UR.ANUS
Героі Элады
вернуться

Смирнова Вера Васильевна

Шрифт:

Чуткі пра дзівосную лань разышліся па паселішчах, і шмат паляўнічых не раз выпраўляліся шукаць яе. Але, убачыўшы іх, лань імгненна знікала ў нагорным лесе. Лес быў густы, непралазны, гара здавалася непрыступнай для людзей. Паляўнічыя вярталіся ў даліну і гаварылі, што на свеце не знойдзецца чалавека, які мог бы высачыць і дагнаць гэтую лань.

Трэці раз паклікаў Еўрысфей Геракла і загадаў яму злавіць Керынейскую лань і жывую прывесці ў Мікены.

Геракл са сваім сябрам Іалаем падаліся ў Аркадскія горы. Ён пакінуў дома свой лук і атрутныя стрэлы, а замест зброі ўзяў з сабою сякеру, рыдлёўку і нож.

Яны працярэблівалі прасекі ў густым лесе, рабілі прыступкі на камяністых кручах, пратоптвалі сцежкі ў высокай траве. Спілаваўшы дрэвы, героі перакідвалі іх, нібы масты, цераз ручаі і горныя рэчкі і звязвалі галінамі і моцнай карой. Па гэтых вісячых мастах яны пераходзілі прорвы, па прыступках і сцежках падымаліся ўсё вышэй і вышэй у горы. Часам лань на імгненне з'яўлялася перад імі: пабліскваючы залатымі рагамі і нібы вабячы іх за сабою, яна тут жа знікала. Геракл з Іалаем цярпліва ішлі па яе слядах. Яны перабіраліся цераз горныя вяршыні, пакрытыя снегам, спускаліся ў цясніны, пераходзілі ўброд ручаі і рэчкі. Снежныя лавіны, спадаючы з кручаў, асыпалі іх ледзяным пылам, над імі грукаталі горныя навальніцы. Яны сустракалі ўсход сонца на вяршынях, начавалі ў дуплах вялікіх дрэў і ў густым хмызняку, сілкаваліся ягадамі, арэхамі, салодкімі каранямі, пілі ваду з горных крыніц - і нястомна, гадзіна за гадзінай, усё вышэй падымаліся ў непрыступныя горы.

Лань усё часцей паказвалася перад імі, быццам пачынала прывыкаць да людзей, - яна спынялася і пазірала на іх без боязі і ўцякала ўжо не так імкліва, як раней. Цяпер забіць яе было б лёгка, але ж яны павінны былі злавіць яе жывой - такі быў загад цара.

Нарэшце ім удалося загнаць лань на вяршыню і абысці. На вузкай сцяжынцы над прорвай яе чакаў Іалай. Убачыўшы яго, лань павярнулася, хацела бегчы назад, але тут Геракл перагарадзіў ёй дарогу. Яна замітусілася, не ведаючы, куды ўцякаць, і раптам замерла на краі прорвы. У тое ж імгненне Геракл накінуў ёй на рогі сплеценую з паўзучых раслін вяроўку і моцна трымаў, пакуль не прыйшоў Іалай. Удвух яны павялі злоўленую лань па пракладзенай ужо дарозе ўніз з гары.

Раптам на павароце сцяжынкі, у лесе, перад імі з'явілася прыгожая жанчына ў кароткім адзенні, з паляўнічым лукам у руках, з калчанам за плячамі. Твар яе быў разгневаны, вочы палалі. Уладным узмахам рукі яна спыніла паляўнічых, а лань адразу ж падбегла да яе і пачала церціся галавой аб яе рукі.

Маладая паляўнічая пагладзіла яе і сказала:

– О прагныя людзі! Хіба вам мала дарог і палёў у шырокіх далінах там, унізе? Навошта вы парушылі цішыню майго горнага лесу? Ніколі яшчэ не ступала тут нага чалавека... Цяпер вы паказалі дарогу сюды людзям, і на маіх запаведных вышынях загрукаюць сякеры і рыдлёўкі, а стрэлы паляўнічых распудзяць маіх звяроў і птушак. Навошта вы зрабілі гэта?

Геракл пазнаў дачку Зеўса - Артэміду-паляўнічую.

– Не гневайся на нас, багіня!
– адказаў ён ёй.
– Мы прыйшлі сюды па волі твайго бацькі, вялікага Зеўса, які паслаў нас служыць людзям. Мы праклалі дарогу на вяршыні, таму што зямля ўся павінна стаць набыткам чалавека. Але толькі смелыя і дужыя змогуць падымацца сюды. Няхай адважныя пойдуць за намі на гэтыя вяршыні. Тут цудоўна, тут вольна дыхаецца, і адсюль далёка відаць усё вакол. Тут чыстае паветра, і сам чалавек, падняўшыся сюды, робіцца чысцейшым і лепшым.

Позірк багіні палагаднеў. Яна пагладзіла прыгожую лань і сказала ёй:

– Ідзі! Ты хутка вернешся да мяне!
– і схавалася паміж дрэвамі.

Геракл з Іалаем пайшлі далей, ведучы за сабою злоўленую лань.

Дарога назад была хутчэйшая і лягчэйшая, бо яны ішлі па сваіх слядах і зарубках. Неўзабаве яны спусціліся да падножжа гары. Геракл рушыў у Мікены і прывёў у палац Еўрысфея цудоўную лань.

Але цар, баючыся Артэміды, аддаў лань Гераклу.

Геракл успомніў словы красуні паляўнічай: «Ты вернешся да мяне!» Каб выканаць пажаданне багіні, ён вярнуў лань Артэмідзе.

Чацвёрты подзвіг. Геракл вызваляе зямлю ад Эрыманфскага вепра

І ўлетку і ўвосень, калі на палетках даспявае гародніна і збажына, сяляне, што жылі каля гары Эрыманф, з трывогай аглядалі раніцай свае палі і кожны раз то тут, то там знаходзілі сляды страшнага спусташэння: зямля была парытая, пасевы здратаваны, вырваны з коранем і шмат пладоў, патрэбных людзям, без карысці былі падушаны нейкай грубай сілай.

Людзі гаварылі, што ў дубовым гаі на горных схілах жыве дзікі вепр, які ўночы спускаецца з гары і спусташае палеткі. Але такія страшныя былі яго іклы і капыты, што ніхто не адважваўся пайсці ў лес і забіць злоснага драпежніка.

Цар Еўрысфей загадаў Гераклу ўпаляваць Эрыманфскага вепра.

Геракл здзівіўся, што дагэтуль не знайшлося ў паселішчы меткага стралка, таму што забіць дзіка не так ужо цяжка, і адзін пайшоў на Эрыманфскую гару.

Узбіраючыся ўгору па крутым схіле, ён пачуў конскі тупат, і раптам міма яго прамчаўся ў даліну табун дзікіх коней. Але, прыгледзеўшыся добра, Геракл убачыў, што гэта былі не коні. Нібы палова чалавека зраслася з палавінай каня - на конскім крыжы чалавечае тулава з галавою і рукамі. Здалёк здавалася, што раз'юшаныя коннікі імчацца на шпарканогіх конях.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • ...

UR.ANUS - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • support@anus.bid