UR.ANUS
Героі Элады
вернуться

Смирнова Вера Васильевна

Шрифт:

Але ніхто не хацеў паказаць яму дарогу, ніхто не адважваўся ісці разам з ім.

– Леў сам знойдзе цябе, варта табе толькі зайсці ў лес, - гаварылі людзі і з жалем пазіралі на маладога героя - яны не верылі, што ён зможа перамагчы страшнага звера.

Геракл адзін падаўся ў лес. Высокія дрэвы абступілі яго з усіх бакоў і здзіўлена гайдалі вяршалінамі, кусты чапляліся за яго, каб затрымаць, птушкі крычалі, каб напалохаць яго, але ён ішоў уперад і шукаў на зямлі сляды звера.

Ішоў ён нядоўга і раптам пачуў непадалёку глухі рык ільва і пайшоў проста на яго. Леў таксама пачуў ворага і зароў так, што ўвесь лес задрыжаў. Леў зрабіў некалькі скачкоў і апынуўся перад Гераклам. Велічна спыніўся ён насупраць героя, злосна зіркаючы вачыма, б'ючы сябе хвастом па баках і дзіка равучы. Геракл не разгубіўся, хутка падняў лук і пусціў стралу проста ў вока льву. Леў злосна матнуў галавой і лапай змахнуў стралу, нібы саломінку. Потым прысеў, як кот, і скочыў, узняўшы лапу, каб раздушыць смельчака. Геракл ухіліўся і цяжкай дубінкай з усяе сілы стукнуў ільва па калматай галаве. Але дубінка адскочыла, не зрабіўшы нават драпіны льву, і выпала з рук Геракла. Леў зноў паматаў галавой, працягла і моцна пазяхнуў і раптам, нібыта яму ўсё абрыдла, павярнуўся, пабег назад у глыб лесу і знік.

Геракл пайшоў за ім.

Неўзабаве ён убачыў уваход у пячору. Геракл кінуў лук і стрэлы і зайшоў у пячору. Там было цёмна, і Геракл вобмацкам прабіраўся наперад. Раптам леў скочыў яму на грудзі і хацеў разарваць яго, але Геракл схапіў звера аберуч за горла, сціснуў яго шыю, быццам жалезнымі абцугамі, і задушыў.

Леў быў такі вялікі і цяжкі, што Геракл не мог падняць яго.

Тады ён злупіў з ільва шкуру разам з галавою, надзеў яе на сябе і пайшоў у Мікены.

Людзі з крыкам разбягаліся, убачыўшы Геракла з ільвінай галавою на плячах. Сам цар Еўрысфей схаваўся ад яго ў далёкі куток палаца.

– Вось я прынёс цару шкуру Нямейскага льва, - сказаў Геракл.

Але палахлівы Еўрысфей баяўся нават мёртвага льва і не адважыўся зірнуць на яго шкуру.

– Няхай Геракл возьме яе сабе, - загадаў цар.

– Дзякуй, - сказаў Геракл і забраў ільвіную шкуру з сабою.

Ён пачаў насіць яе замест плашча, і яна добра ўкрывала яго, бо ні меч, ні стрэлы не маглі прабіць яе.

Захутаўшыся ў шкуру Нямейскага льва, Геракл падаўся выконваць другі загад цара Еўрысфея.

Другі подзвіг. Геракл знішчае Лярнейскую гідру

Непадалёку ад Аргоса распасціралася вялікае Лярнейскае балота. Чыстая і светлая крынічка выцякала тут з-пад зямлі, ды слабы ручаёк не мог прабіцца да ракі або мора і расцякаўся наўкол у нізіне. Вада застойвалася, зарастала мохам і балотнымі травамі, і вялізная даліна ператварылася ў балота. Яркая зеляніна, што заўсёды ўкрывала балота, вабіла да сябе стомленага падарожніка, але як толькі ён ступаў на зялёны лужок, з сыканнем і свістам выпаўзала з дрыгвы дзевяцігаловая пачвара - гідра. Яна абвівалася сваім змяіным хвастом вакол чалавека, зацягвала ў балота і прагна з'ядала.

Увечары, калі гідра, наеўшыся, засынала, ядавітае дыханне яе дзевяці пашчаў ахутвала туманам балота і атручвала паветра. Той, хто дыхаў гэтым паветрам, занядужваў, доўга хварэў і паміраў. Таму людзі баяліся набліжацца да балота і сяліцца каля гэтай страшнай мясціны.

І вось цар Еўрысфей загадаў Гераклу знішчыць Лярнейскую гідру.

Геракл выправіўся ў Лерну на калясніцы, якой кіраваў яго сябар Іалай. Калі яны даехалі да балота, Геракл пакінуў Іалая з калясніцай каля дарогі, а сам запаліў факел і смела рушыў на балота.

Гідра тым часам была сытая і драмала. Геракл пачаў падпальваць канцы стрэл факелам і пускаць іх у гідру. Расцвяліўшы гідру, ён прымусіў яе выпаўзці з балота. Халодным слізкім хвастом яна абвіла левую нагу Геракла, і ўсе дзевяць галоў засіпелі вакол яго. Геракл шчыльней захутаўся ў ільвіную шкуру, якая надзейна ахоўвала яго і ад звярыных зубоў і змяінага джала, дастаў меч і пачаў сячы адну за адной страшныя галовы гідры.

Але як толькі сцякала з раны чорная кроў, на месцы адсечанай галавы вырасталі дзве другія, яшчэ больш злосныя, яшчэ страшнейшыя. Неўзабаве Геракла акружалі, быццам жывы куст, сіпучыя галовы, і ўсе яны цягнуліся да яго, разяўляючы крывавыя пашчы.

Ён не мог скрануцца з месца - нага яго была ў кальцы змяінага хваста, рука стамілася сячы ўсё новыя і новыя галовы гідры. Раптам ён адчуў боль у левай назе і, нахіліўшыся, убачыў рака, які клюшняй учапіўся ў яго пятку.

Геракл засмяяўся:

– Двое супраць аднаго? Гэта несумленна! Бой няроўны. Цяпер і я маю права паклікаць сябра на падмогу!

І ён паклікаў Іалая, які чакаў яго ля калясніцы.

Геракл аддаў яму факел і загадаў паліць агнём рану, як толькі меч адсячэ галаву гідры. І там, дзе пёк агонь, ужо не вырасталі новыя галовы. Неўзабаве апошняя галава гідры пакацілася ў балота. Але яна не хацела паміраць нават пасля таго, як была адсечана, і, лежачы на траве ў крыві, зыркала злоснымі вачамі і раз'юшана разяўляла пашчу. Гераклу давялося вынесці яе з балота і закапаць у зямлю, каб яна не нарабіла каму шкоды.

У чорнай крыві Лярнейскай гідры Геракл намачыў канцы сваіх стрэл, і яны сталі смяртэльнымі - нішто не магло вылечыць таго, у каго пацэліла такая страла.

Трэці подзвіг. Геракл даганяе Керынейскую лань

Дрывасекі, што збіралі ламачча ў лесе на схілах Аркадскіх гор, убачылі неяк раз прыгажуню лань з залатымі рагамі. Яна стаяла высока на крутой скале і, згледзеўшы людзей, памчалася, нібы віхор, толькі галіны дрэў загайдаліся ды зазвінелі на камянях сярэбраныя капытцы.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • ...

UR.ANUS - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • support@anus.bid