UR.ANUS
Салавей
вернуться

Бядуля Змітрок

Шрифт:

5. Ледзь пра Зоську не забыўся

У хвойніку было ціха, толькі час ад часу крыкне варона, шарахнецца заяц.

Салавей аглядаўся налева і направа і сваім вачам не верыў, што вызваліўся з панскіх палацаў. Раней гэта яму не ўдавалася. Толькі цяпер, калі ўсе пазвар'яцелі на «генеральную рэпетыцыю», яму ўдалося вызваліцца на кароткі час. Яго адсутнасць, можа, не будзе заўважана.

Хваля радасці нахлынула на яго бурлівым патокам.

Ён не ведаў, што з сабою рабіць. Ішоў не проста, а падскокваючы, як малы хлопчык. Праз рэдкія дрэвы яшчэ відаць быў панскі маёнтак, які ўсімі будынкамі глядзеў на Салаўя.

Здаецца, маёнтак гаварыў яму голасам нячутным:

«Ці я цябе не песціў? Ці я цябе не няньчыў? Ці голад і холад ты ў мяне цярпеў? Чаго ўцякаеш? Зоська? Ды мала Зосек ёсць у палацах?»

Гэтыя пытанні сыпаліся на Салаўя, як невідочны мак.

Ён стараўся не глядзець у бок маёнтка, які клікаў яго назад салодкімі фальшывымі словамі.

«Мабыць, ты, гад, забыўся, — звярнуўся Салавей у думках сваіх да панскага маёнтка, — аб тых здзеках, якія церпіць наш брат у тваіх сценах? Воля і Зоська мне даражэй за ўсё».

Хутка схаваўся маёнтак. Салавей адышоў на некалькі вёрст ад яго. Ён спяшаўся да Зоські.

— Ужо колькі часу не бачыў. Яна, мабыць, аба мне забылася…

Сонца зайшло. Пакінула на небе густую паласу чырвані. Агнёвае мора захаду адбівалася ў розныя пералівы і прабівалася праз дрэвы.

«Трэба ў лесе памарудзіць, а то людзі пабачаць мяне каля Зоськінай хаткі».

Доўга шукаў ён месца, дзе можна было б сесці. Адышоў ад дарогі ўбок і нарэшце знайшоў вытаптанае месца і свежа адрублены пень. Прысеў. Аглянуўся па баках, заўважыў на заільдзянелым ад адлігі снезе месца, дзе ляжаў чалавек. Чалавек адбіўся ў снезе глыбока і ярка: кожная драбніца відаць — і галава, і рукі, нават лапці ў клетках-пляцёнках.

Салавей ускочыў з пня, як падстрэлены.

Ён здагадаўся, што, мабыць, тут быў забіты нядаўна Янкаў сын, Юрка. Вунь якраз ідзе след ад дрэва, з-пад якога цягнулі нежывога Юрку сюды. Дзе-нідзе і сляды крыві відаць… Аб гэтым і ў маёнтку гаварылі. Пан Вашамірскі нават раздобрыўся і загадаў аканому зволіць Янку на цэлы тыдзень ад работы ў двары і падарыў яшчэ дошкі на труну.

Салавей не мог адыходзіць ад гэтага месца. Пільна ўглядаўся ў углыбленне, дзе раней ляжаў забіты дрэвам чалавек, глядзеў і на паваленае дрэва-разбойніка.

Жыва паўставалі ў уяўленні Салаўя розныя абразкі. Ён бачыў Юрку, вясёлага, румянага, здаровага, вечна сарамяжлівага, як дзяўчына. Бачыў і вясёлую хвою, якая ледзь не ў самае неба ўпіралася сваёй вершалінай. Птушкі на ёй спявалі, з ветрам яна шапталася.

Таксама і голас аканома, здаецца, чуў: аканом загадвае Янку зрэзаць вось гэтае дрэва.

З кожнай хвілінай усё больш цямнела, а Салавей вачэй сваіх не мог адарваць ад гэтага месца…

— Ледзь пра Зоську не забыўся… — усхапіўся ён.

Выйшаў з лесу. Пайшоў нацянькі ў бок Зоськінай хаты.

На цёмна-сінім небе блішчэлі зоркі. Яны былі рассыпаны, нібы залаты мак. У вёсцы брахалі сабакі. Ужо відаць была маленькая хатка, дзе жыла Зоська з маткай.

Уся ўвага, усе думкі Салаўя былі цяпер накіраваны ў бок гэтай хаткі… Але так рана не можна туды ісці — людзі пабачаць. Трэба тут пачакаць…

6. Устану я, красная дзеўчына

Старая кабеціна, ідучы з Зоськай з карчмы, завяла яе ў сваю хату. Хітра-ільсцівым голасам аб усім яе жыцці-быцці распыталася. Усё дашчэнту выведала.

— На гэта, дзеткі мае, ёсць розныя лекі, розныя зёлкі, — казала шаптуха. — Косці кажана памагаюць, малако чорнай свінні. Але вось я навучу цябе, як адну замову казаць. Ты будзеш яе гаварыць тры разы на дзень тры дні падрад. Першы раз — перад усходам сонейка, другі раз — на захад сонейка, а трэці раз — у поўнач, калі першыя пеўні запяюць. Гэта напэўна паможа.

Зоська лавіла кожнае слова шаптухі, якая гаварыла скрыпучым, шапатлівым і дрыжучым голасам.

Старая доўга-доўга шаптала, аж пакуль Зоська навучылася на памяць усю замову. Словы замовы чаравалі яе, захоплівалі.

Зоська пакінула старой кавалак палатна і пайшла дахаты. Яна была пэўна, што гэтая замова паможа, што Сымон вернецца да яе.

І замова ёсць малітва, але не дубоваму богу, а невідочным бесам, нячыстай сіле. Да «нячыстай сілы» Зоська адчувала большую блізасць і нейкую пяшчотную інтымнасць. Чарцей яна больш баялася, чым Бога, і, разам з гэтым, больш паважала іх…

Зоська цэлы дзень знаходзілася ў нейкім, невядомым раней, новым настроі. Суткі, падзеленыя ёю на тры часткі — ад замовы да замовы, набылі надзвычайныя чары, вялікую сілу. Гэтымі шэптамі яна, Зоська, трымае ў сваіх руках цэлыя вёскі, усіх людзей. Яна не ведае, што здарыцца, як яно ўсё гэта будзе, але здарыцца нешта такое, ад чаго ёй стане вельмі прыемна і радасна…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • ...

UR.ANUS - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • support@anus.bid