UR.ANUS
Салавей
вернуться

Бядуля Змітрок

Шрифт:

Яе зацікаўленасць расце з кожнай хвілінай. Не церпіцца дачакацца трэцяга разу замову казаць. Цэлы дзень нічога не есць, а голаду не адчувае.

Урэшце надышоў час, калі ўсё павінна скончыцца раз назаўсягды — усё Зоськіна гора, усе пакуты яе сэрца…

Маці ўжо даўно спіць. Яна непакоіцца ў сне, кідаецца з боку на бок, мармоча, стогне, вохкае.

Жудасна робіцца Зосьцы. Уся яна дрыжыць ад страху. Але вось якраз надышоў час казаць замову ў трэці раз. Яе вочы злосцю гараць ад затаёнай напружанасці, бляднее твар. Яна шапоча:

«Устану я, красная дзеўчына, не благаславіўшыся, пайду не хрысціўшыся, і выйду не дзвярмі за новыя вароты ў чыстае поле. У чыстым полі стаяць тры бесы: бес Сава, бес Савул, бес Калдун. Падыду я, красная дзеўчына, пабліжэй, ды пакланюся паніжай: і вы, трыдзевяць бесаў — бес Сава, бес Савул, бес Калдун — паслужыце мне, як служылі Іраду-цару: ідзіце па гарадах, па сёлах, па вёсках і збярыце ўсю пуду і сухоту са звяроў, птушак, рыб і з усякіх людзей — і знясіце тую нуду і ўсякую сухоту малайцу Сымону ў ясныя вочы, у чорныя бровы, у румяны твар, рацівае сэрца, чорную печань, гарачую кроў, у трыдзевяць жыл і ў адну жылу — станавую падпятную. І каб гэты малойца не мог ні жыць, ні быць, ні днём па сонцы, ні ўночы па месяцы, без мяне, краснай дзеўчыны…»

Зоська з такой шчырасцю гаварыла, ажно сэрца грукатала. Гэта была толькі першая частка замовы. Кажучы другую частку, яна слабела з кожным словам і пачынала прыслухоўвацца, што робіцца навокал. Мо зараз зямля ўздрыгнецца… Мо свет перавернецца. А яна не хацела, каб дзеля яе людзі невінаватыя цярпелі…

Не паспела яна кончыць замову апошнім моцным словам «амінь», як нехта пачаў асцярожна стукаць у дзверы.

Непрытомная, спалоханая выскачыла яна ў сенцы і адчыніла дзверы. Два галасы зліліся ў адзін:

— Зоська…

— Сымонка…

Пад адсветам зорак яны ўпіліся бліскучымі зрэнкамі адзін у аднаго…

7. Не чужы, а свой

Часта выходзіў Салавей з Зоськінай хаты на двор. Рупіла глядзець-сачыць, ці хто за ім не гоніцца. У студыі маглі заўважыць яго адсутнасць, хаця ён быў пэўны, што ў часе такой суматохі мала хто там аб ім дбае. Яму рэпетыцыі былі непатрэбны. Яго і не вучылі.

Цішыню глухой ночы трывожыла толькі рыпанне дзвярэй старой хаткі.

Ён аглядаўся па баках і пільна прыслухоўваўся. Думаў аб Зосьцы: яна здзівілася, што ён зусім «панскі выгляд» мае. Мабыць, так яно і ёсць. На сваіх сябрах у студыі Салавей гэта даўно заўважаў, толькі не на сабе. Ва ўсіх сыходзілі мазалі з рук. Усе апрануты чыста. Ад жыцця ў панскіх палацах, ад старанных муштраванняў у працягу некалькі мссяцаў з твараў студыйцаў сышоў мужычы колер. Рухі ва ўсіх пазграбнелі, зрабіліся лёгкімі і спрытнымі. Нават выраз вачэй змяніўся: паглыбеў, іншы змест адсвечваецца ў іхнім бляску. Панскі гебаль адгабляваў людзей, адгаліфаваў. Усе яны ўжо былі не такімі, якімі з'явіліся ў палацы.

Салавей пачаў сябе аглядаць-ашчупваць.

У першы раз за ўвесь час заўважыў, што сапраўды ён не той, якім быў хоць бы паўгода таму назад. Не дзіва, што Зоська не разумела яго некаторыя, як яна гаварыла, «панскія словы».

Вялікую змену ў сабе ён адчуваў толькі цяпер, калі аб гэтым яму казала Зоська. Таксама цяпер толькі прыкмеціў, што Зоська — простая, а маленькая ўбогая хатка душыць яго. Пасля вялікіх пышных панскіх палацаў (хоць ён іх ненавідзеў) простая хатка здавалася яму канураю, у якой нельга жыць не то што чалавеку, але і панскаму сабаку. Ранейшага захаплення Зоськай у яго ўжо не было. Тое імкненне бачыць яе, якое песціў у грудзях увесь час, як бы астыла.

Па голасу, па вачах Зоські, па ўсіх яе рухах Салавей адчуваў, што яна бачыць у ім гэту змену.

Жаль да Зоські агарнуў яго.

Сінь ночы атуляла яго з усіх бакоў. Сінім колерам была афарбавана і вёска Вашаміршчына, што ўпіралася сценамі ў густы хмызняк, і лес цёмна-сінім мурам маўкліва-грозна глядзеў у закуранае хмарамі неба.

Снег быў пругкі і хрусцеў задушаным стогнам пад кожным крокам, хоць Салавей стараўся ступаць асцярожна і нячутна.

У Салаўя было спачатку такое ўражанне, нібы нешта ўкраў у Зоські, украў самае лепшае і дарагое ў яе жыцці. Украў сваімі ўласнымі рукамі. Але ў цішыні як пачаў болей глыбока думаць аб гэтым, — як гэта выйшла і чаму так здарылася, што Зоська па яго пакрыўджанымі вачыма паглядае, — ён пачаў адчуваць, што ў гэтым сам мала вінават: панскія пакоі яго перарабілі. Ён сам сабе чужым стаў… Цяперашні Салавей зусім не той чалавек, што ранейшы Сымонка.

Чаму гэтак сталася, ён як бы не разумеў, але адчуваў, што разам з агідай да панскай няволі, да панскіх палацаў гэтыя палацы і вабілі да сябе; цягнула яго да іх, як матылька да агню.

Разам з агідай да паноў, да іхніх учынкаў і здзекаў над прыгоннымі ён не можа цяпер глядзець на сваіх ранейшых сяброў і нават на Зоську так, як глядзеў раней, — нечым ён ад іх адрозніўся і заўважаў у іх тое, непрыемнае для сябе, чаго раней не бачыў…

Салавей часта ўваходзіў і хутка выходзіў адтуль.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • ...

UR.ANUS - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • support@anus.bid