Багданава Галіна
Шрифт:
Чалавек з вачыма здзічэлага сабакі... Яна, Марына, яшчэ не сустракалася з ім. Толькі фотаздымкі... Лысенькі бяззубы галышок. Сцяганосец у піянерскім лагеры. Сярод дзяўчат на першай і цяпер, пасля ўсяго, што адбылося, пэўна ж апошняй сваёй студэнцкай бульбе. Не. Ён там зусім не падобны на хворага, здзічэлага вылюдка.
Яна зноў, ужо каторы раз супастаўляла раскіданыя па розных блакнотах факты, спрабавала дакладна аднавіць у памяці дыктафоныыя запісы. Бацькі, настаўнікі, аднакласнікі, сябры... Пайшлі ў рэстаран адзначыць пачатак заняткаў. Выпілі. Шампанскае, гарэлка. Патанцавалі. Ён, Сяргей Б., увесь час з адною і тою ж, нікому не знаёмаю дзяўчынай. Пайшоў правесці. І не дзе-небудзь на зацішнай пустцы, а пад ліхтаром, ля самага ейнага дома, у двары накінуўся на яе і скусаў да крыві, загрыз... як сабака.
Ізноў гэтае слова. Цяпер ужо ў зале суда. Сабака...
— У яго быў любімы сабака...—глытаючы слёзы, вымаўляе Сяргеева маці. — Аўчарка... Крэг... Мы яго падарылі Сяргейку на паўналецце. Сяргейка так яго любіў. Яны з ім жылі, ну проста душа ў душу. А потым... Яго забілі. Летась, у жніўні, ён толькі здаў уступныя экзамены. І вось... Проста на ягоных вачах... Забілі... Як ён перажываў! Некалькі дзён нічога не еў. А потым... Яго быццам падмянілі. Раней жа такі ўсмешлівы, гаваркі быў... Музыку слухаў. А пасля таго... Усё маўчыць і маўчыць. А па вечарах у адзін і той ж ачас знікае... Я аднойчы не вытрывала, пайшла ўслед. Ён па вечарах на тое месца хадзіў. Дзе Крэга забілі. Потым на бульбу паехаў. Захварэў. Нейкі вірус. Дадому адправілі. А ён вярнуўся і зноў тое самае. Штовечар. Даруйце, мне здаецца, што ў яго пасля таго нават колер вачэй змяніўся...
— Даруйце, а дзе, на якім месцы забілі гэтага Крэга? — перабіў яе нехта з суддзяў.
— На тым самым. Ля таго самага дома, — ледзь вымавіла маці.
І ў гэты самы момант Сяргей падняў вочы. Марына злякнулася. Ёй не падалося. Гэта былі налітыя крывёю не чалавечыя, звярыныя вочы...
Няўжо ўсё так проста? Жыў з сабакам душа ў душу... І калі таго забілі, ягоная душа перасялілася ў ... Сяргея? Вось чаму змяніліся ягоныя вочы. Вось чаму...
— Хто можа расказаць пра гэты выпадак больш падрабязна?
Маці было зусім блага, і на яе месца выйшаў нехта з Сяргеевых сяброў.
— Маці тут казала... Сяргей ставіўся да свайго Крэга, ну... як да чалавека, ці што... Ён не любіў вадзіць яго на павадку. А тут... Выйшлі яны пагуляць... А насустрач жанчына з каляскаю... І Крэг не то забрахаў, не то проста кінуўся да таго дзіцяці... Ну і жанчына... У яе была сумка з бутэлькамі... Малако, кефірчык... Дык яна яго сумкаю па галаве... З усяе сілы... Пакуль Сяргей дабег... Крэг ужо...
— Дык вось ты хто?! — ускочыў з задняга рада чалавек у скуранцы. — Ты мне не толькі сястру... Дык гэта ты, ты мне дзіця, майго адзінага сына заікам зрабіў?!
Зала замерла, чакаючы працягу. Але мужчына збялеў і, бяссільна сціснуўшы кулакі, выйшаў у калідор. Марына заўважыла: ён праз нейкі час вярнуўся, пануры і абыякавы, сеў на сваё старое месца, і, здавалася, баронячыся ад балючых для яго словаў, заціснуў вушы рукамі. Каб не чуць. Не чуць...
— Вы ж бачыце, што цяпер робіцца ў свеце! — палка наступаў на сваіх уяўных апанентаў адвакат. — Усюды льецца кроў. Вайна. Жорсткасць. І па тэлевізары толькі секс і рок. А гэта абуджае ў нашай падсвядомасці страшныя, звярыныя інстынкты. Маладыя людзі, нашыя з вамі дзеці, асабліва безабаронныя перад наступам жорсткасці. Вось і Сяргей... Вы ж на свае вушы чулі: маці кажа, ён быў добры, чуллівы, жывёл любіў... І гэты сабака... Ягоны любы Крэг... Ён яго, пэўна, калі той быў шчанючком, паіў з соскі, потым дрэсіраваў, вучыў, можа, нават марыў удзельнічаць у спаборніцтвах... Ды яны зжыліся, як самыя лепшыя сябры... Як браты родныя... Што б вы адчулі, каб забілі вашага роднага брата? Ды і кожны з нас... Хіба кожны з нас не любіў у дзяцінстве да самазабыцця каго-небудзь са звяроў ці птушак? Яны задаваліся такімі безабароннымі... Успомніце, Белы Бім Чорнае Вуха ці...
Адвакат пракаўтнуў паветра і пацягнуўся да шклянкі з вадою. У роце перасохла. А Марына, якая сядзела так, што добра бачыла практычна ўсю залу, раптам заўважыла... Сталася неверагоднае. Ды не, яна шчэ не магла сказаць, што ўсе ператварыліся ў звяроў і птушак. Гэта былі яшчэ людзі. Але рухі, міміка, жэсты... Вунь рэзка нахінуліся адна да адной, ледзь не труцца насамі дзве фарбаваныя балонкі — рудая і попельна-шэрая. Вунь абапёрся на пярэдняе крэсла і, звесіўшы не то валасы, не то зарослыя поўсцю вушы, дрэмле смалісты тэр’ер... Суддзя ўвесь наструніўся, натапырыўся, як... верабей. Выцягнула сваю лісіную пыску пракурор... А сам адвакат... Грызе аловак, шукае, дзе спыніўся... У яго ж рот, і пярэднія зубы... Як у старога выхвалякі-зайца з нейкае дзіцячае кніжкі...
— Вось я і сам памятаю, — нарэшце загаварыў ён, — калі мой бацька прынёс мне аднойчы з палявання зайчанё...
— Я пратэстую! — усхапілася пракурор- Лісіца. — Гэта не па тэме!
Марына міжволі азірнулася. Той, у скуранцы, усё сядзеў, бяссільна панурыўшы галаву. І было ў ім нешта настолькі жаллівае... Ну проста Белы Бім Чорнае Вуха... Марына перавяла позірк на Сяргея. Той зноў падняў свае застылыя, шкляныя вочы і раптам... завыў. Як сабака. Цяпер Марына пэўна ведала: ён вые, як ягоны любімы Крэг...
* * *
Кожны мае права на апошняе жаданне. Хтосьці прагне спаткання з маці, хтосьці са святаром. Сяргей Б. Папрасіў, каб яму прынеслі магнітафон з любімымі запісамі. І ўвесь дзень выгінаўся, закочваў вочы і ледзь не да пены ў роце выгукваў нейкія незразумелыя словы. Метал у горле. Сабачы рык. Цяжкі рок... Вось у вясёлкавым ззянні праходзіць па вуліцах супермен, закаваны ў жалезны панцыр усмешлівы робат. Ён ідзе і ломіць усё наўкола. У хмарачосаў падгінаюцца калені.
Нарэшце Сяргея працяла сутарга экстазу...