UR.ANUS
Героі Элады
вернуться

Смирнова Вера Васильевна

Шрифт:

– Ён будзе маім любімым сынам, я дам яму ўладу над усёй Грэцыяй, і іншыя героі будуць служыць яму, - сказаў Зеўс.

Гера, жонка Зеўса, пакрыўдзілася, што такую сілу і славу Зеўс хоча даць сыну звычайнай жанчыны. Адразу ж у яе ўзнік хітры план. Яна сказала Зеўсу:

– Пакляніся, што той, хто першы народзіцца ў гэтую часіну, атрымае ўладу над усёй Грэцыяй і астатнія героі павінны будуць служыць яму!

Калі б Зеўс зірнуў у гэты момант на багіню, ён зразумеў бы, што яна задумала нядобрае, бо ні ў кога на зямлі і на небе не магло быць таямніц ад уладара свету ні ў справах, ні ў думках. Але ў гэтую хвіліну Ата, багіня падману, адцягнула яго ўвагу, і Зеўс не прыкмеціў хітрасці Геры. Ён падняў сваю залатую чашу і сказаў:

– Клянуся! Так будзе!

Дзве жанчыны на зямлі чакалі ў той час дзіцяці: у Фівах царыца Алкмена, якую Зеўс выбраў у маці вялікаму герою, і ў Мікенах аргоская царыца. Тады Гера сваёй уладай затрымала нараджэнне аднаго і паскорыла з'яўленне другога. І вось спачатку нарадзіўся на свет з жаласным плачам кволы і слабы аргоскі царэвіч Еўрысфей, а пасля яго ўжо сын Алкмены. Як толькі нарадзіўся Еўрысфей, Гера сказала Зеўсу:

– Радуйся, Грамавержац: толькі што на зямлі нарадзіўся той, каго ты абяцаў зрабіць гаспадаром усёй Грэцыі!

Зеўс зразумеў, што Гера змахлявала. Твар яго пацямнеў ад гневу. Усе змоўклі, са страхам чакаючы гразы.

Тады Грамавержац накінуўся на багіню падману Ату. Ён скінуў яе з Алімпа на зямлю і назаўсёды забараніў з'яўляцца сярод багоў у яго светлым нябесным доме. З таго часу багіня падману жыве сярод людзей на зямлі і сваімі злоснымі выдумкамі сее варожасць паміж імі.

Потым уладар свету звярнуўся да Геры і сказаў ёй:

– Я ведаю, цяпер ты будзеш праследаваць сына Алкмены, рабіць усё, каб ён трапіў у небяспеку. Але ён вытрымае ўсе выпрабаванні, пераадолее ўсе перашкоды, а твае намаганні перашкодзіць яму толькі павялічаць яго славу. Ён здзейсніць подзвігі, якіх да яго не здзяйсняў ніхто, і даб'ецца шмат слаўных перамог. А калі ён закончыць свае зямныя справы, я падыму яго на Алімп, і ты сама прымеш яго ў круг бессмяротных. І няхай будзе імя яму Геракл, што азначае «праслаўлены Герай».

Гера хоча загубіць Геракла

Амфітрыён, цар Фіў, вярнуўся з паходу і адпачываў пасля ваенных бітваў. Востры меч яго мірна вісеў на сцяне над ложкам. А ў глыбокім шчыце яго, нібы ў калысцы, спалі Іфікл і Геракл, два маленькія сыны Алкмены. Яна заслала шчыт кучаравай шаўкавістай шкурай белага барана, каб дзецям было мякка спаць.

Была цёплая ціхая ноч, і месяц свяціў у прачыненыя дзверы. Усе ў палацы спалі - і цар, і царыца, і служанкі, і воіны цара.

Апоўначы пачуўся шоргат на каменных плітах тэрасы, і ў спальню з саду ціха ўпаўзлі дзве змяі, - ліхія пасланніцы багіні Геры. Яны прапаўзлі міма пасцелі царыцы і гайданулі шчыт, у якім спалі дзеці. Круглыя змяіныя галовы ўзняліся над краем шчыта, змяіныя вочы загарэліся, увесь пакой напоўніўся зеленаватым святлом. З лёгкім свістам пагойдваліся змеі над дзецьмі, высунуўшы доўгія чорныя языкі.

Хлопчыкі раптам прачнуліся. Іфікл спужаўся, закрычаў, перакуліўся цераз край шчыта і папоўз з плачам, клічучы маці. Змеі не кранулі яго; яны запаўзлі ў калыску і абвілі маленькага Геракла халоднымі слізкімі кольцамі. Геракл засмяяўся, працягнуў рукі, нібы гуляючы, і схапіў змей за шыі. Злосныя гадзіны звіваліся ў руках дзіцяці, стараючыся ўкусіць яго, а ён усё мацней сціскаў іх, пакуль не задушыў зусім. Сціхла сіпенне, і святло ў змяіных вачах пагасла.

Плач Іфікла пабудзіў Алкмену. Яна спалохана ўсхапілася з пасцелі і паклікала на дапамогу. Амфітрыён схапіў свой меч і прыбег у пакой царыцы. Збегліся служанкі і воіны, прынеслі свяцільні і пры святле іх усе ўбачылі: маленькі Геракл ляжаў жывы і здаровы ў сваёй калысцы, трымаючы ў руках задушаных змей, і смяяўся.

Гераклу было ў той час не больш года.

Выбар дарогі

Калі Геракл крыху падрос, Амфітрыён пачаў вучыць яго ўсяму, што павінен ведаць і ўмець воін: страляць з лука, валодаць мячом, кідаць кап'ё, біцца кулакамі, кіраваць коньмі. Цар хацеў таксама, каб Геракл вырас адукаваным чалавекам і разбіраўся ў навуках і мастацтвах. Але Геракл не паказваў стараннасці ў гэтым, і настаўнікі часта былі незадаволены ім.

Неяк раз настаўнік музыкі ўзлаваўся на Геракла і стукнуў яго. Хлопчык раз'юшыўся і з такой сілай шпурнуў у настаўніка кіфараю, што той упаў мёртвы.

Амфітрыён разгневаўся і загадаў судзіць Геракла. Але юны Геракл горача абараняўся:

– Ён першы стукнуў мяне! На ўдар трэба адказваць ударам. Я не хацеў забіваць яго. Я не ведаў, што мой удар такі моцны.

Тады Амфітрыён пачаў асцерагацца сілы Геракла і, каб ён не натварыў яшчэ чаго-небудзь, паслаў яго ў горы пасвіць статкі. Там на высокіх горных лугах і ў лесе Геракл правёў некалькі гадоў, жыў як звычайны пастух, працаваў і загартоўваў сваё здароўе.

У дваццаць гадоў ён вярнуўся ў Фівы, гатовы да подзвігаў. Ён прагнуў выпрабаваць свае сілы.

Тым часам у Мікенах, у Аргосе, рос царэвіч Еўрысфей, які нарадзіўся раней за Геракла. Ні прыгажосцю, ні розумам, ні сілаю, ні адвагай ён не вызначаўся. Але паводле слова Зеўса, якое выкрала Гера, ён павінен быў атрымаць уладу над усёй Грэцыяй, уладу, якая прызначалася Гераклу. І сам Геракл павінен быў служыць яму.

Калі Еўрысфею споўнілася дваццаць гадоў, памёр яго бацька, і Еўрысфей стаў царом у Мікенах.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • ...

UR.ANUS - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • support@anus.bid