Багданава Галіна
Шрифт:
— Што і даводзіць уся нашая гісторыя. Толькі ў людзей, у адрозненне ад звяроў, ёсць душа. А яна пераадольвае ўсё. І прастору. І час. І не паддаецца ніякайдрэсуры. Рабы, пэўна, усё ж па-свойму могуць быць шчаслівымі, а тыраны — ніколі. Тыраны не толькі чужыя душы, але і сваю засмечваюць страхам і нянавісцю, пазбаўляюць крылаў. А хіба можа чалавек з бяскрылаю душою быць шчаслівым, тварыць свой лёс, радавацца не толькі сваім. Але і чужым удачам? Немагчыма ўсіх і ўсё падначаліць сабе, прымусіць жыць па адзіных правілах. Вунь, нават кола сёння ў мяне сарвалася. Што ж казаць пра звяроў ці тым больш людзей.
— Але ж сям’я — гэта таксама дрэсура...
— Ды што вы... Што вы... Сям’я — гэта дождж, гэта снег, гэта, калі хочаце, той самы магічны крышталь, ці паветраны шарык... іх немагчыма ўтрымаць, імі можна толькі цешыцца. А тыраны... яны заўжды зашпіленыя на ўсе гузікі. Таму ў іх і не бывае шчаслівых сем’яў.
— Мне так шмат хочацца вам сказаць...
— А я, на жаль, ужо дапіла свой бальзам. Я спяшаюся. Даруйце... і дзякуй вам за тое, што злавілі і прынеслі маё самае любімае, ліловае кола... І не трэба мяне праводзіць. Я ж так. А вам яшчэ апранацца...
Алесь усё ж давёў яе да службовага ўвахода, і нават схіліўся, пацалаваў. Паціснуў ейную вытанчаную лёгкую руку... І толькі на парозе кавярні адчуў, што змок, змерз, што яго ўсяго працінаюць дрыжыкі... а на століку — пустая празрыстая чарачка і яшчэ адна — ягоная, з аксамітнаю кропляй бальзаму... Трэба было бегчы. Куды? У цырк? На вакзал?.. Трэба было ўзяць у яе адрас, ці хаця б тэлефон... але дл ягэтага ён мусіў трымаць у руцэ тое бліскучае ліловае кола ці хаця б паветраны шарык...
Святло пераадолення
Адны па жыцці маршыруюць, другія вальсіруюць, трэція — скачуць полечкай. Кацю, цяпер ужо Кацярыну Аляксееўну, і з гадамі яна адчувала гэта ўсё вастрэй і вастрэй, лёс вёў па жыцці ў рытме танга, танца, які кожным рухам даводзіць, што барацьба можа быць насалодаю і святлом. Усё акрэслена, усё вызанчаан. І рэзкі паварот, і імклівыя крокі, строгія, імклівыя крокі, і нават гэты бляск у вачах, гэты пагляд, гэтая ўсмешка... Усё было вызначана яшчэ тады...
На конкурсе ў раённым Доме культуры яны, яшчэ дзесяцікласнікі разам з першым яе партнёрам — канапатым веселуном і вялікім блытанікам Генікам, атрымалі самыя высокія балы менавіта за танга. І разам з кіраўніцаю гуртка бальнага танца, якую ўсе чамусьці звалі Жужаліцай, паехалі на электрычцы ў Мінск, ан абласны, а праз месяц і на рэспубліканскі конкурс. На рэспубліканскім узангародзілі адну яе, Кацю і прапанавалі, сам старшыня журы, сам маэстра Швец прапанаваў ёй тры разы на тыдзень прыязджаць да яго на заняткі ў адну са сталічных студый. І нават патнёра ёй паказалі — высокага, чарнявага і, як ёй адразу падалося, ганарыстага Юрку. Швец шапнуў ёй: “Танцуе, як бог!” А яна зачырванелася, збегла. Генік з Жужаліцай самі забіралі яе касцюм і ўсю дарогу потым яе супакойвалі. А яна плакала, залівалася слязьмі ад крыўды за Геніка. З ім бы яна ездзіла, хоць і да Швеца, а адна... Жужаліца спрабавала пераканаць яе, казала. Што з Кацінымі дадзенымі трэба займацца толькі ў маэстра. Генік толькі ўздыхаў.
Потым Генік пайшоў у армію, Каця паступіла на філфак і паколькі жыць без танцаў ужо не магла, прыйшла ў студыю да маэстра Швеца. І Швец, жвавы, падцягнуты лысаваты дзядок, у якога, пагаворвалі, была зусім юная, дзевятнацацігадовая жоначка, павальсіраваўшы з Кацяй, адразу яе ўспомніў і зноў падвёў да чарнявага Юркі. Гэтым разам Юрка ўсміхаўся. Добразычліва, і нават ласкава. І маэстра ўключыў ім танга. І гэта было першае ў Каціным жыцці сапраўднае танга. Ніхто ніколі так не вёў яе. І яна толькі тады ўпершыню зразумела, чаму танцорам перад конкурсам жадаюць “лёгкага паркету”, яна ўласнымі абцасікамі адчула, што занчыць “лёгкі паркет”, і... закахалася ў Юрку, у ягоныя задумлівыя, блакітныя вочы, густы, зачасаны наверх чуб, у ягоныя моцныя. Умелыя рукі... І ён з тою самаю адкрытаю, крыху паблажлівай усмешкай прыняў яе ўзнёслае, трапяткое “кахаю”...
А калі прывёў яе знаёміцца са сваімі бацькамі, будучая свякроў, жанчына з сапраўды каралеўскаю паставай, адвяла яе ўбок і, уздыхнуўшы, папярэдзіла:
— Мушу цябе перасцерагчы, што і бацька Юркаў гуляў, і Юрка, думаю, таксама будзе гуляць. Так што, глядзі...
— Я кахаю яго...—зачырванелася яна ў адказ і свякроў, махнуўшы рукою, заплакала.
Філфак яна скончыла, але папрацаваць у школе так і не паспела. У іх нарадзілася дачушка, потым сын. Юрка кінуў завод, пайшоў працаваць на фірму. Ім абодвум цяпер было не да танцаў. На сценах, дзецям на памяць, застылі ў рамачках дыпломы, фотаздымкі, на якіх Юрка быў стройным, падцягнутым, з аксамітным гальштукам-матыльком, а яна, Каця, ну проста сняжынка, бязважкая парушынка ў бялюткай празрыстай сукенцы.
Сёння яна сядзела перад адным з гэтых фотаздымкаў і не магла стрымаць слёз. Учора яны з Юркам хадзілі ў госці. І, як заўжды, нехта расказваў анекдоты, нехта спяваў пад гітару. А яна, з нейкім прыхаваным, стоеным пачуццём годнасці, чакала свайго. Іх з Юркам часу. Усе перайшлі ў залу, уключылі музыку... Цяпер Бі-джайв, вальс, і, вядома ж, танга, іх з Юркам, аўтарскае танга. Ён, моцны, упэўнены, то ўладарна набліжаў яе да сябе, то аддаляў, і яна, строга, ганарліва паварочвала, ускідвала галоўку, потым выгіналася, аддавалася яму і музыцы, раставала ў гэтай палкай, жорсткай мелодыі. Ім аплпдзіравалі, крычалі “брава!” і нават падарылі самыя прыгожыя белыя ружы... А потым яны, як у маладосці, да раніцы гулялі па начным, заліхтараным горадзе...