Багданава Галіна
Шрифт:
Я бегла, сама не ведаю, колькі. Куды я бегла ад гэтага ейнага глухога, халоднага рогату...
Дзверы ў Ганчарову майстэрню былі прыадчыненыя. Я зазірнула — на Ганчаровым месцы, за Ганчаровым колам сядзеў ягоны сын і, асветлены першым мутным святлом, выкручваў з рудое, мяккае гліны... здаецца, гарлачык... Ніколі я не бачыла яго такім... прыгожым. У ягоным позірку. У ягоных вачах сапраўды было нешта нябеснае. І як жа пяшчотна краналі, лашчылі гліну ягоныя вялікія змазоленыя рукі, і пальцы дакладна выцягвалі, выводзілі край...
Я рукою захінула запаветныя пацеркі, Змяінага цара... А ён ажыў, выслзнуў, папоўз па майстэрні. І сонечная карона заззяла безліччу дробных бурштынавых пацерак. І я зрабіла рок, я пайшла за ім. Бо гэта было маім самым запаветным, маім самым пякучым жаданнем. Ганчароў сын злякнуўся. Спыніў кола. І, здаецца. Толькі цяпер, толькі зараз нарэшце заўважыў, як мы падобныя. А я звязала ззаду. Каб не заміналі, свае чорныя бліскучыя косы і папрасіла6
— Навучы мяне ганчарыць...
Я яшчэ саромелася, чырванела, але ведала, што ён мне не адмовіць, бо ля маіх ног ласціўся сам Змяіны цар. І праз колькі хвілін я ўжо ў скураным, у Ганчаровым скураным фартуху сядзела за колам. І мой брат, мой каханы, мякка сціскаў, прывучаў да вільготнай, падатнай гліны мае рукі, мае пальцы, маю душу... Ён казаў, ён шаптаў мне на самае вуха і ягоныя сцягнутыя скураным паскам валасы казыталі маю шыю. І гэты гарлач ужо быў не тоькі ягоным, ён быў нашым з ім гарлачом. Я ўстала, і ён сам зрэзаў ніткаю яго з кола і паставіў яго на паліцу, дзе ўжо падсыхала шмат посуду. Гладышы, гаршчочкі, місачкі, спарышы трымцелі ў чаканні прагных, гарачых вогненных пацалункаў, якія там, у печы, падчас абпалу надаюць ім моцы і хараства...
Усе мае рукі былі ў гліне. І я не хацела іх мыць ці нават выціраць.... Гліна ператваралася ў частку мяне, у маё другое я... І я сама ператваралася ў гліну. Ганчароў сын ні пра што ў мяне не пытаўся і я ўжо мала пра што пыталася ў яго. Ён паставіў побач са сваім яшчэ адно кола. І цяпер мы працавалі разам. Два разы на дзень ён хадзіў дамоў карміць сваю хворую маці, якая пасля Ганчаровай смерці страціла ўсякую цікавасць да жыцця, пачала забывацца, слабець, а апошнім часам увогуле перастала падымацца з ложка. Увечары мы разам спяшаліся падаіць кожны сваю карову.
За сценамі ганчарні нас з ім чакала звыклае, сумнае, нуднае жыццё. А тут мы закасвалі рукавы, перацягвалі валасы скуранымі раменьчыкамі, я завязвала і закідвала назад косы. Мы садзіліся ў сваіх выпацканых глінаю фартухах кожны за сваё кола, бралі па важкаму кавалку мяккай, падатнай гліны і забываліся на ўсё на свеце... Мы былі шчаслівыя, мы маглі тварыць тое, чаго прасіла душа. Я сама выкруціла для змяінага цара вялікі прыгожы сподачак, замест таго, першага, які маці разбіла ў прыступе шаленства...
Змяіны цар часта прыпаўзаў дя мяне ў майстэрню і ласціўся, цалаваў мае босыя ногі...
Ганчароў сын, апантаны працаю, не звяртаў на яго ўвагі. Ён аздабляў свой посуд ланцужкамі ромбікаў ці кропачак. Я ўплятала ў свае ланцужкі карону. Бурштынавую карону Змяінага цара.
Недзе ў глыбіні душы я адчувала, я разумела, што ніколі, ні з кім не спазнаю я большага шчасця. Тая мая, нашая са Змяіным царом ноч не давала мне спакою.
— Я ніколі табе пра гэта не казаў. Але, мне здаецца, мы з табою вельмі падобныя... Ну проста, як брат і сястра... Толькі валасы ў цябе чорныя...
— Гэта мая жалоба па былых і будучых маіх грахах...
— Ты шмат грашыла?
Няхай гэтае ягонае кволае. Ледзь чутнае пытанне застанецца без адказу... Куды і навошта пайшла я сёння з Ганчаровым сынам? Хутка восень, і хмарны паўзмрок ужо ахутаў усё наўкола... Мне цяжка дыхаць, у грудзях пячэ нясцерпна... Я забылася, і ён сам развязаў мае косы і адшукаў, не, гэта я адшукала ягоныя ўпартыя, жывыя, мае вусны... У роснай халоднай траве, у гурбе ліпкай апалай лістоты, мы, няўмелыя, спрабавалі адагрэць, запаліць адно аднаго і зямлю... Бурштынам налівалася трывожная поўня... Каровы засталіся нядоенымі. Змяіны цар без малака... аўзрыд рагаталі, смяяліся. Ціха плакалі нашыя маткі... І я памірала ў ягоных моцных, прагных абдымках, абдымках Змяінага цара...
Той ноччу ў высокай траве, у гурбе лісця за майстэрняй я згубіла сваю ахоўную маентку-змеявічок, якую зрабіў перад самаю сваёю пагібеллю мой названы бацька, Каваль... І бурштынавыя пацеркі чамусьці перастаі пахнуць жывіцай. І маланкі яны не выкрэсваюць...
Да самай сваёй смерці я штовечар, падаіўшы карову, налівала ў сподачак сырадою, налівала і ставіла яго ў толькі мне вядомым запаветным куце нашага хлява. Але Змяіны цар болей ніколі не з’яўляўся мне на вочы. Ночы мае сталі пустымі і трывожнымі. Несыходная горыч з’ядала душу...
І толькі калі я прыходзіла ў майстэрню і брала ў рукі мяккую, жывую гліну...
... Навальніца скончылася. Мой саламяны павук прагна ловць крыштальныя сонечныя промні. Пад яблыняй ізноў оўна ападкаў. Белы наліў. А ля веснічак стаіць, чакае мяне Сымон. Ён кліча мяне і кладзе мне на далонь манетку. І я ўжо ведаю, што з аднаго боку на ёй выява Божай Маці, а з другога—сонечным крыжам, сонечным колам выгінаюцца вакол каранаванае галавы змяіныя хвасты... Змяіны цар выходзіць на паляванне...