Багданава Галіна
Шрифт:
* * *
Дамоў Марына, як заўжды, вярталася пад вечар. Ліхтароў, пэўна, дзеля эканоміі не палілі. Толькі налітая жоўцю поўня. Ля кулінарыі. Як заўжды, цікавала зграя здзічэлых сабак. Марына зайшла. Давалі мяса. Ялавічыну. Выстаяла чаргу. Узважыла. А паперы загарнуць няма. Браць у рукі? Пакуль вагалася, ззаду пацягнуў свае зарослыя поўсцю кіпцюрастыя лапы воўк. За ёю ў чарзе стаяў самы сапраўдны воўк. Ён кінуў грошы, ухапіў крывавае мяса зубамі — і на вуліцу...
Там у жоўна-блакітным месячным святле скачуць з сумкамі ў зубах вавёркі. Ад магазіна да магазіна...
Каля кааператыўнаг акіёска тоўпіліся зайцы ў рудых скуранках. Між іх з фарбаванымі пазногцямі — рысь. Марына зайшла ў прамтавары — купіць мыла. І ўжо ля самае касы мядзьведзь, што стаяў наперадзе, разявіў пашчу ды як зараве...
Роспач
Гэты даўні ўспамін спадарожнічаў ёй з самага маленства. Як жаданы сон. Як мроя. Як яе ўласны правобраз зямнога раю. Колькі разоў, калі клалася спаць, Алена Карніцкая заклікала яго, той вечар, тую ноч, тую музыку...
Месяц яшчэ не выплыў і ў цемры жылі толькі гукі... Хрумкае, точыць хату шашаль. Цікаюць за сцяною ля печы ходзікі. А яна ляжыць у ложку пры вакне і слухае. Вось рыпнулі палавіцы, шафа. Гэта дзед. Зараз над фіранкамі трывожным пытальнікам завісне месяц і ён зайграе...
Скрыпка імкліва ўздыхнула і аддалася... І смычок вывеў з ейных прагных, нацятых у чаканні жаданага дотыку струнаў адну-адзіную, самую высокую ноту... І гэтая нота стала сцяжынкаю ў рай, у мелодыю, поўную чакання, тугі, невыказнае пяшчоты і ласкі...
І столь растаал. І яна ўбачыла неба, затканае безліччу зорак, якія падміргвалі, гаманілі, клікалі, узносілі яе да нябёсаў... У той глыбіні, у той вышыні не было болю, тугі, роспачы. Там панавала месячная, сонечная светласць...
— Інтэлігентнага чалавека заўжды выдаюць рукі, — па сваёй настаўніцкай звычцы не раз, і не два, шмат разоў паўтараў ёй дзед, ейны адзіны, любы дзед Ларывон, — Рукі... Рухомыя, імклівыя, лёгкія... Яны — знак вечнае, несыходнае прагі пазнання, вечна епрагі дасканаласці. Кім бы ні быў чалавек, дзе б ні жыў, дзе б ні працаваў, колькі б яму ні было гадоў, ніхто ніколі не зможа спыніць яго на гэтым шляху...
У дзеда Ларывона былі шурпатыя, змазоленыя, але сапраўды вельмі лёгкія, інтэлігентныя рукі... Як хацелася б зараз прыпасці да іх, пацалаваць, вярнуць тую музыку...
Дзед Ларывон настаўнічаў яшчэ да вайны. Вёў літаратуру і спевы, а потым усіх, хто хацеў, вучыў іграць на скрыпачцы. А яшчэ ён марыў. Марыў пра той час, калі ягоную скрыпачку і ягоны смычок возьме ў рукі сын, Сымонка, якому ў 41-ым якраз ішоў пяты гадок. Гэтая ягоная мара, гэтая ягоная светлая мроя трымал аяго, ратавала і калі ў першыя ж дні трапіў у акружэнне, а потым у нямецкі палон, ратавала і ў нямецкім, і ў савецкім лагеры... Ратавала ў гнойную, смярдзючую спёку, і ў слотнае восеньскае разводдзе, і ў скрушны, пякучы мароз... Ён марыў пра тое, як будзе вучыць Сымонку іграць нават тады, калі зразумеў, што адмарозіў сабе пальцы... “Тое, што я ўжо не сыграю, сыграе мой сын... Мой Сымонка... Як яны там з Маняй? Гаруюць...”, — думаў ён і зноў марыў...
Маня не прадала, схавала ад немцаў, зберагла ягоную скрыпку ў высланым пунсовым аксамітам футарале... А Сымонку... Сымонкавы пальчыкі не зберагла... У яе быў урок... Апошні ўрок апошняй чвэрці першай мірнай вясны. І ўсміхаліся, увабраныя шчодраю квеценню сады... Яна адпусціла Сымонку, і ён збег з суседскімі хлапчукамі да рэчкі. Там у сваёй, толькі ім вядомай хованцы яны раскруцілі знойдзеную недзе ў полі, пакінутую, падораную ім вайною страшную, д’ябальскую цацку...
Бабахнула так, што не пачулі нават як яны крычалі. Суседскіх хлапчукоў — насмерць. А ў Сымонкі не стала пальчыкаў. Трох на левай і аднаго на правай руцэ. Ён так і не навучыўся прыгожа пісаць.
Маня не перажыла. Дачакалася свайго Ларывона і згасла. А Сымон, хоць і выўчыўся на электрыка, і жаніўся, і дачка ў яго нарадзілася, яна, Алена нарадзілася, так і не змог знайсці сабе месца... Усё некуды рваўся, ляцеў. Ці то прыгнятала яго віна перад суседкаю: яе ж сыночкі загінулі, а ён вось жывы... Ці то перад бацькам, які пісаў яму: “Прыеду, навучу іграць на скрыпачцы”... А можа гэта была ўсё тая ж невыказная прага пазнання, прага дасканаласці? Завербаваўся, з’ехаў разам з жонкаю на Сахалін. А малую Аленку кінулі з дзедам.
Алена памятала іх вельмі цьмяна. І маму, і бацьку. І фотакарткі засталіся такія ж пажоўклыя, цьмяныя, з абадранымі (ці гэта мышы іх абгрызлі?) краямі. Вось бацька, у пінжаку і чобатах, сядзіць ля плота, схрысціўшы на грудзях рукі, так, што пальцаў зусім не відаць. А побач мама, яшчэ з касою, у стракатай квяцістай сукенцы і чорненькіх туфліках на абцасах. У яе рукі вольныя, прыгожыя... Яны прыязджалі з Сахаліна. Прывезлі цэлы слоік чырвонай ікры і кляшню краба...
А потым у Аленкі застаўся толькі дзед Ларывон і ягоная музыка. Ён перажываў, пакутаваў з-за таго, што не можа іграць так, як іграў да вайны. Адмарожаныя пальцы не слухаліся, ледзь даганялі мелодыю. І ён браў скрыпку толькі па начах, калі, як яму здавалася, ніхто яго не чуе. І хоць Аленка яго прасіла, так і не навучыў яе іграць...