Багданава Галіна
Шрифт:
Дрэвы-дровы... Адна літара і вялікае, глабальнае, касмічнае (ахопленыя полымем дрэвы так убачыш хіба што з касмічнай вышыні) ператвараецца ў малое, мізэрнае — у попел, які можна ўзяць на далонь, дзьмухнуць — і ён разляціцца, ператворыцца ў нішто.
Хтосьці, назіраючы за пульсуючымі, мігатлівымі вугельчыкамі ў печы, бачыць у аксамітным паўзмроку яе ўлоння зорнае неба, космас. А нехта, гледзячы туды, як Леанарда, усведамляе, што там, у печы, дагарае лес, дрэвы, кусты вялікіх лясоў... Дрэвы-дровы. Усяго адна літара... І глабальнае пераўтварэнне.
... З гэтымі думкамі я падыйшла да люстэрка. Яшчэ мокрыя ад дажджу мае валасы цяпер кучаравіліся яшчэ мацней, чым зранку. Цяпер зразумела, чаму сёння адзін з вучняў, калі я паказвала “Мону Лізу”, спытаў: “А Вам ніхто не казаў, што Вы да шаленства падобная на Мону Лізу, на Джаконду?”
“Не... Вы будзеце першы, “ — разгубіўся я. І гэтая разгубленасць дасюль рэхам стыне ў маіх вачах...
А што, калі гэтыя мае кучарашкі прымацаваць як бараду. Вось так... Вадаспадам...
У паўзмроку з залюстроўя на мяне раптам зірнула ўжо не Джаконда, на мяне зірнуў сам Леанарда. Не разгубленасць, ніякаватасць, а лёгкая іронія іскрылася ў ягоных зрэнках. Чыста мужчынскі рацыяналізм і скепсіс... Розум аналізуе. Душа сінтэзуе. Вобраз нараджаецца не ў галаве, у сэрцы. І душа пераўтварае яго ў рэальнасць, акрыляе яго...
Якія дзіўныя бываюць супадзенні. Той мой вучань, які ўбачыў ува мне Джаконду, можа, на сёння адзін з самых таленавітых на Беларусі юных скульптараў, цяпер, у нашым стагоддзі амаль дакладна паўтарае лёс Леанарда. Яго, як і калісьці геніяльнага Леанарда, кінула маці. І ён не ведае, дзе зараз яна блукае. І ці блукае ўвогуле...
Адзін з даследчыкаў творчасці Леанарда знайшоў запіску, дзе была ўсяго адна фраза: “Сёння памерла Кацярына”. Лічыцца, што гэта ён пра маці, сваю маці, якую не бачыў шмат гадоў. Эпоха Адраджэння, якая падарыла свету ўзоры бездакорнага ўзнёслага гуманізму, наяве была і жорсткаю, і крываваю.
— Чалавек прагне дасканаласці, гармоніі, сіметрыі і паўнаты. Дзяўчынка з самага нараджэння бачыць свой люстэркавы адбітак, сваё адлюстраванне ў бацьку, бачыць, якою б яна была, каб нарадзілася мужчынам. А хлапчук — у маці. Я не памятаю, амаль зусім не памятаю сваю маці. Таму маё жыццё — вечнае блуканне ў залюстроўі. У пошуках майго другога “я”, у пошуках жанчыны, якая б магла ўвабраць у сябе маю беспрытульную душу...
Калісьці я ўжо чула гэты голас. І гэтае перарывістае дыханне... Так гаворыць мой вучань, той, які сказаў, што я падобная на Джаконду...
— Я быў вельмі паслухмяным, паверце, я быў самым паслухмяным з усіх маіх братоў і сясцёр. Адзінае... Надта не любіў есці тварог... І мама, мая мама будавала мне з тварагу замкі... А потым яна пайшла і не вярнулася...
Я глядзела ў ягоныя вочы. Сумныя, самотныя зеленаватыя вочы... Цяпер я разумела, гэта былі вочы Леанарда. А ў памяць наплывалі новыя загадкі, якія сама сёння загадвала вучням. І якія так хутка разгадваў той мой вучань. І новыя, яшчэ нідзе не зафіксаваныя...
... І бачу я, як вадзяныя жывёлы паміраюць у кіпені...
— Чаму ўсе Вашыя загадкі нагадваюць сцэны страшнага суда? — спыталася я ў Леанарда.
— Які Страшны суд? — ён не ўсміхнуўся, пасміхнуўся мне з Залюстроўя... — Гэта ж рыба. Вы што ніколі не варылі з яе, як там па-вашаму... юшку?
— Як проста...
— Усё складанае наяве проста. Толькі трэба дакладна ведаць, з якога боку да яго падступіцца...
— Вы, Леанарда, пэўна, таму так шмат паспелі ў жыцці. Паспелі, таму што ведалі, як складанае пераўтварыць у простае, а ў простым угледзець цэлы космас. Сусвет... Усе вашыя творы — гэта сама...
—Недасканаласць. Вы хацелі сказаць дасканаласць, але ўсе мае творы — сама недасканаласць. І мелі рацыю тыя, хто здзекваўся з мяне, смяяўся.
— Гэта, пэўна, былі вельмі недалёкія, тупыя людзі.
— Ды не... Сярод тых, хто смяяўся з мяне, былі нават геніі.
Леанарда адвёў, апусціў вочы. Адыйшоў убок. І скрозь люстэркавую смугу я ўбачыла вуліцу... На лавачцы сядзелі, нешта абмяркоўвалі некалькі маладых італьянцаў. Па іхнім адзенні я здагадалася, што яны жывуць у эпоху Леанарда. Прыслухалася.
— ... Так казаў Дантэ. Але што гэта значыць...
— Спытаемся ў Леанарда. Вунь ён кіруе сюды ад царквы Санта-Трыніта.
Лёгкаю хадою той якраз праходзіў паўз іх. Ад просьбы сумеўся, разгубіўся. Але тут з ім параўняўся і, злёгку кіўнуўшы, пайшоў далей не хто іншы, як Мікеланджэла. Леанарда з хваляваннем гукнуў яго:
— Можа, ты патлумачыш гэтым людзям адзін урывак з Дантэ?
Мікеланджэла рэзка павярнуўся і груба кіўнуў:
— Не-не. Растлумач лепш ты, ты, які зрабіў праект бронзавага каня, але не змог адліць яго і, да сораму свайго, пакінуў яго недаробленым.