
– грымнуў у адказ Ээт.
– Я вас бачу наскрозь, дзеці элінскага беглага царэвіча! Вы знайшлі сабе абаронцу сярод сваіх родзічаў і вярнуліся, каб адабраць у мяне царства! Вы прывялі сюды гэтых воінаў і пасадзілі за мой стол, як гасцей, каб я не мог забіць іх! Прэч адсюль, пакуль вы жывыя, пакуль я не загадаў схапіць вас усіх да аднаго!

Запальчывы Тэламон усхапіўся са свайго месца і закрычаў:

– Не смей зневажаць нас, варвар*!

* Варвар - варварамі старажытныя грэкі і рымляне называлі ўсіх чужаземцаў.

Але Язон спыніў яго дужаю рукою, выйшаў з-за стала і сказаў цару спакойна:

– Мы праплылі тры моры, мінулі шмат краін. Нас прасілі застацца жыць на Лемнасе; мы перамаглі бебрыкаў; мы знішчылі веліканаў з Мядзведжай гары. Калі б нам патрэбна была зямля, навошта нам было плыць так далёка? Не хвалюйся, нам не патрэбна тваё царства. Мы прыплылі сюды па залатое руно. Але мы не жабракі і не разбойнікі. Мы ўмеем трымаць зброю ў руках і гатовы паслужыць табе за руно. Калі ў цябе ёсць ворагі, пашлі нас біцца з імі. Клянуся, мы зможам заваяваць залатое руно.

Цар задумліва слухаў Язона. Ён прыкідваў: схапіць Язона сілай зараз жа ці загубіць хітрасцю?

Потым сказаў:

– Сваіх ворагаў я забіваю сам, мне не патрэбна дапамога чужаземцаў. Я зусім не даражу залатым руном і мог бы падарыць яго табе, ды баюся гэтым падарункам варвара пакрыўдзіць смелых падарожнікаў. Я дам табе магчымасць зарабіць руно. У мяне ёсць два прыгожыя і магутныя валы - мне падарыў іх божы майстар Гефест, і ёсць пустое поле, дзе нічога не расце. Запражы маіх валоў, узары гэтае поле, засей яго, і, калі поле зарунее, ты атрымаеш тое, што табе належыць.

Язон здзівіўся такому простаму даручэнню і падумаў, ці няма тут якога каварства.

Ээт усміхнуўся:

– Бачу я, ты лічыш гэту работу простай і ганебнай для сябе. Дарэмна! Гэтая работа вельмі цяжкая, не кожны выканае яе. Я не ведаю, герой, ці хопіць у цябе сілы справіцца з ёю.

І ён так паглядзеў на Язона, што арганаўт задрыжаў і зразумеў, што работа не такая простая, як яму здалося спачатку.

– Ідзі цяпер на свой карабель, - гаварыў далей Ээт, - раскажы таварышам, які міласцівы да вас цар Калхіды. Заўтра раніцай прыходзь на той бераг, на поле Арэса. Валы пасуцца там каля ракі. Я прыеду і прывязу табе насенне.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • ...

UR.ANUS - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • support@anus.bid