Багданава Галіна
Шрифт:
— Вы сталі першай, хто так адчайна, безаглядна паверыў мне і ў гонар гэтага... Ды не, проста так, прост аза тое, што вы ёсць на свеце, я вырашыў падарыць Вам гэты пакой, кватэру ў гэтым маім не зусім звычайным доме, гэтым чарўным доме без кутоў. Тут Вы назаўжды застаняцеся такою, як былі, калі я ўпершыню Вас убачыў: назаўжды застаняцеся маладою....А я...я пасталею і вярнуся да Вас. І ўсё ў нас пачнецца спачатку. І будзе мець працяг...
— Ах, Гаўдзі, Гаўдзі... Нават падарункі ў Вас не такія, як ва ўсіх. Спачатку — гэтая парфума з бэзавы прысмакам, ад водару якой мроіцца Бог ведае што. Цяпер вось дом, гэтая кватэра, пакой без кутоў. Дзе час растае, як снег. А прастора на вачах пераўтвараецца ў жывое, пульсуючае святло...
— Не... Святло — гэта Вы. Гэта Ваш жывы цень. Ёсць людзі, іх няшмат, але яны ёсць, у іх ценем стаецца не паўзмрок, а святло. І Вы, і я. Мы з Вамі, пэўна ж, з такіх вось, не зусім звычайных людзей. Мы не жывем, а быццам плывем па жыцці ўхвалях. Акіяне святла нашых фантазій і сноў. І чым больш мы фантазіруем, марым, тым далей разліваецца вакол нас нашае святло...
— Акіян... Гэта ўжо небяспечна і ... нават страшна... Я ніколі не была на акіяне, але мора, мора заўжды вабіла мяне сваёй неўтаймоўнасцю. Я люблю яго да самазабыцця. Калі я была яшчэ дзяўчынкай, мы з сябрамі аднойч ыналадзілі на моры свята Нептуна. І мяне абралі за галоўную Русалку, намалявалі на нагах зялёнаю фарбай лускавінкі, як у рыбы, аздобілі водарасцямі. Разам з Нептунам мы мусілі выплысці да тых, хто сабраўся на беразе. Проста з мора. На лодцы. Сонца прыпякала ўсё мацней. І я ў сваім купальным касцюме не тое што загарэла — згарэла... Потым фарба змылася, а луска, лускавінкі там. Дзе была форба, так і засталіся. Потым так і хадзіла, у лускавінках. Мы плылі тады, а сонца, гэта я добра памятаю, яно было ў самым зеніце і зазірала ў самую глыбіню. У марское бяздонне. І яно, гэтае сняе бяздонне, як шкло, праглядалася наскрозь. І ў гэтай сапфіравай, з зеленаватаю павалокай сапфіравай сінечы лянотна варушыліся зманліва-празрыстыя. Слізкія, мяккія, пластычныя, гнуткія, як хвалі, мядузы...
— Мядузы... Я, калі бачу іх, чамусьці заўсёды думаю пра тое, з чаго іх можна было б зрабіць...
— Можа быць, са шкла?
— Не, гэта будзе занадта банальна. Да таго ж, шкло празрыстае, але не пластычнае...
— Тады мядузу трэба рабіць са святла. Гаўдзі, Вы маглі б зрабіць мядузу са святла?
— Не ведаю. Я ніколі не спрабаваў працаваць са святлом.
— мора, акіян, як і неба — калыска святла. У іх столькі таемнага, неспазнанага. Недасягальная вышыня, невымерная глыбіня. У нейкае імгненне, раптам, яны — мора і неба — робяцца такімі падобнымі. І ўспененыя хвалі пераўтвараюцца ў пухнатыя аблокі, хмары, якія зноў з дажджом ападаюць у мора...
— А мне аблокі, як і спавітыя пенаю хвалі, чамусьці заўжды нагадваюць белыя ружы. Ведаеце, мне нехта расказваў, што адзін мастак прадаў усё, што ў яго было, нават фарбы і пэндзлі дзеля таго, каб падарыць сваёй каханай мора, акіян белых ружаў. Яна прачнулася, вызірнула ў акно — і не паверыла сваім вачам...
— Мне дастаткова было б адной ружы... Калі б яна пусціла парасткі, я сама б выгадавала з яе мільён белых ружаў і пераўтварыла свой сад у аблокі... Дарэчы, у Сярэднявеччы белая ружа была знакам маўчання... Тады кожная кветка мела свой таемны сэнс. Белы цюльпан — каханне, а ружа — маўчанне...
— Гэта таму, што закаханы заўжды нямее ад...
І Гаўдзі падняў на мяне свае жывыя цёмныя вочы. І гэта быў самы палкі, самы сонечны і хвалюючы з усіх, зведаных мною да таго, позіркаў і дотыкаў. Мяне зноў агарнула, ахінула дзіўнае, незямное святло, у якім я раставала, плыла, выплывала ў бясконцасць. Апошняе, што я памятаю: гэта падобныя да празрыстых ліловых матыльковых крылаў дзверы з крыху запацелымі шкельцамі...
Ён пайшоў. А я засталася чакаць яго ў збудаваным ім самім для мяне не зусім звычайным доме без кутоў. І ў нейкае імгненне раптам адчула, што я не адна. Ува мне, недзе глыбока, усярэдзіне ўва мне засталіся пульсаваць ягоны пагляд, светлая ўсмешка, ягоны цёплы, мяккі дотык... Мой Гаўдзі...
І праз дзевяць месяцаў я нарадзіла... Нарадзіла ягонае... не. Ужо цяпер нашае з ім лёгкае, пульсуючае святло. Яно, як толькі з’явілася на свет... не. Не заплакала. Яно не закрычала, як усе дзеці. Яно ўсміхнулася і... затанцавала. Спачатку гэтае наноўнароджанае святло рухалася мякка, пластычна. Сціналася і расцякалася, як мядуза. Потым прыўзнялося, надзьмулася і заварушылася павольна, няўклюдна. Гэта была ўжо не мядуза, а смешны, таўстапузы, падобны да Вакха, трытон... А потым нешта зноў сталася, падзьмуў вецер — і на маіх вачах святло пераўтварылася ў чароўную, празрыстую дзяўчыну, жанчыну, якая Амфітрыдаю гатовая была прыпасці, усім сваім гнуткім, як ліяна, целам яна гатоая была абвіць, абгарнуць свайго ўладара, марскога пана Пасейдона... Гэта ўжо была не мая, а ейная мроя...
Я ведала, бачыла з акна, як Гаўдзі — то засяроджаны, то радасны, натхнёны — здзяйсняе свае новыя праекты, будуе дзіўныя, абкладзеныя рознакаляроваю кафляю дамы з падобнымі да ракавінаў вінтавымі лесвіцамі і столямі, прыдумляе поўныя дзівосаў паркі, стварае каменныя каралы і кветкі, казачных востразубых драконаў і бясконцыя змейкі-лаўкі. І ўсе гэтыя ягоныя архітэктурныя фантазіі і вынаходніцтвы тут, у пакоі, паўтарала — у пластыцы, у колеры — нашае з ім так раптоўна, ад аднаго пагляду народжанае святло...
Я ведала, галоўным для Гаўдзі ўсе гэтыя гады заставаўся храм, які, так мроілася Гаўдзі, мусіў стварацца, вырастаць з самое зямлі... З зямлі, каменю, паветра. Так дзеці будуюць ля мора свае казачныя замкі з пяску... Ён хацеў так уславіць Бога, увасобіць у храме ўсе вобразы Святога пісання. Безліч фігур, кожная з якіх мусіла займець свой голас, сваю мелодыю. Яны, гэтыя галасы, ужо гучалі ў ягонай душы магутнымі арганнымі акордамі...
Я ведала, што Гаўдзі будаваў гэты храм не толькі для людзей, але і для нашага з ім неўтаймоўнага , так раптоўна, нечакана народжанага святла... Пакуль храм не будзе дабудаваны — яно, нашае святло, беспрытульнае, змушана будзе блукаць па свеце.