UR.ANUS
Сакрамэнта
вернуться

Багданава Галіна

Шрифт:

Колькі яна жыла, ніколі не працавала на зямлі ў пальчатках. Рукі ў яе былі невялічкія, скура далікатная, і ад крапівы адразу з’яўляўся пякучы россып бубачак, якія потым ператвараліся ў вадзянікі і лопаліся. А дзьмухаўцы пакідалі на ейных бялюткіх пальчыках ліпкія карычневыя пісягі і плямкі. Але праз дзень-два далоні зноў рабіліся мяккімі і пяшчотнымі. І яна, хоць была ў гадах, прагнула аддаваць тую пяшчоту. Ды толькі браць яе не жадалі. Ні бацька, які пад канец жыцця сышоўся з маладзейшаю за маці жанчынай. Ні муж, што больш за ўсё на свеце любіў напіцца ды забыцца. Ні сын, шчымлівая і трывожная струначка ейнага жыцця. І яна сцякала тою пяшчотаю, крывавіла, нібы рана, выпраменьвала святло, якое нікога не грэла і ад якога нікому не рабілася святлей.

Пустазелле неахвотна развітвалася з зямлёю, урадліваю, зацалаванаю сёлета дажджамі глебаю. І з бульбачкай, на якую надта прыемна было яму, таму пустазеллю абаперціся, якую і абвіць можна.

Цяжка ломкі, горкі нават на водар палын. Чаму гэтую зямлю, што адвеку звалі Белаю, значыць, чыстаю, так аблюбаваў гаркавы, срэбны, чарнявы палын? Ворагі з захаду, ворагі з усходу. І самі між сабою браты ніяк не разбяруцца. Палын пахне ворагамі і вайною. Хоць памры, а яго трэба вырваць. Не будзь яна жанчынаю, калі не вырве палын варожасці.

Макрыца лепіцца да зямлі, маленькая, кволенькая, кажуць, нават карысная пры нейкіх хваробах. Дзед аднойчы расказаў ёй дзіўную гісторыю. Як пайшоў ён у Купальскую ноч са сваім сабакам Шарыкам у лес.

Ідзе і прыглядаецца. Які ж беларус не хоча сваю папараць-кветку знайсці?! І раптам дзед сам для сябе нечакана пачаў разумець, пра што сава вухнула, пра што сабака ягоны забрахаў. І нават дрэвы шаптацца сталі чалавечаю моваю. Здзівіўся дзед. Бо такія здольнасці, казалі, толькі папараць-кветка даць можа. А яе ж нідзе не відаць. Вярнуўся дамоў ён, стаў разбувацца, лапці здымаць, і ўсё. Зноў ні Шарыка свайго, ні птушак не разумее. А потым уцяміў—гэта ж ён незаўважна папараць-кветку, што ў лапаць яму недзе ў лесе патрапіла, вытрусіў. Бо яна ж, тая цуд-кветка, маленькая, адразу не ўгледзіш, кволенькая, як макрыца. Як і шчасце нашае беларускае. Ціхае ды някідкае. Мала каму вакол зразумелае. Але ж жывучае. Макрыцу рві, не рві, ізноў праб’ецца.

Дзьмухаўцы. Дзіўныя сонечныя кветкі, якія ператвараюцца ў лёгкія воблачкі і сплываюць парашуцікамі насення. Але для бульбы яны ці не першыя ворагі. Як для тутэйшых людзей жаданне блукаць па свеце, раскідаць сваё насенне, свае таленты і працалюбства.Вунь надрыўнае Паўлюкова, Багрымава “Зайграй, зайграй, хлопча малы!” пачуў Якуба Коласа Сымон-музыка, што вандраваў па беларускіх вёсках і Алесь Рыбак, што давандраваў са сваімі бацькамі-музыкамі да Нарвегіі і да перамогі на Маскоўскім “Еўрабачанні”. Вырывай не вырывай тыя дзьмухаўцы, усё адно разлятуцца і прарастуць сонечным ветрам, светлаю згадкай.

Але пачынаць вызваленне бульбы варта было б з калючых дзядоў. У ейнага дзеда падканец жыцця, яна добра тое памятала на дотык сваіх далікатных ручак і не меньш далікатных шчочак, і ў дзеда на твары было гэткае ж колкае, сівое шчацінне. І калі ён памёр, ёй заўжды здавалася, і цяпер, бач ты, здаецца, што ён ператварыўся ў расліну. Калючую, чэпкую, да дзявочых спадніц ліпучую. Але дзяды мусяць саступіць месца маладым высакародным парасткам. Калі ўвесь час думаць толькі пра мінулае, будучыня завяне. Яна сама ўжо чалавек пажылы, але ёй чамусьці ўтульней не сярод сваіх аднагодкаў, а сярод моладзі, сярод тых, хто ўмее марыць, хто смелы і дзёрзкі, хто не баіцца лётаць і чапляецца не толькі за свае хваробы і дзявочыя спадніцы.

Крапіва — самая карысная расліна сярод пустазелля. З яе і суп са шчаўем зварыш, ёю галаву памыеш, і для градак угнаенне цудоўнае. Адно слова — крапіва. Усюдыісная, балбатлівая, вострая на язык пякучка. Як жа гэта навучыцца не абгаворваць, не выносіць раней часу сваю радасць, ды й бяду на людзі?

А гэты ўюнок, што так дарэчы абвівае плот, засланяючы ад суседзяў сядзібу, можа зусім задушыць бульбу. Яе з абдымкаў гэтай недарэчнай, кволай з выгляду міні-ліаны не выбавіць. Спляліся, лічы, зрасліся, як сіямскія блізняты. Усё, што ўецца, звязана з хмелем, з вінаградам, а значыць, з півам, віном... Затое з бульбы робяць фірменную гарэлку “Бульбаш”.

Бульба, аплеценая ўюнком, не ўродзіць. Яе хіба што на гарэлку пусціць потым можна. Дзе ў хаце завялося п’янства, яно шашалем абразы сточыць, і не заўважыш, як ад кахання, сям’і труха застанецца.

А вось з хрэнам, што гэтак самавіта паўстаў сярод бульбачкі, можна было б і пазмагацца.

З даўніх часоў салярны акруглы знак быў і жаночым знакам. А мужчына, будаўнік ды ваяр, асацыіраваўся з чымсьці крышталічна ўстойлівым. Круглае яно ж коціцца і коціцца. А крышталік стаіць, урастае, узрастае, спыняе тое, што коціцца. Ужо ў дваццаць першым стагоддзі сярод першаэлементаў, якія на мікраўзроўні вызначаюць жаночы і мужчынскі пачаткі, навукоўцы нечакана, а для мастакоў з часоў першабытнасці і “Пацалунку” Густава Клімта, зусім нават натуральна, адкрылі, што жаночы першаэлемент нагадвае вяночак, а мужчынскі — крышталічны ромбік, лісточак. Хрэну.

Паліна Эдуардаўна хацела падчапіць цяпкаю хрэн. А падчапіла разам з ім і бульбачку. Ужо з ліловаю квеценню, ужо з кругленькім, у жменьку велічынёю маладзенькім наедкам. Корань хрэна, моцны і пругкі, ухапіў бульбачку і не выпускаў. Проста помнік нейкі жывы шчаслівай сям’і. Яна іх атрэсла і паклала на ганак з падгнілымі ад часу трыма прыступкамі.

Бульбу выпалала. Зямлю цяпкаю ажывіла. Вільготным летам каларадскіх жукоў шмат не бывае. Але некалькіх давялося раздушыць. Брыдка, ды што паробіш. Не хочацца аддаваць сваё ні мясцовым чарвячкам, ні заакіянскім каларадскім жучкам.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • ...

UR.ANUS - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • support@anus.bid