UR.ANUS
Сакрамэнта
вернуться

Багданава Галіна

Шрифт:

— Дзівак ты, Каваль, — яна горка пасміхнулася, — Можа, яна зусім і не твая дачка.

— Маўчы! — зароў, глуха, бездапаможна зароў і затрос барадою бацька.

Але маці не хацела, яна ўжо не магла маўчаць...

— Не твая, не твая яна дачка. Ганчарова. Я пайшла за цябе ўжо цяжолая. І не любіла цябе ніколі. Не любіла, і дзяцей не хацела, баялася мець ад цябе дзяцей... Брыдкі ты мне, брыдкі... Я, каб не зацяжарыць, траўку піла... Траўку... Як бабулечка мая мяне навучыла... Чужы, чужы, брыдкі ты мне чалавек...

Яна стаяла і з пагардаю пазірала яму проста ў вочы. А Каваль, ягоная шыя, твар, вочы наліваліся крывёю...

— Маўчы! — ён прыўстаў, запырскаў слінаю.

— Маўчы! — і ягоная рука ўжо намацала сякеру.

Усхапіў, замахнуўся на маму вострым, да бляску адточаным лязом.

А мама з нейкім вар’яцкім адчаем схапіла са стала нож, што ляжаў на ручніку побач з толькі распачатым боханам хлеба і цыбулінай, і рэзанула ім самой сабе па далоні...

Ускінутая сякера быццам прырасла да бацькавай рукі...

А мама ўжо выскачыла на двор.

— Людцы! Людцы! Ратуйце! Ён засячэ мяне! Засячэ! — крычала яна і пырскала ва ўсе бакі крывёю...

Людзі, хто даіў карову, хто вячэраў, ці збіраўся вячэраць, кінуліся да Кавалёва двара. Першымі падбеглі Кавалёвы памочнікі — два браты, што жывуць праз вуліцу...

— Дык вось навошта ён сёння вастрыў сваю сякеру, — заківаў галавою адзін з бацькавых памочнікаў, Мечаны, той, у каторага на шчацэ вялізная родзімка.

— Казаў, што ўвечары мусіць зрабіць важную справу, - падтакнуў яму ягоны брат, такі ж бялявы і таўстагубы, якога ўсе звалі Тугадумам.

— Гэта ён забіць, забіць яе хацеў, — шапталі адна адной жанчыны, якія колам абступілі маму.

Нехта з дзецюкоў выламіў з плота кол... Усіх іх літаральна захлынула нянавісць. Я ведала, ведала, што на вёсцы шмат хто зайздросціў майму названаму бацьку. За тое, што рукі ў яго залатыя, што нават каня так, як ён ніхто не падкуе, за тое, што ўмее і любіцьрабіць, і багацце, здаецца, само ідзе ў ягоную, у нашую хату... Нават таму, што дзеці ў іх з мамаю не родзяцца, зайздросцілі — усё меней едакоў. Болей за ўсіх жа раз’ядала зайздрасць ягоных памочнікаў — Мечанага з Тугадумам. І бацька ўжо дзвюма рукамі ўзяў, ускінуў сякеру:

— Засяку! Усіх засяку! — цяпер ужо ўголас, страшным рэхам зароў ён.

І я пабегла, з усяе сілы гародамі пабегла на ягоны голас... Уздоўж паркану... уздоўж бясконцай глухой клеткі з мёртвых сухіх дрэваў. Каб я тады збочыла, пераскочыла і праз чый двор выбегла на вуліцу, каб бегла не гародамі, вуліцай, каб не цягнула, высыпала тыя суніцы, выкінула кошык... Яб магла паспець. Я б, можа, яшчэ ўратавала яго...

Ён ляжаў акрываўлены на парозе нашае хаты і хрыпеў, пырскаў крывёю. А парадзелае, няроўнае паўкола вінавата расцякалася па вёсцы. І калы падалі ў пыл, на траву, абы-дзе, выпадалі, як з’едзеныя старэчыя зубы...

Я ледзь расшчапіла ягоныя знямелыя пальцы, ледзь вырвала і адкінула ўбок сякеру. Навошта ж, навошта я пайшла сёння ў тыя суніцы. Я не ведаю, што рабіць, даю яму ягаду, а ён плюецца, плюецца крывёю. І я не магу знайсці вядра, каб схадзіць па ваду...

Мама прайшла, прайшла ля нас, бы паўз нас, калі ўжо змерклася, і проста над нашаю хатай завісла крывавая поўня... я так і заснула на ягоных, яшчэ цёплых грудзях. Ён дыхаў, і я баялася згубіць, назаўжды страціць ягонае дыханне. А мама ўсю ноч блукала, ахінуўшыся сваімі даўгімі, расплеценымі. Зблытанымі валасамі. Гэта была першая ноч ейнага блукання.

На досвітку яна вярнулася зусім голая, і я пайшла ў хату, вынесці ёй сарочку. Сорамна ж перад людзьмі. І згубіла, страціла бацькава дыханне. Ён ляжаў нерухома. А яна стаяла перад ім наўколенцах, аблізвала сякеру, якую я ўчора ледзь вырвала з ягоных рук, і рагатала, рагатала...

Яго закапалі побач з Ганчаром. І цяпер я прыходжу адразу на дзве магілы. На адной стаіць, урастае ў жвір слязніца, на другой з’явілася раптам гэтая раптоўна заіржавелая з кроплямі крыві сякера. Мама, як толькі спее, наліваецца на небе крамяная поўня, незаўважна выслізвае з хаты, уцякае ў ноч і блукае, блукае... Я баюся ісці за ёю ўслед, бо, хто ведае, што можа яна са мною зрабіць, бо яна ж не пазанае, у гэтыя ночы яна не пазнае нікога, нават, здаецца, самую сябе...

Сякера, як і нож, зніклі, быццам сыйшлі з хаты ўслед за бацькам. А , можа, гэта мама прынесла сюды гэтую сякеру? Але ж, што яна з ёю рабіла, што трэба было з ёю рабіць, каб яе літаральна з’ядала іржа?! А вось тут н іржа, тут кроў... Ліпкая, жывая. Чыя гэта кроў? Вы не ведаеце?

З-за лесу выплывае поўня. І я ведаю. Я адчуваю, што з хвіліны на хвіліну тут можа з’явіцца мама. Чуеце? Гэта ейны надрыўны шалёны рогат. Цяпер нам ніхто не зайздросціць. Усе шкадуюць, спачуваюць. Прыносяць, хто малако, хто сала... А бацькаў памочнік, той самы, з родзімкай, Мечаны, анват пасватаўся да мяне. Яны з братам цяпер гаспадараць у бацькавай кузні. А людзі, калі ёсць час, нават падкаваць каня едуць у суседнюю вёску...

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • ...

UR.ANUS - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • support@anus.bid