Багданава Галіна
Шрифт:
А зімою, калі, Ай, я напэўна ўжо ведала, што ты ёсць, што ты будзеш у мяне, мы з тваім бацькам сядзелі ля вогнішча ў нашай вялікай, складзенай з мамантавых костак і зацягнутай па версе звярынымі, воўчымі шкурамі хаціне. І было чуваць, як захліпаецца снегам завея і выюць ваўкі. Усе паснулі. А мы з табою, здаралася, і ўсю ноч сядзелі ля вогнішча. Я шыла, а твой тата выразаў з костак звяроў, тых самых, якіх і цяпер Відушчая кладзе на зямлю падчас танца мужчын, што выпраўляюцца на паляванне. Паляўнічыя, калі хочуць упаляваць звера, мусяць спачатку патрапіць стралою ў яго выяву. Ды ты гэта ведаеш.
А яшчэ твой бацька ляпіў, выразаў, выбіваў з каменю жанчын, якіх мы завем — Маці або Рода.
Ты шмат разоў бачыў іх, яны стаяць ці ляжаць амаль у кожнай хаце, на невялікім узвышэнні. З нашаю Родай, калі ты, калі быў малы, нават гуляўся. А ў Відушчай захоўваецца самая вялікая Рода. Яе таксама выбіў з каменю наш бацька.
У яе крутыя клубы, круглы, як гарбуз, зад, чэрава, у якім зручна будзе дзіцятку. Грудзі — кожная па яблыку. Усё самае сакральнае ясна пазначана. Нашая Рода, тая, што ляжыць у нас, касцяная, крыху меньшая. Але ў яе таксама вялікі акруглы зад і грудзі па яблычку. Аднойчы, ты яшчэ малы быў, патрымаў яе ў руках, пагладзіў і запытаўся:
— А чаму ў яе няма вачэй? Твару зусім няма. Уся галава — і ззаду, і спераду — рысачкі, рысачкі, кропачкі. Ізноў рысачкі.
— Твар, Ай, пазначаць нельга, — паспрабавала я патлумачыць. — Твар, вочы ёсць толькі ў жывых. Так казаў твой тата. А яму пра тое сказалі наш Галоўны і Відушчая. Гэтыя жанчыны, Роды — знак, сімвал урадлівасці, знак плоднасці. Каб у каласках было шмат зярнятак, а на яблыні — яблычкаў. І ў цябе, Ай, з’явіліся брацікі і сястычкі. Вялікае чэрава ў яе для таго, каб вынасіць дзіця, а вялікія грудзі, каб потым выкарміць.
— Але ж ты не такая, — сказаў ты, Ай, і зірнуў на мяне...
Так, як калісьці ў цёплым грыбным восеньскім лесе глядзеў на мяне твой тата. У цябе, як і ў яго, вялікія шэра-блакітныя вочы. Але не, нават па колеру яны ў цябе цяплейшыя. Не як сцюдзёная крынічная вада, а як мяккая павольная рачная плынь. І гэтая плынь лашчыць мяне, люляе. Заварожвае... Аднойчы, калі я прыбірала ў хаце і ўзяўшы ў рукі Роду, пра нешта задумалася, ты раптам сказаў:
— Калі я вырасту, абавязкова намалюю ці не, выражу твой твар, мама. Ты ўсміхнуўся, а я спужалася. Паклала Роду на месца. Добра, што ў хаце нікога не было. Усе пайшлі на паляванне. А каб хто пачуў, нават за словы маглі пакараць. Рода мусіцьбыць без твару. Яна — толькі пасудзіна, змяцілішча нябеснага, сонечнага святла. У яе не може быць твару.
Гэтая наша Рода — апошняя з тых, што паспеў выразаць твой бацька тою сцюдзёнаю зімою, калі я насіла цябе, мой Ай, у сабе. Маё цела было для цябе надзейнаю хованкай і ад холаду, і ад голаду. Тою зімою маё цела было для цябе, як сонца, сонечнае святло для ўсіх нас. Яно таксама аберагае нас, ахоўвае.
Ты, пэўна, ніколі не звяртаў на тое ўвагі, але сёння я абавязкова табе гэта пакажу. У нашай Роды не проста пупок —кропачка, абкружаная лініяй. Сонечны знак. Такі самы, як на іклы Сівого ваўка, які я заўжды нашу на грудзях. Бацька пакінуў нам Роду з гэтым знакам наўмысна. Каб сонца бараніла нас.
Я памятаю, як твой бацька выразаў гэты знак. Выразаў і паказаў на мой жывот, дзе ўжо раз-пораз ты тупаўся, латашыў ножкамі. Дзіця ў чэраве маці, як усе мы пад покрывам сонечнага цяпла. Бацька любіў усё пазначаць такімі сонечнымі знакамі. А аднойчы ён такі кружок з кропачкай намаляваў палачкай на снезе. А да яго дадаў галоўку, ручкі-ножкі і на мяне паказвае, маўляў, я цяжарная, падобная на сонца. Для цябе, да нараджэння, сонцам, ахоўнаю абалонкай была я, твая мама.
Прыйшла вясна, пацяплела. Снег сышоў. І твой бацька па загаду галоўнага і Відушчай, пакуль мужчыны ўзаралі, а потым разам з жанчынамі засеялі поле, мусіў вылепіць з гліны, самай тлустай глебы, — Роду, як заўжды з крутымі гладкімі клубамі і грудзьмі па яблыку. І... Сёння, Ай, увечары, ля вогнішча, калі ўсе лягуць спаць, я адкрыю табе адну таямніцу. Бацька тою вясною парушыў табу, зрабіў тое, што цяпер, я адчуваю, па вачах тваіх бачу, задумаў зрабіць ты... Ён тады вылепіў Роду з тварам, маім тварам. І яна, я праз яе перадала сілу свайго цела зямлі. Каб і яна, зямля, радзіла. Дождж амыў зямлю. І з двух маіх зярнятак-вачэй таксама выраслі каласкі. Мне дасюль не дае спакою тое, што з маіх, пазначаных зярняткамі вачэй выраслі каласкі.
Калі ты з’явіўся на свет, сонца яшчэ не паспела ім перадаць свой залаты колер, але яны, убіраючы нябесную і зямную вільгаць і сонечнае цяпло, набывалі малочную спеласць і зелянелі, як... мае вочы. А побач красавалі васількі. Не яркія, светла-блакітныя, халаднаватыя. Жывыя. Як бацькавы вочы.
Ніхто мне так і не паказаў, дзе ягоная магіла. Спачатку мне сказалі, што твой тата выконвае нейкае таемнае даручэнне і яго нельга трывожыць. Калі ты нарадзіўся, я папрасіла Відушчую паклікаць твайго тату, а яна строга папярэдзіла:
— Забудзься на яго. Ён парушыў табу. Пакуль ты была цяжарная, мы не хацелі цябе трывожыць. А цяпер ведай: ён вылепіў Роду з тваім тварам і тваімі вачыма. І яго ніколі больш не будзе ў нашым племені.
Ні слёзы мае, ні просьбы паказаць хаця б, дзе яго магіла, нічога не далі.
— Ён пайшоў да сонца, — сказала Відушчая.
З таго часу нашае племя жыве без мастака. У нас змяніліся тры Галоўных, Відушчая з моцнай жанчыны ператварылася ў нямоглую старую. Аслепла. У нашага племені цяпер сляпая Відушчая. А мастака так і няма. Відушчая ўпэўнена, што ты хутка зможаш стаць нашым мастаком. Толькі для гэтага табе трэба навучыцца выразаць аленяў, ад якіх не будуць адварочвацца стрэлы, якіх не будуць шкадаваць, якіх з лёгкім сэрцам заб’юць паляўнічыя падчас рытуальнага танца, каб потым паўтарыць усё на паляванні. Толькі ж хіба можна забіваць з лёгкім сэрцам?