UR.ANUS
Салавей
вернуться

Бядуля Змітрок

Шрифт:

А сабакі паднялі працяглае выццё. Яны па-свойму выказвалі і страх, і здзіўленне.

Дождж іскраў сыпаў і пыліў ва ўсе бакі. Маланкі і бліскавіцы, наладжаныя людзьмі на забаўку, перарабілі Каляды ў Купалле, зіму ў лета.

Фантастычнай і дзівоснай здавалася ноч у вачах простых сялян.

Між іншымі стаялі тут Язэп і Пятрусь, якія рыхтаваліся ісці вясною ў цімакі.

— Гэта на нашай крыві паны гуляюць, — шапнуў Язэп.

— На нашых слёзах і поце, — дадаў Пятрусь.

Каменныя львы па вялізным ганку здаваліся жывымі.

Пасярэдзіне вялікай залі было пастаўлена разам некалькі сталоў. Яны займалі аграмадную плошчу, бокам супроць сцэны. Сталы былі пакрыты белымі абрусамі. Пасярэдзіне сталоў на срэбных падстаўках — гербах пана Вашамірскага — на ўсю даўжыню былі разложаны шырокія тафлі з тоўстага шкла. На тафлях красаваўся сімвал новага года, месяцаў, тыдняў і дзён. У цэнтры знаходзіўся паляўнічы. Па баках стаялі дванаццаць зуброў, пяцьдзесят два ваўкі і трыста шэсцьдзесят пяць лебедзяў. Усё гэта было зроблена з разнастайных тортаў і аздоблена цукеркамі і фруктамі.

Вакол пераліваліся ў розныя калюры крыштальныя карафіны з рознымі вінамі — французскімі і венгерскімі. Радамі стаялі кілішкі. У вялікіх срэбных і парцаляных паўмісках і місках дыміліся мясныя і рыбныя патравы, рознакаляровыя баршчы, расолы.

Панскія лёкаі і гайдукі ў ліўрэях з вышыванымі гербамі пана Вашамірскага, пад камандаю бравага стольніка, усё насілі на стол, насілі з такой заклапочанасцю, нібы ўвесь маёнтак павінны сюды перанесці: насілі асцярожна, трымаючы пасудзіны ў белых сарветках, каб «хлопскія» рукі не пашкодзілі панскаму апетыту.

Даўжэзнае поле стала ламалася, здаецца, пад вялізнымі сервізамі срэбра, шкла, парцаляны, фруктаў, пітваў і патраў.

Кожны крок, кожны рух лёкаяў быў адшліфаваны, нібы панскія слугі выконвалі патаемны рытуал.

Закон зграбнасці быў і тут вельмі строгі.

Пад мяснымі і расольнымі патравамі стаялі срэбныя фаеркі, у якіх сіняватымі агнямі гарэў спірытус, каб яда не астыгла.

Срэбныя і бронзавыя кандэлябры вышэй чалавечага росту стаялі на паркеце. Іх трымалі на пакрытых плюшам і аксамітам сценах амуры і німфы. Пад размаляванымі суфітамі яны віселі фантастычнымі ўзорамі з бронзы і крышталю.

З правага боку сцэны была галёрка для музыкаў, з левага — галёрка для чэлядзі і прыгонных дзяўчат, якіх пан «запрасіў» на баль.

Дзяўчаты-прыгонныя звесілі галовы ўніз і, як зачараваныя, глядзелі на ўсё, што робіцца вакол; шушукаліся між сабою, паказваючы на тыя дзівы, якіх яны ніколі ў жыцці не бачылі.

Ранейшы страх перамагла зацікаўленасць.

Паны ў рознакаляровых кунтушах пры зброях, некаторыя ў напудраных парыках рассаджваліся паводле годнасці, рангу і чына побач з панямі і паненкамі. Пры канцах стала сядзела шляхта з багацейшай, якая была таксама запрошана.

Пан Вашамірскі быў у французскай вопратцы. Яго шыю аздабляла жабо з замыславатых гафтаў. На вопратцы блішчэлі дыяментныя і з іншых дарагіх каменняў гузікі такой каштоўнасці, што за іх можна было б купіць маёнтак і некалькі сот сялян.

Слуцкія паясы блішчэлі ўрачыста і пышна, абхопліваючы, нібы ў цесных шоўкава-залатых абоймах, таліі паноў. Падобныя ўсходнія ўзоры на залатым і срэбным фоне шырокіх паясоў акаймлялі вузенькай сцежкай васількі ды іншыя травы лугоў і палёў тутэйшай зямлі.

10. «Муй жыдэк»

Містэрыя ксяндза Марцэвіча «Прыход волхваў у святую пячэру» прайшла першым нумарам балю. Гэта была самая нудная і абавязковая частка вялікай урачыстасці.

Пан Вашамірскі моршчыўся ад самага пачатку прадстаўлення. Ён толькі дзеля набожнай маткі сваёй згадзіўся прыняць гэта да пастаноўкі; яшчэ перад тым, як загасілі свечкі ва ўсіх кандэлябрах у залі, пан скрытыкаваў містэрыю:

— Не пасуе да настрояў сягонешняга балю, таксама непраўдзіва з боку евангелічных паданняў. Трэба ведаць, што ў наш век рэлігія сярод адукаваных людзей…

Але тут пан Вашамірскі спыніўся, бо ўспомніў, што недалёка ад яго сядзіць яго маці, вельмі набожная і строгая.

Пані Вашамірская, праўда, нічога не сказала на такую заўвагу сына, але так набожна зірнула ў бок ксяндзоў, якія сядзелі недалёка ад яе, што нават не гарманавала з выгарсаванай пышнай вопраткай, у якую яна была ўбрана. Яна зварухнулася. Каты на яе каленях устрывожана няўкнулі.

Ксёндз Марцэвіч быў за кулісамі. Ён не давяраў рэжысёру-французу. Сам кіраваў акторамі і наглядаў за імі ў часе ігры.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • ...

UR.ANUS - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • support@anus.bid